Беларуская Служба

Кангрэсмены заклікаюць Джо Байдэна сустрэцца са Святланай Ціханоўскай

15.07.2021 09:03
Ліст па гэтай справе прэзідэнту ЗША накіравалі прадстаўнікі нядаўна сфармаванай парламенцкай групы сяброў Беларусі.
Сцяг ЗШАoohhsnapp/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кангрэсмены з нядаўна сфармаванай парламенцкай групы сяброў Беларусі заклікалі ў лісце да прэзідэнта Джо Байдэна сустрэцца з лідаркай беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай падчас яе візіту ў ЗША ў ліпені.

«Мы лічым, што сустрэча са спадарыняй Ціханоўскай, дэмакратычным змагаром за свабоду (...), якая выступіла супраць аўтарытарнага дыктатара, прадэманструе прыхільнасць Амерыкі дэмакратычным інстытутам у трансатлантычных адносінах», – напісалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з абедзвюх партый.

Палітыкі дадалі, што сустрэча з Ціханоўскай будзе таксама сігналам «незаконнаму рэжыму», што «яго рэпрэсіі ў галіне правоў чалавека, фальсіфікацыі мінулагодніх выбараў і прымусовая пасадка і арышт Рамана Пратасевіча (...) непрымальныя ў вачах міжнароднай супольнасці».

Па словах кангрэсменаў, сустрэча таксама дасць магчымасць аднавіць заклік да вызвалення больш за 500 палітвязняў.

Святлана Ціханоўская павінна сустрэцца з кангрэсменамі з групы сяброў Беларусі на інаўгурацыйнай сустрэчы ў канцы ліпеня. Нагадваем, у чэрвені Ціханоўская выступіла з віртуальнай прамовай падчас паседжання Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў. Тады яна заклікала запрашаць прадстаўнікоў беларускай апазіцыі на міжнародныя сустрэчы, у тым ліку Саміт G7 альбо саміт НАТА.

PAP/аз