Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Следчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за незаконнае затрыманне амаль паўсотні журналістаў

10.09.2020 11:26
СК Беларусі паведамляе, што «выкладзеная ў звароце інфармацыя па сутнасці носіць абстрактны характар».
СудMasterTux/pixabay.com/CC0 Public Domain

 Следчы камітэт адмовіўся пачынаць справу за незаконнае затрыманне амаль паўсотні журналістаў, паведамляе „Свабода”.   

Нагадваем, 28 жніўня, на наступны дзень пасля масавага затрымання журналістаў у Мінску і Брэсце, Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала старшыні Следчага камітэта заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце перашкоды законнай дзейнасці супрацоўнікаў СМІ.

У дакуменце падрабязна апісваліся абставіны надзвычайнага здарэння, а таксама абгрунтаванне неабходнасці распачаць крымінальную справу паводле прыкметаў артыкулу 198 Крымінальнага кодэксу.

10 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала адказ ад начальніка аддзелу па працы са зваротамі грамадзянаў цэнтральнага апарата Следчага камітэта Беларусі, які паведамляе, што «выкладзеная ў звароце інфармацыя па сутнасці носіць абстрактны характар».

У сувязі з чым, паводле Следчага камітэта падставаў для правядзення праверак і прыняцця рашэнняў у парадку, вызначаным Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, няма.

27 жніўня ў Мінску на плошчы Свабоды, на плошчы Незалежнасці, на праспекце Незалежнасці, а таксама ў Брэсце супрацоўнікамі органаў унутраных спраў былі затрыманыя 47 журналістаў.

Міліцыянты ў адвольным парадку знішчалі зыходныя матэрыялы здымкаў, якія ўяўляюць сабой інтэлектуальную ўласнасць журналістаў і СМІ. Усё гэта суправаджалася пагрозамі пашкоджання прафесійнай тэхнікі журналістаў.

аз