Беларуская Служба

Беларуска Вольга Грынёва: Нельга жыць чаканнем, тваё жыццё не потым, яно прама цяпер

01.01.2023 08:00
Польшча гасцінна прымае ўцекачоў з Усходу. Людзі едуць – ад вайны ва Украіне, ад палітычнага пераследу ў Беларусі. Як яны ўладкоўваюцца ў Польшчы? З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца? Што прыемна ўражвае? Аб гэтым размова з імігранткай – прадпрымальніцай і беларускай Вольгай Грынёвай.
Аўдыё
  • Размова з беларускай прадпрымальніцай Вольгай Грынёвай
Стартапpixaby.com

Мы размаўляем з Вольгай Грынёвай ў кавярні ў цэнтры Варшавы. Бо свайго офісу ў Вольгі яшчэ няма. Нядаўна Грынёва перабралася ў Польшчу з Беларусі разам з мужам Ігарам і маленькім сынам Клімам. Адʼезд быў вымушаны і хуткі. Але да ўсёй сваёй гісторыі Вольга ставіцца з пазітывам.

– Ніколі мы не збіраліся ехаць і шчыра збіраліся працягваць свой шлях у Беларусі. Але як атрымалася – так атрымалася. І паколькі мы ўпэўненыя ў сваіх сілах, то ніколі ў нас не было такога, каб мы моцна перажывалі, што зараз рабіць. Раз паехалі, то паехалі, раз так склаліся абставіны, то склаліся. Мы глядзім на гэта не як на праблему, а на магчымасці. Бо магчымасцяў для бізнесу ў Польшчы на шмат болей, чым у Беларусі: і гранты, і бізнес-анёлы, і стартап-акселератары і шмат што іншае. Таму гляджу на ўсё, што адбылося, з пазітывам.

Самым складаным аказалася наладзіць звыклыя бытавыя ўмовы – уласная кватэра, садок для сына – гэта ўсё засталося там. У Польшчы вялікі наплыў прыезджых, на пошукі кватэры пайшло больш за месяц, каб арандаваць жытло, прыйшлося прайсці сапраўднае інтэрвʼю, якое праводзіў уласнік, каб пераканацца, што мае справу з сурʼёзнымі людзьмі. Вольга кажа, што вытрымаць перамены ў жыцці і дзейнасці ёй дапамог досвед вядзення бізнесу ў Беларусі.

– Вельмі дапамог бізнес-вопыт. У мяне ў Беларусі было два бізнесы. Быў стартап вельмі паспяховы. Таму і тут мы былі ўпэўненыя, што нешта зробім.

Як і ў любога чалавека на новым месцы Вольгу шмат што здзівіла ў Польшчы: і лад жыцця, і стаўленне людзей адно да аднаго, і рацыянальны падыход да будынкаў. Няма паказухі, ва ўсім здаровы сэнс.

– Мяне здзіўляе іх падыход да жыцця. Яны лічаць, што ўсе беларусы гіперактыўныя. І гэта праўда. Я вельмі здзівілася, даведаўшыся, што садок працуе да паловы пятай. А потым я зразумела, чаму: таму што яны працуюць да чатырох гадзін увогуле, тут у чатыры гадзіны заканчваюць працу. Я разумею, што гэта падыход да жыцця. Яны пакідаюць час для сям’і. Гэта вельмі разумна, ране пачынаць працу і раней скончваць, каб быў час для сябе і для сям’і. Другі прыклад звязаны з інтэграцыяй майго сына. Ён прыехаў маленькі, ён не ведае мову. І калі мяне мяне паклікалі ў першы раз у дзіцячы садок, то я ж беларуска, на мяне будуць сварыцца, і я такая ішла гатовая да ўсяго, у баявым настроі, каб абараніць інтарэсы свайго дзіцяці. А яны пазвалі мяне, каб прапанаваць дапамогу псіхолага, бясплатна. І зараз з маім сынам працуюць два псіхолагі, каб дапамагчы яму лягчэй увайсці ў яго польскую суполку. Сама ж Варшава мяне ўразіла сваім кантрастам. Тут шмат прыгожых прыватных будынкаў пабудавана і будуецца. Вельмі ўражваюць тыя фудкорты, што яны робяць на месцах старых заводаў. Але побач можа стаяць будынак, які нікому не належыць, і ён будзе стаяць у кепскім стане, будзе вельмі дрэнна выглядаць. І гэта таксама ўражвае.

