У інтэрв'ю газеце « Berliner Zeitung» намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач крытыкуе будаўніцтва газаправода «Паўночны паток 2», які, на яго думку, «зʼяўляецца палітычным праектам і падтрымлівае парадак дня Расіі». Ён адзначае, што Расія гадамі паводзіць сябе агрэсіўна, асабліва ў адносінах да Усходняй Еўропы.
Ён звяртае ўвагу на нявырашаныя праблемы расійскай акупацыі Крыма і Данбаса, а таксама на ўмяшальніцтва ў Грузію. «Расійская эканоміка заснавана на экспарце вуглевадародаў, нафты і газу. Грошы, якімі плаціць падаткаплацельшчык Германіі за расійскі газ, ідуць непасрэдна ў Маскву і выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах. Мы не павінны дазваляць гэтаму адбывацца», – кажа Пшыдач.
«Паўночны паток 2» можа быць выкарыстаны для шантажу Еўропы», – папярэджвае ён і дадае, што Расія ўжо выкарыстоўвала пастаўкі газу для шантажу Беларусі і Украіны. Ён прызнае, што кантакты Польшчы з Расіяй складаныя, «хоць мы суседзі», і што Польшча да гэтага часу не можа вярнуць абломкі прэзідэнцкага самалёта, які разбіўся ў Смаленску ў 2010 годзе. «Расія не гатовая да дыялогу і праводзіць палітыку здзейсненых фактаў. У пэўнай ступені гэта таксама вынік недастатковай рэакцыі Еўропы на расійскую палітыку, лічыць Пшыдач.
На яго думку, спазненне Еўропы ў адказ на парушэнні правоў чалавека і міжнароднага права дае Расіі свабоду дзеянняў. «Працягнутая рука Еўропы і воля да дыялогу лічацца слабасцю, а не адкрытасцю», – лічыць намеснік міністра.
У сваю чаргу ў выпадку сітуацыі ў Беларусі «еўрапейскае адзінства зʼяўляецца найбольш важным». Пшыдач звяртае ўвагу на заяву польскага прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага, які мае намер прадставіць «эканамічны план свабоднай Беларусі». «Мы хочам падрыхтаваць эканамічную прапанову для свабоднай Беларусі пасля магчымых свабодных выбараў», – сказаў Пшыдач у інтэрвʼю газеце «Berliner Zeitung».
DW/ав