Масакра ў Гдыні стала самай крывавай акцыяй міліцэйскіх падраздзяленняў падчас падаўлення рабочых пратэстаў на Балтыйскім узбярэжжы, якія працягваліся з 14 па 22 снежня. Людзі выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць рэзкага павышэння цэн на прадукты харчавання. Палякі таксама патрабавалі змены ўлады і свабоды слова. Паводле афіцыйных звестак, у падзеях «Снежань 70-га» загінулі 45 чалавек, больш за 1100 былі параненыя. Амаль тры тысячы чалавек арыштавалі. Вінаватыя ў тых падзеях ніколі не панеслі адказнасці.
Раніцай 17 снежня 1970 года рабочыя Гдыньскай суднаверфі імя Парыжскай Камуны выйшлі на працу, адгукнуўшыся на тэлевізійны заклік віцэ-прэм’ера Станіслава Кацёлка, які звярнуўся да страйкоўцаў на Балтыйскім узбярэжжы з патрабаваннем вярнуцца на свае прадпрыемствы. Яны не ведалі, што верф ужо была заблакаваная войскам па загадзе кіраўніка аперацыі па падаўленню пратэстаў на Балтыйскім узбярэжжы — Зянона Клішкі, члена Палітбюро ЦК Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі.
Для разгону працоўных камуністычныя ўлады накіравалі танкі і бронетранспарцёры, ужываліся слёзатачывыя газы і светлашумавыя гранаты. Па людзях стралялі з кулямётаў, а з верталётаў у натоўп скідвалі гранаты.
Ежы Мётке — тады 19-гадовы працаўнік суднаверфі ў 2015 годзе прыгадваў, што на світанку войска атакавала безабаронных і неасцярожных рабочых:
— Кіруючыся заклікам Кацёлка, каб распачаць працу, мы рушылі да сваіх прадпрыемстваў. Прыкладна за 200 метраў ад прахадной я спыніўся разам з калегамі. У гэты момант прагучаў першы стрэл, а потым ужо пачалася сапраўдная бойня з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі. Трагедыя была ў тым, што, маючы ў кішэнях толькі бутэрброды і пропуск суднаверфі, мы раптам апынуліся насупраць цэлай узброенай механізаванай групы ваенных і міліцыянтаў.
Тады сярод рабочых быў і Станіслаў Сэлін, які ўспамінаў, што ягоных вачах разыгралася жудасная трагедыя, а ён цудам не трапіў пад агонь войска і міліцыі:
— Гэты была трагедыя. Па нас стралялі, усё было ачэплена. Я прыехаў другім цягніком — калегі ўжо ляжалі тут непадалёк ад прахадной і крычалі, каб мы не ішлі ў той бок, бо па нас страляюць. Не было ніякага папярэджання, а ўвечары Кацёлэк заклікаў нас прыйсці на працу. Мы і прыехалі на працу — і, на жаль… Мне хочацца плакаць, калі я гэта ўспамінаю. Калегу куля папала ў галаву, мы завезлі яго ў машыну, і з бесперапынным сігналам клаксона павезлі ў бальніцу.
У 2020 годзе тагачасны дырэктар Шчэцінскага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Павел Скубіш падкрэсліў, што такая жорсткая спецаперацыя была праявай абсалютнай бязлітаснасці камуністычных улад:
— Гэта была спроба паказаць, што калі рабочыя не адмовяцца ад пратэсту, то іх пратэст будзе патоплены ў моры крыві. Так яно і адбылося. Трэба памятаць і пра сотні людзей, якія прайшлі праз вельмі жорсткія затрыманні, былі збітыя, звольненыя з працы, вучні выключаныя са школ, студэнты выкінутыя з універсітэтаў. Гэтая машына гвалту і спіраль страху — гэта не толькі вулічныя сутыкненні і выкарыстанне баявых патронаў.
Пратэсты «Снежня 70-га» мелі імклівы характар, бо, як тлумачыў гісторык, прафесар Марэк Вежбіцкі, павышэнне цэн не толькі не было папярэдне абмеркавана з грамадствам, але і было праведзена падманам:
— Людзі адрэагавалі вельмі гнеўна, варожа ў дачыненні да гэтага рашэння. Асабліва таму, што яго абвясцілі ў суботу ўвечары, калі крамы ўжо былі зачыненыя, а павышэнне павінна было ўступіць у сілу з панядзелка раніцай. Такім чынам не было ніякай магчымасці зрабіць пакупкі і запасціся прадуктамі харчавання. Сам стыль увядзення гэтага павышэння яшчэ больш раз’юшыў палякаў, асабліва жыхароў узбярэжжа, і ў выніку прывёў да пратэстаў.
