Беларуская Служба

Пасля вайны Украіна мае шанец распачаць зусім новы раздзел супрацы з Польшчай

07.06.2022 15:48
Толькі калі паўстане партнёрская вось Варшавы і Кіева, гэта прымусіць Маскву сур’ёзна ставіцца да нашага рэгіёну.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com

Вайна паказала адносіны да Украіны і да Расіі заходніх палітыкаў. Многія ўкраінскія палітыкі адчуваюць расчараванне іх стаўленнем, але гэта дае ім магчымасць зрабіць выбар – або выбраць больш складаны і даўжэйшы шлях развіцця поруч з Польшчай, або іх у будучыні можа чакаць паўтор трагедыі вайны – піша выданне Sieci, разважаючы пра палітычную вось Варшава – Кіеў. Пра гэта гутарка з кіраўніком Канцылярыі прэм'ер-міністра Польшчы Міхалам Дворчыкам.

Дворчык нядаўна вярнуўся з Кіева, дзе сустракаўся з украінскімі палітыкамі. У гэтым моры трагедыі, якая цяпер адбываецца ва Украіне, ёсць адна добрая рэч – шанец на прымірэнне палякаў і ўкраінцаў. Толькі калі паўстане партнёрская вось Варшавы і Кіева, гэта прымусіць Маскву сур’ёзна ставіцца да нашага рэгіёну. Але збудаваць такі хаўрус не будзе лёгка, паколькі шмат людзей зробіць усё, каб да гэтага не дапусціць. Не толькі па палітычных прычынах, але таксама па чыста эканамічных. Польшча і Украіна разам стануць патэнцыйна магутнымі дзяржавамі – як у палітычным, так і эканамічным сэнсе.

Важны падыход і саміх украінцаў, ці пасля вайны іх палітычныя эліты зноў не аддадуць перавагу Берліну, а не Варшаве. «Яшчэ перад вайной я сказаў аднаму знаёмаму ўкраінскаму палітыку – вы думаеце, што ваша месца за сталом разам з буйнейшымі краінамі ЕС. Сапраўды, вы там. Але не заўважаеце, што да вас ставяцца не як да аднаго з удзельнікаў абеду, а яд да стравы, якую можна з’есці», – кажа Дворчык. Патрэбна было вайны, каб маскі ды ілюзіі апалі.

Польска-украінская гісторыя складаная, цяжка будзе перастаць сварыцца напрыклад, з-за дзейнасці Украінскай паўстанцкай арміі, стаўленне да якой дыяметральна рознае. Але існуе шанец распачаць зусім новы раздзел блізкай супрацы паміж дзяржавамі пасля вайны – адзначае госць выдання.

нг