Беларуская Служба

У Беларусі пачынаюцца сумесныя вучэнні расійскіх і беларускіх войскаў

16.01.2023 10:03
Аналітыкі задумоўваюцца, ці гэта можа мець нейкі ўплыў на расійскую вайну ва Украіне.
Ілюстрацыйны здымакфота: Zerkalo.io/Tut.by

Расія і Беларусь пачынаюць сумесныя авіяцыйныя вучэнні. У Мінску запэўніваюць, што практыкаванні носяць абарончы характар. Мінабароны Беларусі не паведамляе пра колькасць расійскай авіяцыі на сваёй тэрыторыі. Згодна з планам вучэнні павінны працягнуцца да 1 лютага і ахапіць усе беларускія ваенныя аэрапорты і ўсе палігоны, паведамляе старонка dorzeczy.pl.

Паводле камандавання НАТА, Расія рыхтуецца да працяглай вайны з магчымай спробай новага наступу. Адзін з патэнцыйных яго кірункаў – выхад з тэрыторыі Беларусі ў бок Кіева ці Львова, каб перакрыць пастаўкі з Захаду ва Украіну.

Таму аналітыкі ў Кіеве і на Захадзе ўлічваюць, што вучэнні расійскай авіяцыі ў Беларусі могуць быць часткай падрыхтоўкі да новай атакі. Камандуючы войскамі абароны Кіева генэрал Аляксандр Паўлюк некалькі дзён таму заявіў, што калі расіяне зробяць паўторны ўдар па сталіцы, украінскія ўзброеныя сілы плануюць спыніць праціўніка на беларускай мяжы. Вайскоўцы паяснілі, што працягваецца адпаведная падрыхтоўка, каб не даць расіянам зноў атакаваць з тэрыторыі Беларусі.

У сваю чаргу прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Чарняк, не выключыў магчымасці адначасовага ўдару Расіі, як з тэрыторыі Беларусі, так і з усходу з мэтай захопу ўсёй Данецкай вобласці.
Украінскія вайскоўцы падкрэслілі, што ўкраінскае войска падрыхтаванае да такога сцэнара, хоць, як дадаў Андрэй Чарняк, наступ з боку Беларусі выглядае малаверагодным. Паводле яго, пра гэта сведчыць недастатковая колькасць сабраных там войскаў і сродкаў для правядзення такой маштабнай аперацыі.

аз

У Беларусі пройдуць буйныя авіяцыйныя вучэнні войскаў Саюзнай дзяржавы

12.01.2023 10:15
Заходнія аналітыкі не бачаць у гэтым пагрозы афіцыйнага далучэння Беларусі да расійскай вайны ва Украіне.