Прадстаўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы ў Маскве адкрыла курсы беларускай мовы. Як паведамляе euroradio.fm са спасылкай на сайт church.by, заняткі будуць праходзіць пры храме вялікапакутніцы Ірыны, які з’яўляецца прадстаўніцтвам Беларускага Экзархата.
Курсы адкрыліся з дабраславення архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзмітрыя, настаяцеля гэтага храма.
На занятках са слухачамі падзеляцца агульнымі звесткамі пра Беларусь, пазнаёмяць з беларускім алфавітам, фанетычным і граматычным ладам мовы. Таксама будуць праводзіць мовазнаўчы аналіз тэкстаў Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў ды знаёміць слухачоў з беларускай літаратурай.
Заняткі плануюцца па нядзелях з 12:30 да 14:30. Праграма разлічаная на падлеткаў ад 14 гадоў і дарослых. Выкладаць будзе Алег Жданаў, выпускнік Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта.
яс