Уцягнуць беларускае войска ў расійскі напад на Украіну становіцца ўсё больш рэальным. Асноўныя гульцы на Блізкім Усходзе — Іран, Ізраіль і Саудаўская Аравія — таксама далучаюцца да пазлу, піша Славамір Серакоўскі, калумніст парталу Onet.pl.
Уладзімір Зяленскі б'е трывогу, што Расія спрабуе ўцягнуць Беларусь у вайну і з гэтай мэтай можа быць арганізавана нейкая правакацыя. Вядома, што 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з Пуціным аб фармаванні сумеснай групоўкі войскаў «у сувязі з узмацненнем заходніх межаў Саюзнай дзяржавы», у той жа дзень міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін нечакана выступіў з прамовай, у якой пачаў пагражаць Польшчы, Літве і Захаду. Пзней зʼявілася паведамленне, што ў Беларусь прыбыў транспарт з расійскімі войскамі і тэхнікай, у агульнай колькасці каля 9000 вайскоўцаў з Расіі.
Лукашэнка выключна разумны, але і рэзкі палітык. Ён часта выкарыстоўвае тактыку варʼята, як, напрыклад, калі загадаў захапіць пасажырскі самалёт, каб арыштаваць маладога журналіста Рамана Пратасевіча (гэта таксама быў пасыл для Пуціна, што лепш з Лукашэнкам па дабру, інакш ён гатовы нешта зрабіць цалкам непрадказальнае). Ва ўзаемаадносінах з надзвычай асцярожным і камфортналюбівым Захадам такая тактыка часта была дзейснай.
Праблема ў тым, што Беларусь мяжуе з Польшчай і Літвой, то бок краінамі НАТО, што набліжае канфлікт да нашых межаў і рэзка павялічвае рызыку прамога супрацьстаяння. Нашы ўлады таксама не з самых рацыянальных і прадказальных. Увогуле, дастаткова аднаму салдату патрапіць у кепскую сітуацыю і наступствы могуць быць жахлівымі.
Ва ўсім гэтым замешаны Іран. Газета Washington Post паведаміла, што Тэгеран перадасць Расіі велізарныя рэсурсы цяжкага ўзбраення. Радыё Свабода паведаміла, што гэта ракеты «Фатэх-110» і «Зульфікар» з дальнасцю палётаў 300 км і 700 км адпаведна, а таксама беспілотныя лятальныя комплексы «Махадзэр-6» і беспілотнікі-камікадзэ «Шахід-136». Mohajer-6 можа развіваць хуткасць да 200 км у гадзіну; нясе чатыры супрацьтанкавыя ракеты Almas з далёкасцю 200 км. Падымаецца на вышыню да 5500 м. У паветры можа знаходзіцца да 12 гадзін. Гэта тая тэхніка, якая магла б дазволіць Расіі вярнуць стратэгічную ініцыятыву на фронце. Іран стане яшчэ больш блізкім саюзнікам Расіі, чым Беларусь.
На Блізкім Усходзе, калі хтосьці з мясцовых уладаў у нешта ўмешваецца, канкурэнты імгненна рэагуюць. Ізраільскі міністр па справах дыяспары ўжо абвясціў аб адыходзе ад нейтралітэту: «Сёння раніцай было абвешчана, што Іран перадае балістычныя ракеты Расіі. Больш няма ніякіх сумневаў, дзе Ізраіль павінен стаяць у гэтым крывавым канфлікце. Надышоў час і для Украіны атрымаць ваенную дапамогу, якую аказваюць ЗША і краіны NATO». Калі справа даходзіць да ўзбраення, Ізраіль зʼяўляецца магутнай дзяржавай і тэхналагічна саступае толькі Злучаным Штатам, калі ёсць сэнс разглядаць гэтыя дзве краіны асобна, таму што яны так цесна супрацоўнічаюць (Ізраіль таксама валодае ядзернай зброяй). Тэль-Авіў мог бы практычна самастойна змяніць аблічча гэтай вайны, калі б вырашыў пастаўляць Украіне свае вынаходкі.
Традыцыйным канкурэнтам шыіцкага Ірана зʼяўляецца суніцкая Саудаўская Аравія, але часам абедзве краіны становяцца на адзін бок, асабліва калі на другі бок стаіць Ізраіль. На гэты раз гаворка не пра Ізраіль, а аб дапамозе Расеі вырашыла Саудаўская Аравія. OPEC +, група вытворцаў нафты, уключаючы Расію, абвясціла на мінулым тыдні аб рашэнні скараціць здабычу нафты, супраць чаго была адміністрацыя Байдэна. Высокія цэны на нафту азначаюць грошы для фінансавання вайны Крамля, і вялікія выдаткі для еўрапейцаў, што можа змяніць стаўленне грамадскай думкі да Украіны.
На стаўленне саудаўцаў адрэагаваў дарадца ЗША па бяспецы Джэйк Саліван: «Абмежаваўшы здабычу нафты, Саудаўская Аравія ўступіла ў саюз з Расіяй». «Разглядаючы будучыню стасункаў ЗША з Саудаўскай Аравіяй, Джо Байдэн будзе дзейнічаць метадычна і стратэгічна, ён будзе кансультавацца аб наступных кроках з прадстаўнікамі абодвух амерыканскіх бакоў», – заявіў палітык. Гэта азначае чарговы рост напружанасці ў свеце.
ЗША, Вялікабрытанія, Еўрасаюз, Усходняя Еўропа, Блізкі Усход ад Ізраіля да Ірана і, вядома, Расія пры падтрымцы Кітая – гэта ўжо глабальны пазл. Усе элементы на стале, і размовы аб выкарыстанні ядзернай зброі толькі прывучаюць да гэтай магчымасці расіян, а таксама заходнія краіны. Я не кажу, што будзе наўпроставая канфрантацыя ці выкарыстанне ядзернай зброі, але калі канфлікт перакінецца спачатку на Беларусь і ў гульню ўключыцца Іран з цяжкім узбраеннем, на што, напэўна, адкажа Ізраіль, мы сапраўды на мяжы глабальнага няшчасця. Трэцяя сусветная вайна ўжо не проста папярэджанне.
вх