Польскія рэгіёны не будуць мець грошай на інвестыцыі з-за палітыкі ўраду Аб’яднаных правых сіл, – піша Rzeczpospolita. Еўрапейская камісія заявіла, што не будзе кампенсаваць выдаткаў.
Брусель затрымаў практычна ўсе сродкі для Польшчы, пакуль не будуць наведзеныя чаканыя змены ў судовай сістэме краіны.
Гаворка ідзе перш за ўсё аб выкананні рашэння Суда ЕС аб ліквідацыі Дысцыплінарнай палаты Вярхоўнага суда і аднаўленні на працы суддзяў, звольненых гэтай жа Дысцыплінарнай палатай. ЕС таксама чакае, каб улады Польшчы гарантавалі права суддзяў звяртацца ў Суд Еўрапейскага Саюза з запытамі на тлумачэнне законаў ЕС. Улады ліквідавалі Дысцыплінарную палату, аднак замянілі яе новай Палатай прафесійнай адказнасці, якая таксама мае права караць суддзяў. Астатнія ўмовы ЕС урад Польшчы не выканаў.
А Польшча пагадзілася іх выканаць, і таму ў чэрвені Рада ЕС зацвердзіла польскі Нацыянальны план рэканструкцыі, які складаецца з 24 мільярдаў еўра субсідый і 12 мільярдаў еўра крэдытаў на аднаўленне эканомікі пасля пандэміі. Аднак Варшава не дасылае заяўкі на выплату сродкаў у Брусель, бо ведае, што не атрымае грошаў, таму што не выканала ўсіх ўмоваў ЕС для аднаўлення прававой дзяржавы ў Польшчы.
Тая ж праблема закранае таксама сродкі з палітыкі згуртаванасці – гэта больш за 75 мільярдаў еўра субсідый у бюджэце на 2021-2027 гады.
Пад пагрозай таксама 16 рэгіянальных праграм на агульную суму 31 мільярд еўра. Страта доступу да фондаў Еўрасаюза наўпрост уплывае на жыццё палякаў.
Аб тым, колькі Польшча губляе сродкаў з ЕС з-за неўступчывасці ўраду піша Rzeczpospolita.
яс