Ранкам 11 жніўня адышоў у лепшы свет палітык, грамадскі дзеяч, шчыры і годны чалавек Аляксандр Мілінкевіч.
Што згубіла Беларусь са смерцю Аляксандра Мілінкевіча?
— Я б больш казаў, што ён даў Беларусі. Ён увасабляў іншую Беларусь, быў асобай, якая карыстаецца даверам людзей. Як сказаў былы міністр замежных спраў Францыі Бернар Кушнер, ён быў увасабленнем еўрапейскага аблічча Беларусі.
У палітыцы ён задаваў іншы кантэкст. Ён будаваў іншага кшталту дачыненні паміж людзьмі. Не спальваў масты, а будаваў іх, заўсёды шукаў хаўруснікаў. Яго адрознівала ўпэўненасць і ў той жа час годнасць і чалавечнасць. Упэўненасць у тым, што беларусы — нармальны еўрапейскі народ. Ён моцна паўплываў на добрыя стасункі паміж грамадзянскімі супольнасцямі Польшчы і Беларусі.
Побач з ім было адчуванне, што ўсё будзе па-чалавечы, што ёсць стрыжань, на які можна было абаперціся, з якім можна было ўсё суадносіць.
Ён быў і застанецца глыбай беларускага адраджэння, беларускага патрыятызму. Вельмі шмат зрабіў, каб Беларусь вярнулася ў нашу калыску, у Еўропу. Не чураючыся сваёй беларускасці. Ён вельмі хацеў, каб Беларусь была вольная. Аляксандр расказваў, як пашыраў беларушчыну, калі быў намеснікам кіраўніка Гародні, усе ведаюць, як шмат ён зрабіў там. І гэта тая спадчына, якая ўжо дае плён.
Ён вельмі хацеў убачыць Беларусь вольнай. І калі Беларусь будзе вольнай і еўрапейскай, гэта будзе лепшай данінай памяці Аляксандра Мілінкевіча.
Нам пашчасціла быць побач з ім, і нам трэба годна працягваць яго справу, гэта найвялікшы выклік і найвялікшая пашана будзе яму.
Слухайце наша аўдыё
Летась Аляксандр Мілінкевіч цяжка перанёс аперацыю, дактары змагаліся за ягонае жыццё і, былі спадзевы, што ён пайшоў на папраўку.
Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, пасля аспірантуры працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю пра механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў. Працаваў у Гродзенскім універсітэце, выкладаў і загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта ў Алжыры. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпелье ў Францыі і Каліфарнійскім універсітэце ў ЗША. Быў аўтарам каля 65 навуковых прац і манаграфій.
У 1990—1996 гадах стаў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, дзе адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, моладзь, спорт, СМІ, рэлігію, міжнародныя сувязі і захаванне гістарычнай спадчыны.
Асаблівае месца ў яго дзейнасці займала Гродна. Мілінкевіч заснаваў і ўзначальваў грамадскую арганізацыю «Ратуша», якая займалася развіццём горада і захаваннем яго гістарычнай спадчыны. Улады ліквідавалі арганізацыю ў 2003 годзе.
У 2001 годзе Мілінкевіч быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша на прэзідэнцкіх выбарах. На Кангрэсе дэмакратычных сіл у кастрычніку 2005 года Мілінкевіча абралі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл. Спрычыніўся да заснавання праграмы Каліноўскага і ідэі стварэння незалежнага беларускага тэлебачання.
Шчырыя спачуванні сям’і і блізкім.
Падрыхтавала Аксана Колб