Беларуская Служба

У Германіі судзяць бізнесмена, які перадаваў Расіі забароненыя дадзеныя

19.07.2022 14:24
Аляксандр С. перадаваў пуцінскаму рэжыму тэхналогіі для вытворчасці ядзернай і хімічнай зброі.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com

Выданне Niezalezna.pl піша пра судовы працэс, які ідзе ў нямецкім Дрэздэне супраць бізнесмена нямецка-расійскага паходжання Аляксандра С. Яго абвінавачваюць у садзейнічанні Расіі ў вытворчасці хімічнай зброі і зброі масавага знішчэння, а таксама ў абыходзе санкцый ЕС у галіне ўзбраення.

Аляксандр С. – сын расіянкі і немца. Чалавек, які мае добрую рэпутацыю ў родным Лейпцыгу і якога цэняць за сувязі ва Усходняй Еўропе, чатыры гады ён быў членам Камітэту па знешнім гандлі Гандлёва-прамысловай палаты.

Працэс над Аляксандрам С. праходзіць з 24 траўня ў памяшканні з узмоцненай аховай Вышэйшага абласнога суда ў Дрэздэне. Прысуд па справе С. будзе абвешчаны ў бліжэйшыя дні. Паводле абвінавачання, бізнесмен пастаўляў у Расію без дазволу лабараторнае абсталяванне, прызначанае для распрацоўкі зброі масавага знішчэння. Аляксандр С. аспрэчвае віну ў шпіянажы і дапамозе ў вытворчасці ядзернай зброі. Падчас судовага працэсу ён сцвярджаў, што пастаўленая тэхніка павінна была выкарыстоўвацца ў грамадзянскіх мэтах, у аптэках і даследчых лабараторыях.

Ягоныя паказанні поўныя супярэчнасцяў, цяжка паверыць у нібыта наіўнасць падсуднага – ацанілі эксперты службы дзяржбяспекі, якія займаюцца справай. Каментатары адзначаюць, што судовы працэс дазваляе зразумець шэрую зону расійскіх санкцый.

Гэта дае ўяўленне аб вялікіх намаганнях, якія Крэмль прыкладае для набыцця заходніх тэхналогіяў для сваёй арміі, якая ўжо амаль пяць месяцаў ваюе з Украінай, бамбардуе жылыя дамы і гандлёвыя цэнтры.

Аляксандра С. затрымалі ў маі 2021 года. Ён пастаянна аспрэчвае, што ведаў пра ваенныя сувязі сваіх гандлёвых партнёраў. Яго могуць асудзіць за парушэнне Закона аб знешнім гандлі.

Федэральны пракурор зняў абвінавачанні ў супрацы са спецслужбамі і падтрымцы вытворчасці зброі масавага знішчэння супраць Аляксандра С., сцвярджаючы, што «гэта істотна не паўплывае на памер прысуду». Нягледзячы на тое, што працэс яшчэ не закончыўся, у нямецкіх СМІ ёсць інфармацыя, што Аляксандр С. можа быць асуджаны як мінімум на два гады і дзевяць месяцаў пазбаўлення волі.

нг