Расія канцэнтруе групоўку з больш як 50 тысяч вайскоўцаў на мяжы з Сумскай вобласцю Украіны, але ёй не ўдасца стварыць там буферную зону. Пра гэта ў сераду,28 траўня заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Цяпер яны таксама канцэнтруюць войскі на сумскім напрамку — больш за 50 тысяч. Мы гэта разумеем. Але ў нас там ёсць пэўныя поспехі. Сёння, напрыклад, у раёне Цёткіна (Курская вобласць Расіі) ўзялі ў палон восем чалавек», — сказаў Зяленскі падчас размовы з журналістамі.
Украінскі лідар падкрэсліў, што наймацнейшыя падраздзяленні ворага цяпер сканцэнтраваныя на мяжы Сумскай вобласці Украіны і Курскай вобласці Расіі.
«Іхныя найбуйнейшыя і наймацнейшыя войскі цяпер на курскім напрамку. Яны спрабуюць выцесніць нашых вайскоўцаў з гэтага рэгіёну і рыхтуюць наступ на Сумшчыну. Іх мэтай з’яўляецца стварэнне так званай буфернай зоны — да 10 кіламетраў углыб Украіны. Але, думаю, яны разумеюць, што магчымасцяў для гэтага ім не хапае», — адзначыў кіраўнік Украіны.
Уладзімір Зяленскі таксама выказаў перакананне, што ЗША не падтрымаюць патрабаванні Расіі наконт тэрыторый, якія цяпер знаходзяцца пад кантролем Кіева. Ён заявіў, што не хацеў бы, каб ЗША выйшлі з мірных перамоваў.
PAP/эж