Польскія ўлады плануюць узмацніць правілы пакарання за незаконнае перасячэнне чыгуначных пераездаў — гэта рэакцыя на аварыю ў вёсцы Сакальнікі Сухэ (поль. Sokolniki Suche) у Мазовіі, дзе грузавік сутыкнуўся з цягніком, у выніку чаго загінула адна асоба, а 20 былі параненыя.
Прэм'ер, відавочна, страціў цярпенне ў адносінах да кіроўцаў, якія заязджаюць пад шлагбаумы, што апускаюцца.
— Мы павінны неадкладна пачаць працу па ўзмацненні правілаў — рэзкім узмацненні, — заявіў Дональд Туск.
Міністэрства інфраструктуры працуе над заканадаўчым павелічэннем штрафаў за парушэнне правілаў на чыгуначных пераездах.
Ведамства, сярод іншага, хоча ўвесці абавязковае пазбаўленне волі кіроўцаў, якія ігнаруюць папераджальныя сігналы і становяцца прычынай аварыі з удзелам цягніка.
— На жаль, мы маем справу з серыяй аварый на чыгуначных пераездах, і мы павінны рашуча рэагаваць, — паясніў міністр інфраструктуры Дарыюш Клімчак (Dariusz Klimczak). — Мы хочам, каб новыя правілы ўступілі ў сілу як мага хутчэй. Прэмʼер чакае, што мы прадставім новыя рашэнні на наступным пасяджэнні Савета міністраў, то бок у наступны аўторак. Заўтра я буду тэрмінова кансультавацца з міністрам юстыцыі наконт паправак у Крымінальны кодэкс. Мэта адна — пакаранне павінна быць жорсткім і прымушаць задумацца. Яно павінна быць настолькі эфектыўным, каб ніхто не вырашыў пераехаць на чырвоным святле, калі шлагбаум зачынены, — кажа Дарыюш Клімчак.
Міністр інфраструктуры абвясціў, сярод іншага, аб увядзенні абавязковых пакаранняў у выглядзе пазбаўлення волі за прычыненне аварыі на чыгуначным пераездзе.
— Калі кіроўца праедзе на чырвоным святле і спрычыніцца да ДТЗ, то пазбаўленне волі будзе непазбежнае. Суровыя пакаранні прадугледжаны і за іншыя парушэнні. У цяперашні час суд не мае абавязку прызначаць пазбаўлення волі. Мы хочам, каб кіроўцы, якія парушаюць такія правілы і прычыняюцца да ДТЗ, сутыкнуліся з непазбежным пазбаўленнем волі, — кажа міністр.
Кіраўнік Міністэрства інфраструктуры адзначыў, што маштаб парушэнняў на чыгуначных пераездах у Польшчы, на жаль, вельмі вялікі.
— За гэты тэрмін паўнамоцтваў мы ўвялі новыя сістэмы Red Light, якія аўтаматычна фіксуюць сітуацыю, калі кіроўцы праязджаюць на чырвоным святле на чыгуначных пераездах. Аказваецца, што з пачатку гэтага года кіроўцы ў Польшчы здзейснілі такое парушэнне больш за тры тысячы разоў, і ў нас ёсць дадзеныя толькі з 10 такіх пунктаў. «Рэкардсменам» зʼяўляецца адзін чыгуначны пераезд у Варшаве, дзе з пачатку года была зафіксавана больш за 1 200 такіх інцыдэнтаў, — кажа міністр інфраструктуры.
Чыгуначныя пераезды павінны быць падобныя на скрыжаванні з фотарадарамі, лічыць Лукаш Збаральскі (Łukasz Zboralski) з партала BRD24. Паводле эксперта, павелічэнне штрафаў — недастатковая мера.
— Штрафы ўжо цяпер высокія. Гэта дзве тысячы злотых і 15 штрафных балаў за перасячэнне чыгуначнага пераезда, нягледзячы на чырвонае святло або шлагбаум. Праблема ў выкананні гэтых пакаранняў. Кожны дзень 15-20 кіроўцаў, пераважна прафесійных, якія кіруюць грузавікамі, знішчаюць шлагбаумы, бо заязджаюць на пераезд, калі яны спускаюцца. Гэтых інцыдэнтаў значна больш, таму што яны адбываюцца і на пераездах без шлагбаумаў, то бок там кіроўцы проста ігнаруюць чырвонае святло, — кажа Лукаш Збаральскі.
