Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Энергетыка, бяспека і Украіна. У Свінауйсці працягваецца XVIII Batlic Business Forum

12.05.2026 09:10
Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўваюць, між іншым, перспектывы інвеставання ва Украіне.
Аўдыё
  • У Свінауйсці працягваецца XVIII Batlic Business Forum
       .
Старшыня Рады па супрацоўніцтве з Украінай Павел Коваль.Foto: PAP/Marcin Bielecki

Энергетычная бяспека, аднаўленне Украіны і будучыня эканамічнага супрацоўніцтва ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе — гэта асноўныя тэмы XVIII Baltic Business Forum — двухдзённага мерапрыемства, якое 11 і 12 траўня праходзіць у Свінауйсці на ўзбярэжжы Балтыйскага мора.

Гэта час падрыхтаваць глебу для будучых кантрактаў, кажа старшыня Польска-ўкраінскай гандлёвай палаты Яцэк Пяхота(Jacek Piechota).

— Польскія прадпрымальнікі добра гэта разумеюць, бо падчас вайны яны зарэгістравалі некалькі сотняў новых кампаніяў з абмежаванай адказнасцю. Часта гэта кампаніі з невялікім капіталам, усё ж яны будуюць плацдарм ва Украіне. Гэта працэс, які ўжо ідзе. З іншага боку, часта задаецца пытанне: ці будзе наш удзел у аднаўленні Украіны падобным да Ірака, дзе з буйных планаў мала што атрымалася? Давайце паглядзім на мапу: дзе Ірак, а дзе Украіна?, — кажа Яцэк Пяхота.

Інвестыцыі ў аднаўленне Украіны ў нашых інтарэсах, пераконвае былы пасол Польшчы ў Кіеве Барташ Ціхоцкі(Bartosz Cichocki).

— Польская дзяржава павінна зразумець, што выдаткаваныя мільярд, два ці тры мільярды еўра — гэта нішто ў параўнанні са стратамі, якія мы панясем, калі не скарыстаемся гэтай магчымасцю і не пабудуем украінскай устойлівасці. Між тым, гэтая ўстойлівасць магчымая толькі тады, калі ўкраінцы павераць, што ў іх ёсць перспектыва членства ў Еўрапейскім Саюзе. Таму варта зрабіць складаныя, непапулярныя крокі, прыняць цэлы пакет законаў, каб стварыць, як некалі сказаў міністр Сікорскі, Захад на Усходзе, — заўважае Барташ Ціхоцкі.

Паводле старшыні ўрадавай Рады па супрацоўніцтве з Украінай Паўла Коваля (Paweł Kowal), хуткае спыненне агню малаверагодна з-за адсутнасці добрай волі з боку Расійскай Федэрацыі, але Польшча павінна быць на гэта гатовая.

— Роля банкаў і эканамічных арганізацый — падрыхтаваць праекты па аднаўленні. Мы падрыхтаваны, каб, калі прыйдзе час, ніхто не сказаў, што мы нічога не зрабілі. У цяперашні час у банку BGK, іншых фінансавых установах і міжнародных арганізацыях рэалізуецца шмат такіх праектаў. Вядома, ніхто не можа знізіць рызыкі для бізнесу. У рэшце рэшт, кожны прымае свае ўласныя рашэнні, але наша роля як палітыкаў — забяспечыць стварэнне такіх магчымасцей, — заявіў Коваль.

Фінансаванне інвестыцый ва Украіну прадугледжана, сярод іншага, Інструментам ЕС для Украіны, з якога банк BGK атрымаў 365 мільёнаў еўра ў выглядзе крэдытных гарантый і 80 мільёнаў еўра ў выглядзе грантаў на інвестыцыі ў інфраструктуру і энергетыку.

Baltic Business Forum — гэта міжнародны эканамічны форум, які праводзіцца з 2009 года і штогод прыцягвае прадстаўнікоў свету бізнеса і палітыкі з Заходняй, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Азіі.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Пульс эканомікі