Працягваем размову ў варшаўскай кавярні з імігранткай Вольгай Грынёвай. Параўноўваючы са сваім мінулым досведам, Вольга здзіўляецца таму, як працуюць дзяржаўныя і муніцыпальныя службы. Ніхто не ставіць задачу пакараць чалавека, а наадварот, усё працуе не супраць чалавека, а для чалавека. Прыемна ўражвае Вольгу імкненне палякаў ахоўваць і паважаць асабістыя межы – і ўласныя, і іншых. Нават калі гэта асабістыя межы маленькага хлопчыка. Павага да асобы і адказнасць за ўчынкі фарміруецца на базавым узроўні, яшчэ ў садку.

– Вельмі цікавы досвед маем зноў жа ў садку. Калі я сказала, што ён любіць плесці валасы. Яны адразу кінуліся і зрабілі для яго асобны такі вугалок-парыкмахерскую. Гэта зноў жа кажа пра людзей. Яшчэ што ўразіла, што іх падыход да дзіцяці ўвогуле. Тут нельга пакідаць адно дзіця на пляцоўцы. Абавязкова павінен быць побач дарослы. Яны вельмі захоўваюць асабістыя межы. І гэта з дзяцінства. Майму сыну ў садку спадабалася дзяўчынка і ён яе пацалаваў. У нас гэта не праблема, а тут нельга, бо гэта парушае яго асабістыя межы. Хочаш пацалаваць – запытай. На любую актыўнасць з сынам у садку, на любыя нейкія крокі ў яго дачыненні – на ўсё бяруць згоду ў мяне.

Прыехаўшы ў Польшчу, Вольга не хацела ні на імгненне сядзець у кагосьці на шыі і кінулася шукаць працу. Але сутыкнулася з адмовамі, бо зʼяўляецца занадта кваліфікаваным спецыялістам. Не разгубілася. Прыдумала стартап – стварае аўтаматызаваную платформу падбору персаналу на базе тэстаў, характарыстык асобы і навыкаў. Кажа, што такі сэрвіс будзе запатрабаваны ва ўсім свеце і дапаможа зняць многія барʼеры для працаўладкавання. Вельмі ўражаная магчымасцямі польскай экасістэмы падтрымкі стварэння і развіцця бізнесаў.

– Як толькі прыехала, адразу пачала шукаць бізнес-анёлаў, бо так робяць у Беларусі – перш за ўсё шукаюць грошы бізнес-анёлаў. А тут не так, тут спачатку шукаюць гранты. Для мяне гэта было адкрыццё: тут дзяржава дае гранты для старту, даюць гранты. Апроч таго, ёсць разгалінаваная сістэма акселератараў. Есць праграма інтэрпрайз, у якой стартапам даюць не толькі грошы, але і офіс бясплатна.

Вольга з мужам выбралі Польшчу свядома, як краіну дзе збіраюцца жыць далей. Імкнуцца інтэгравацца, вучаць мову, падтрымліваюць стасункі з мноствам беларусаў. Сумуюць па родных і блізкіх, якія засталіся ў Беларусі. Добра разумеюць пры гэтым, што Польшча – гэта перш за ўсё краіна іх сына, які вырасце палякам, але з беларускімі каранямі. Сама ж Вольга кажа, што наўрад ці да канца стане тут сваёй, але гэта яе не пужае, бо тут камфортна заставацца беларускай. Асабліва, калі імкнешся быць гаспадыняй свайго жыцця, як гэта робіць Вольга.

– Я ведаю, што шмат беларусаў прыехалі сюды з думкай, маўляў, ну перасядзім. Але так псіхалагічна нельга рабіць. Бо гэта такі стан, што ты ўсё роўна як завісаеш – у часе, у жыцці. Так нельга рабіць. Ты чакаеш? Чаго ты чакаеш? Нельга жыць чаканнем, тваё жыццё не потым, яно прама цяпер. Гэта тваё жыццё, табе больш ніколі не будзе 20, 30, 40. Толькі цяпер. Таму трэба жыць сёння, цяпер трэба жыць, зараз трэба рабіць, усё што адкладваў.

На сёння Вольга з Ігарам і маленькім Клімам давольныя жыццём. Клім інтэграваўся ў свой польскі садок і кожны дзень з радасцю туды ідзе. Ігар працягвае дыстанцыйна весці справы беларускага бізнесу, Вольга развівае ўласны стартап у галіне аўтаматызацыі працаўладкавання. Бліжэйшыя мэты – купіць кватэру, прыцягнуць інвестыцыі ў стартап, адправіць сына ў школу, вучыцца жыць у новых умовах напоўніцу.

Казімір Шчадковіч