Паводле інфармацыі The Times, ужо праз тыдзень пасля выбухаў на газаправодзе «Паўночны паток» супрацоўнікі неназванай скандынаўскай дэлегацыі ў Бруселі атрымалі інфармацыю выведкі аб тым, што за выбухамі стаіць прыватная ініцыятыва з Украіны. Дыпламатам сказалі, што гэтая інфармацыя не будзе апублікаваная. Як піша выданне, імя прыватнага фундатара дыверсіі — неназванага ўкраінца — не звязана з урадам прэзідэнта Зяленскага.
Вось як выданне тлумачыць, чаму імя ўкраінскага спонсара вырашылі схаваць: «Відавочна, прадстаўнікі NATA хацелі выратаваць Украіну ад публічнай сваркі з Германіяй, якая затрымлівала пастаўку жыццёва важнай ваеннай дапамогі, у тым ліку танкаў Leopard 2 і сістэмы супрацьпаветранай абароны IRIS-T. Гэта цалкам справядліва — яны павінны былі ведаць, хто нясе адказнасць, раней за адміністрацыю прэзідэнта або Мінабароны ў Кіеве, якія былі агаломшаныя паведамленнем і ўпарта адмаўлялі сваю датычнасць», — гаворыцца ў публікацыі.
The Times адзначае, што «ўплывовая асоба», якая фінансавала аперацыю, не мела намеру ўзмацняць пазіцыі крытыкаў паставак нямецкай зброі, якія аказваюць ціск на ўрад Олафа Шольца.
Паводле выдання, складаная аперацыя прадугледжвала прыцягненне яхты, элітных вадалазаў, падробленыя пашпарты і закупку зарадаў кумулятыўнай выбухоўкі, даступнай толькі газавай і нафтавай прамысловасці па спецыяльнай ліцэнзіі і за вялікія грошы.
Нагадаем, што ў аўторак аўтарытэтнае амерыканскае ліберальнае выданне The New York Times апублікавала артыкул са спасылкай на крыніцы і дадзеныя спецслужбаў, якія схіляюцца да таго, што за выбухам на газаправодзе Nord Stream у Балтыйскім моры стаяць няўрадавыя групоўкі, сярод якіх могуць быць расіяне і ўкраінцы. А паводле нямецкіх СМІ, следства ў Нямеччыне ідэнтыфікавала судна, якое восенню 2022 года выкарыстоўвалася для дыверсій на расейскіх газаправодах Nord Stream у Балтыйскім моры, і мяркуе, што яно нейкім чынам звязанае з Украінай.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што Украіна не мае дачынення да выбухаў на расійскім газаправодзе «Паўночны паток» і не валодае інфармацыяй аб праўкраінскіх агентах, якія маглі гэта зрабіць. «Яго імя абавязкова ўсплыве, асабліва калі ўлічыць, што ён пакінуў своеасаблівую візітоўку», – рэзюмуе выданне.
pravda.com.ua / вх