Што прынясе будучы год краінам, якія адыгрываюць значную ролю ў замежнай палітыцы Польшчы? – спрабуе прадбачыць Міхал Кокат (Michał Kokot) у выданні Gazeta Wyborcza.
Венгрыя – краіна падобная да Польшчы палітычным ладам і пазіцыямі ў ЕЗ
Уся Еўропа будзе сачыць за парламенцкімі выбарамі, прызначанымі на вясну 2022 года. Упершыню з 2010 года венгерская апазіцыя мае рэальныя шанцы ўзяць уладу ў краіне.
Дапусцім, апазіцыя выйграе выбары. Пачнуцца рэвалюцыйныя змены ў Венгрыі. Апазіцыя будзе адклікаць людзей Орбана з ключавых пасадаў у пракуратуры, Савеце па СМІ, Цэнтральным банку і іншых установах да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў. Пачнецца расследаванне гіганцкай карупцыі. Апазіцыя раскрые яе маштабы сярод ключавых палітыкаў і разбярэцца з Орбанам.
Або на вясновых выбарах пераможа «Фідэс» Орбана і нічога ў Венгрыі не зменіцца.
Германія – галоўны крытык Польшчы ў ЕЗ
Сур'ёзным выпрабаваннем для ўрада Олафа Шольца стане барацьба з пандэміяй. Міністр аховы здароўя Карл Лаўтэрбах цвёрды прыхільнік прынцыпу, згодна з якім доступ да паслуг і грамадскіх месцаў будзе прадастаўляцца толькі прышчэпленым і рэканвалесцэнтам. «Маршы свабоды» і надалей будуць ладзіць ультраправыя і антываксеры.
У знешняй палітыцы Германія будзе прытрымлівацца трансатлантычнай і праеўрапейскай палітыкі Меркель. Ключавым выпрабаваннем стане сутыкненне з Уладзімірам Пуціным і з Расіяй з-за Украіны.
Чэхія – краіна, з якой Польшча вядзе спрэчку з-за рудніка і электрастанцыі Тураў
Прэмʼер-міністр гэтай краіны Роберт Фіала зʼяўляецца лідарам еўраскептычнай Грамадзянскай дэмакратычнай партыі (ODS), якая належыць да той жа фракцыі ў Еўрапарламенце, што і польская партыя «Права і справядлівасць». Аднак краіна пад яго кіраваннем будзе рашуча падтрымліваць сваю прысутнасць у заходняй палітычнай зоне. Фіала ўлічыць тое, што асацыяцыя з прэмʼер-міністрамі Венгрыі і Польшчы не служыць інтарэсам яго краіны. Чэхі не жадаюць, каб іх разглядалі праз прызму авантурыстаў, якія парушаюць вяршэнства закона ў імя выключна ўласных інтарэсаў.
Чэшскаму прэмʼер-міністру таксама ўдасца хутка пераадолець упартасць прарасійскага прэзідэнта Зэмана, які паступова засяродзіцца на тым, каб годна дапрацаваць да канца свайго тэрміну паўнамоцтваў у 2023 годзе.
Фіала ў адрозненне ад свайго папярэдніка Андрэя Бабіша не застанецца паплечнікам Масквы. Чэхія цвёрда стане на баку Украіны і вернецца да дыпламатыі прасоўвання правоў чалавека ў свеце, агучвае свае прагнозы Міхал Кокат (Michał Kokot) у выданні Gazeta Wyborcza.
яс