Беларуская Служба

У Магілёве судзяць за дыслайк

06.02.2020 15:45
Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjne Pixabay

Як піша ПЦ «Вясна», у верасні 2019 г. экс-кандыдат у дэпутаты парламента па Горацкай выбарчай акрузе №82 Андрэй Юркоў паставіў у «Аднакласніках» знак «сумую» на карцінку, дзе параўноўваліся савецкі і нацысцкі рэжымы. Дзякуючы алгарытмам сацсеткі, малюнак патрапіў у асабістую стужку Юркова.

У снежні 2019 года суддзя Дрыбінскага раённага суда Барыс Пігаль прызначыў яму штраф у 10 базавых велічыняў (255 рублёў) за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Пасля таго, як раённы суд аштрафаваў палітыка, ён абскардзіў рашэнне ў Магілёўскі абласны суд. Паседжанне адбылося 6 лютага.

Падчас паседжання Юркоў заявіў, што карцінка, на якую ён адрэагаваў у «Аднакласніках», не ўваходзіць у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў Міністэрства інфармацыі РБ:

У спісе ёсць толькі чырвонае палатно з выявай свастыкі. Відавочна, што палатно не роўна малюнку ў Інтэрнэце, – заявіў Юркоў.

Ён таксама заўважыў, што ў яго ёсць права выказваць уласнае негатыўнае стаўленне да нацысцкай і савецкай сімволікі.

Па словах палітыка, суд першай інстанцыі не правёў экспертызы нібыта экстрэмісцкага матэрыялу ў яго сацыяльнай сетцы. Такім чынам, штраф для палітыка павінен быць адменены.

Суддзя Аляксандр Іванкоў пагадзіўся з довадамі Юркова і адмяніў пастанову суда Дрыбінскага раёна, накіраваўшы справу на новы разгляд.

яс