Беларуская Служба

28.03.1689 г. беларуска-літоўскі і польскі філосаф быў прысуджаны да смерці за атэізм

28.03.2020 09:11
Казіміра Лышчыньскага з Лышчыц спачатку хацелі спаліць. 
Аўдыё
  • 28 сакавіка 1689 году Казімір Лышчынскі беларуска-літоўскі і польскі філосаф быў асуджаны на пакаранне смерцю за атэізм
Казімір Лышчыньскіscreen wikipedia

28 сакавіка 1689 году Казімір Лышчынскі беларуска-літоўскі і польскі філосаф быў асуджаны на пакаранне смерцю за атэізм

Казімір Лышчынскі быў адным з вядомых беларуска-польска-літоўскіх асветнікаў і філосафаў, які нарадзіўся ў Лышчыцах (сучасная Брэская вобласьць), у шляхецкай сям’і ў 1634 годзе. Ён атрымаў на той час даволі добрую адукацыю, вучыўся ў Берасцейскам Езуіцкам калегіуме, Віленскім калегіуме і потым у Кракаўскім Універсітэце.

У 1658 годзе ўступіў у ордэн езуітаў і стаў прарэктарам Берасцейскага езуіцкага калегіума. Але праз некалькі год выйшаў з ордэна, прычыны невядомыя, напэўна глыбокае расчараванне, якое выразілася ў ягонай атэістычнай працы «Пра неіснаванне Бога», якое складала больш за 500 старонак, з якіх засталося толькі 5 фрагментаў.

«Рэлігія была ўсталявана людзьмі неверуючымі, каб іх хвалілі. Вера ў бога ўведзена бязбожнікамі. Вера, якую лічаць святой – гэта выдумка чалавека». Лышчыньскі казаў пра тое, што вера і рэлігія патрэбны для адурманьвання людзей і ўлады над імі.

Разам з гэтым Казімір Лышчынскі служыў у літоўскім войску і браў удзел у войнах з маскавітамі, туркамі і шведамі пад час вялікай вайны якая ішла ў той час. Таксама займаў высокія судовыя і адміністрацыйныя пасады ў ВКЛ.

Па даносу суседа - Яна Бжоскі, які быў вінен Лышчыньскаму 100 тыс. талераў, яго абвінавацілі ў атэізме, арыштавалі і кінулі ў варшаўскую вязніцу. Бжоскі адмыслова выкраў рукапіс Лышчыньскага «De non existentia Dei».

Напачатку Лышчыньскаму нават не далі адваката, са спасылкай на тое, што ён не знойдзе такой асобы, якая б пагадзілася бараніць атэіста. Слуханні распачаліся 25 лютага 1689 году. Трэба зазначыць, што працэс адбываўся ў часы, калі Рэччу Паспалітай кіраваў кароль Ян ІІІ Сабескі, які лічыцца адным з адукаваных і прагрэсіўных каралеў Рэчы Паспалітай, і які нават атрымаў дазвол ад Папы на чытанне «забароненых кніг».

Суд прызнаў Лышчыньскага вінаватым і прыгаварыў да спалення. 28 сакавіка прыгавор быў агучаны, згодна з ім Лышчыньскі павінен быў быць спалены разам са сваёй працай, ягоны маёнтак канфіскаваны, а дом разбураны. Некаторыя біскупы звярнуліся да караля з прашэннем пра замену спалення адсячэннем галавы. Кароль задаволіў гэтае прашэнне.

30 сакавіка на Рынку Старага Гораду ў Варшаве Лышчыньскаму адсеклі галаву, вывезлі за горад ягонае цела і спалілі. Была таксама спалена ягоная кніга. Паводле некаторых сведчанняў Лышчынскі сам спаліў свой рукапіс перад тым, як яму адсеклі галаву, потым, пасля таго, як ягонае цела спалілі, попел паклалі ў гармату і выстралілі ў бок Турцыі.

Павал Усаў