Беларуская Служба

У Польшчы можна купіць каляндар «Дэкальтэ для Беларусі» (#dekoltdlabiałorusi)

05.10.2021 15:02
У календары апублікаваныя здымкі вядомых у Польшчы жанчын ў часткова распранутым выглядзе.
Аўдыё
  • Каляндар "Дэкальтэ для Беларусі"
Zdj. ilustracyjne
Zdj. ilustracyjneShutterstock

У Польшчы можна купіць каляндар пад назваю «Дэкальтэ для Беларусі» (#dekoltdlabiałorusi). У ім апублікаваныя здымкі вядомых у Польшчы жанчын з аголенымі грудзямі. Мадэлі трымаюць таксама на руках катоў, якія лічацца самай фотагенічнай жывёлай. Таксама ў календары змешчаны спіс палітвязняў у Беларусі.

Аўтары выдання мяркуюць, што такая форма падачы інфармацыі прыцягне ўвагу да сітуацыю ў Беларусі вялікай колькасці людзей. Ініцыятарка стварэння календара Яна Шостак кажа, што мала хто звяртаў увагу на яе акцыю «Крык для Беларусі», яе заўважылі толькі тады, калі апранула сукенку без бюстгальтара. Таму яна вырашыла выкарыстаць гэтае месца на целе, каб прыцягнуць увагу да праблем Беларусі.

- Польскі інтэрнэт звярнуў больш увагі не на саму акцыю, а на тое, што ў мяне не было станіка. Я падумала: добра, калі вас больш прыцягвае дэкальтэ, чым хвіліна крыку, тады я напішу там навіну, якая зноў прыцягне ўвагу да Беларусі. І напісала «56%» – столькі драўніны далей трапляе з Беларусі ў Польшчу, нягледзячы на заявы, што неабходна абмежаваць супрацоўніцтва з беларускім рэжымам. Наступны крок – я напісала на целе назвы 12 міжнародных фірмаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам. Пазней я сустрэлася са знаёмымі мастачкамі, мы думалі, што зрабіць, каб прыцягнуць увагу да беларускіх палітвязняў. І такім нелагічным чынам мы дайшлі да высновы, што калі вас больш прыцягвае дэкальтэ, дык мы зробім з гэтага каляндар. Па ідэі ён павінен быў быць на столькі дзён, колькі палітвязняў у Беларусі. У календары ёсць спіс палітвязняў, якія прысуды яны атрымалі і паводле якіх артыкулаў.

У календары надрукаваны спіс палітычных вязняў у Беларусі, які з кожным днём павялічваецца. Паводле ідэі, каляндар павінен быў быць на палову году, столькі прыкладна было палітвязняў у пераліку: адзін чалавек – адзін дзень, аднак цяпер палітычных зняволеных ужо больш за 700 чалавек, хопіць на больш чым два гады. Усе сродкі, сабраныя ад продажу выдання, будуць прызначаныя на дапамогу сем’ям беларускіх палітвязняў.

- Мэта – сабраць як мага больш сродкаў, каб падзяліць іх пазней паміж усімі сем’ямі палітвязняў. Канешне, ёсць людзі, якім не патрэбная фінансавая падтрымка, але ёсць і такія, хто саромеецца прасіць, хаця не мае сродкаў на існаванне. Напрыклад, калі ў турме сядзіць мужчына, які адзін працаваў і карміў сям’ю, то жонка з трыма дзецьмі застаецца без нічога.

Распавяла нам артыстка Яна Шостак, ініцыятарка і адна з мадэляў календара «Дэкальтэ для Беларусі».

нг