У 2020 годзе памерла на 120 тысяч палякаў, больш чым нарадзілася. Асноўная прычына росту смяротнасці - каранавірус, але ён не з’яўляецца адзінай прычынай змяншэння колькасці насельніцтва. Маладыя полькі ўсё радзей нараджаюць, бо сітуацыя на рынку працы не дазваляе ім браць на сябе такую адказнасць, піша Gazeta Wyborcza. Паводле дадзеных, усяго толькі 5% жыхароў Польшчы не хоча мець дзяцей. Астатнім не дазваляюць на гэта матэрыяльныя ўмовы. Кожная трэцяя полька да 29 гадоў не мае сталых заробкаў. Сярод астатніх шмат працуе на часовых кантрактах, якія заключаюцца штомесяц або могуць быць ануляваныя ў любы момант. Гэта абазначае, што ў выпадку цяжарнасці ў жанчын не будзе даходаў.
Момант, у якім жанчына можа разлічваць на стабільную зарплату, прыпадае на 30-39 год, а тады ўжо часу на дзяцей застаецца няшмат. Паводле адмыслоўцаў, менавіта адсутнасць стабільнай працы перашкаджае прыняць рашэнне аб павелічэнні сям’і. Перашкодамі з’яўляюцца таксама пытанне аб тым, хто зможа заняцца дзіцём пасля вяртання на працу, даступнасць дашкольных устаноў і кошт апекі над дзіцём, які часта перавышае фінансавыя магчымасці бацькоў.
Акрамя таго, 66% польскіх гмін не мае ясляў, што абазначае прымус сядзець з дзіцём да трох годоў. Чарговай праблемай з’яўляецца тое, што ажно 45% палякаў да 34 гадоў жыве з бацькамі, што перашкаджае мець сваіх дзяцей. На рынку нехапае мільёнаў кватэраў, а да паўтара мільёна пар не можа мець дзяцей з прычыны бясплоддзя. Пераадолець гэты крызіс, магчыма, удасца толькі прымаючы комплексныя рашэнні ўва ўсіх напрамках.
Gazeta Wyborcza/аев