Падзеі «Снежня 70-га» выбухнулі на фоне нарастання сацыяльнай незадаволенасці. Адзін з удзельнікаў падзей 17 снежня ў Шчэціне, малады партовы рабочы Ежы Уласіняк, распавядаў пра гэта ў эфіры Польскай рэдакцыі Радыё «Свабодная Еўропа»:
— Падчас гэтага шэсця гучалі магутныя воклічы: «Шчэцін з Гданьскам! Шчэцін з Гданьскам!», а таксама заклікі да людзей, якія стаялі і назіралі з балконаў, з будоўляў — бо там было шмат будоўляў. Некаторыя рабочыя кідалі працу і далучаліся да нас.
Сімвалам «Чорнага чацвярга» і ўсяго трагічнага «Снежня 70-га» стаў 18-гадовы рабочы суднаверфі Збышак Гадлеўскі, застрэлены падчас сутыкненняў каля станцыі прыгараднай чыгункі. Цела юнака, пакладзенае на белыя дзверы, неслі на чале шэсця па вуліцы Святаянаўскай у Гдыні. Фатаграфіі, што зафіксавалі тыя падзеі, абляцелі ўсю краіну і трапілі за мяжу — дзякуючы ім Захад даведаўся праўду. Збышак стаў героем «Балады пра Янка Вішнеўскага» аўтарства Кшыштафа Даўгалы.
17 снежня рэжымная прэса паведамляла, што «авантурныя і хуліганскія элементы, не звязаныя з рабочым класам, разграмілі і падпалілі некалькі грамадскіх будынкаў і абрабавалі дзясятак крам». Увечары шматгадовы прэм’ер-міністр Юзэф Цыранкевіч (памёр у 1989 годзе), які ўдзельнічаў у падаўленні антыкамуністычнага паўстання ў Познані ў 1956 годзе, выступіў па тэлебачанні з прапагандысцкім зваротам:
— Няхай кожны на сваім пасту, кіруючыся пачуццём адказнасці за краіну і дзяржаву, супрацьпаставіць сябе ўсялякім анархічным парывам і стане на абарону ладу, парадку і сацыяльнай дысцыпліны. Адкіньце ад сябе правакатараў, не слухайце авантурыстаў, усвядомце сур’ёзнасць сітуацыі.
Анджэй Міхалоўскі, апазіцыянер часоў ПНР і ўдзельнік страйкаў 1970 і 1980 гадоў, прыгадваў, што рабочыя порта і верфі і тады зараблялі вельмі мала, а павышэнне цэн стала адкрытай правакацыяй улады:
— Я быў мараком на буксірах у Гданьскім порце, мая асноўная зарплата складала 720 злотых. Усё астатняе — гэта былі надбаўкі: суботы, начныя змены, нядзелі, выхады ў мора. На верфі, каб зарабіць на хлеб і нармальнае жыццё, даводзілася працаваць звышурочна — да 300 гадзін у месяц. І раптам з’яўляецца такая правакацыя з боку Польскай Аб’яднанай Рабочай Партыі. У суботу абвяшчаюць рэзкае павышэнне цэн на прадукты. Людзям, якія і так зараблялі капейкі, яшчэ і такое павышэнне напярэдадні святаў — гэта ўсё роўна, што кінуць іскру на бочку з порахам.
Пасля падаўлення пратэстаў рэпрэсіі закранулі сотні людзей, якіх пераследавалі і цкавалі органы дзяржаўнай бяспекі. Многія не маглі знайсці працу і забяспечыць свае сем’і.
Улады адклікалі павышэнне цэн пасля новых страйкаў у студзені і лютым 1971 года. Падзеі на ўзбярэжжы паклалі канец перыяду праўлення Уладзіслава Гамулкі. Першым сакратаром ЦК ПАРП быў абраны Эдвард Герэк.
Ахвяраў Снежня 1970 года ўшаноўвае Помнік загінулым рабочым суднаверфі, адкрыты ў 1980 годзе ў Гданьску. Манумент у выглядзе трох крыжоў з якарамі, зроблены са сталі і бронзы, стаіць на Плошчы Салідарнасці, непадалёк ад месца, дзе загінулі першыя ахвяры «Снежня 70-га».
Слухайце аўдыё!
эж