На думку эксперта, прарывам сталі б правілы, якія аўтаматычна спаганяюць штраф з уладальнікаў транспартных сродкаў за правапарушэнні, учыненыя з іх удзелам. З гэтай мэтай для адсочвання парушальнікаў можна было б выкарыстоўваць камеры відэаназірання.
— У нас больш за 2,5 тысячы камер на польскіх пераездах. Гэта дазваляе нам аўтаматычна караць такіх кіроўцаў і навучаць іх. Няма неабходнасці павялічваць штраф, але трэба старанна выкарыстоўваць яго кожны раз, калі хтосьці здзяйсняе правапарушэнне на чыгуначным пераездзе. Дональд Туск павінен вырашыць гэтае пытанне, то бок дапрацаваць сваю першую папраўку 15-гадовай даўніны. Такая папраўка зараз разглядаецца ўжо другі раз, — кажа Збаральскі.
Эксперты таксама адзначаюць, што прафесійныя кіроўцы грузавікоў становяцца ўсё большай пагрозай для іншых удзельнікаў дарожнага руху. Яны стомленыя, няўважлівыя і не сканцэнтраваны на кіраванні. Яны таксама не ведаюць, як рэагаваць у надзвычайных сітуацыях.
Гэта становіцца сістэмнай праблемай, лічыць чыгуначны эксперт галоўны рэдактар сайта «Z Biegiem Szyn» Караль Трамэр (Karol Trammer).
— Той факт, што кожныя некалькі дзён адбываецца вельмі сурʼёзны інцыдэнт, які зʼяўляецца вынікам нейкай элементарнай памылкі, элементарнага непадтрыманання належных паводзін перад пераездам і на ім, кідае цень на кантроль і падрыхтоўку прафесійных кіроўцаў. У гэтым месяцы ў нас ужо адбылася трэцяя такая сурʼёзная аварыя, сёння самая сурʼёзная з-за сходу цягніка з рэек, — нагадвае Трамэр.
Эксперт больш не верыць у адукацыйныя кампаніі.
— Мы маглі б правесці 15 адукацыйных кампаній. Кампанія «Бяспечны пераезд» праводзіцца ўжо шмат гадоў. Найбольш эфектыўны метад навучання кіроўцаў — пакаранне, напрыклад, калі прафесійны кіроўца ўсведамляе, што, калі ўедзе на пераезд, не спыніўшыся на знаку «стоп» або праігнаруе чырвонае святло, то ён страціць вадзіцельскае пасведчанне і магчымасць зарабляць на жыццё, — лічыць эксперт.
Між тым, машыністы цягнікоў абвясцілі аб агульнанацыянальным пратэсце. У пятніцу (11 верасня) цягнікі будуць запавольваць перад чыгуначнымі пераездамі і пераадольваць іх з бяспечнай хуткасцю 20 кіламетраў у гадзіну.
Гэта рэакцыя чыгуначнага асяроддзя на аварыю ў Сакальніках. Падчас прэс-канферэнцыі перад будынкам Міністэрства інфраструктуры Павел Вуйціцкі(Paweł Wójcicki) з нацыянальнай рады Польскага саюза чыгуначных інжынераў заклікаў чыгуначнікаў з усёй краіны прыняць удзел у пратэсце.
— Я хацеў бы шчыра заклікаць сваіх калег-машыністаў з усяе Польшчы далучыцца да гэтага пратэсту. Мы больш не хочам сітуацыі, калі мы будзем наведваць пахаванні нашых калег-машыністаў і кіраўнікоў цягнікоў. Мы гэтага не хочам. Дастаткова, — нагадаў інструктар.
Прадстаўнікі прафсаюза паведамілі, што толькі ў бягучым годзе на чыгунцы адбылося 130 аварый, таму яны патрабуюць тэрміновых мер па паляпшэнні бяспекі на чыгуначных пераездах.
Нагадваем, раніцай 9 верасня ля вёскі Сакальнікі Сухэ ў Мазовіі бетонамяшалка сутыкнулася з цягніком Intercity «Koziołek» маршрута Люблін — Шчэцін. У цягніку ехала больш за 100 чалавек.
У выніку цягнік сышоў з рэек. Адзін пасажыр загінуў, а 20 іншых былі параненыя. Пераезд абсталяваны святлафорамі. Кіроўца грузавіка заявіў, што выехаў на пераезд, таму што яго асляпіла сонца і ён не бачыў цягніка.
Паводле папярэдніх высноў пракуратуры, кіроўца не праявіў належнай асцярожнасці і стаў вінаватым у ДТЗ. Яму пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
IAR/аз