Беларуская Служба

Вагнераўцы ў Афрыцы: Расія змякчае санкцыі з дапамогаю прыватных вайсковых кампаній

08.06.2022 15:30
Расія зарабляе мільярды з дапамогаю прыватных вайсковых кампаній.
             .
Прыватныя вайсковыя кампаніі атрымліваюць права на здабычу прыродных рэсурсаў у абмен на свае паслугі.Фота: Security Service of Ukraine

Прыватныя вайсковыя кампаніі, якія фінансуе звязаны з Крамлём алігарх Яўген Прыгожын (размова найперш пра групу Вагнера), – натхнёныя вопытам эфектыўнага абыходу санкцый спецслужбамі Паўднёвай Афрыкі ў перыяд апартэіду (CCB, Burgerlike Samewerkingsburo) – будуюць для Расіі альтэрнатыўную сістэму атрымання вялікіх грошай за кошт здабычы сыравіны ў афрыканскіх краінах.

Яшчэ да ўварвання ва Украіну група Вагнера заключала здзелкі з дыктатарамі ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы і Малі. У абмен на абарону і навучанне мясцовых сілавікоў барацьбе з паўстанцамі кампанія атрымала саступкі на эксплуатацыю багатых прыродных рэсурсаў гэтых краін, у тым ліку размова пра здабычу золата, брыльянтаў, кварцу. Гэтыя працэсы значна паскорыліся пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі з боку ЕС і ЗША.

Паводле звестак Цэнтру «Дасье», заснаванага былым алігархам і былым уладальнікам ЮКАСу – Міхаілам Хадаркоўскім, і, як піша New York Times, вагнераўцы ў Судане атрымалі ліцэнзіі на здабычу золата, кошт якога ацэньваецца ў 130 мільярдаў долараў. Акрамя таго, расіяне маюць згоду Судана на будаўніцтва базы на Чырвоным моры, што дазволіць ім кантраляваць шляхі, па якіх танкеры і газавозы з Персідскага заліва дасягаюць Еўропы. Гэта вельмі важна ў кантэксце адрыву ЕС ад расійскай сыравіны. Да гэтага трэба дадаць і продаж скрадзенага з Украіны збожжа ў Афрыку. Усё гэта дазволіць Расіі змякчыць наступствы санкцый.

Акрамя групы Вагнера, у Афрыцы ёсць іншыя прыватныя арміі, звязаныя з Крамлём. У першую чаргу гэта Patriot, Sewa Security Service і RSB. Усе яны ўтвараюць канфедэрацыю кампаній, якія падтрымліваюць інтарэсы Расіі на гэтым кантыненце. Усяго супрацоўнікі гэтых кампаній прысутнічаюць больш чым у 20 краінах Афрыкі, больш падрабязна чытайце ў матэрыяле выдання Dziennik Gazeta Prawna.

вх