Узровень зацікаўленасці URC25 – як яе скарочана называюць – і ўзровень прадстаўніцтва быў нечакана высокі.
Запрашэнні разыходзіліся як гарачыя піражкі – у мерапрыемстве прынялі ўдзел некалькі тысяч удзельнікаў з дзясяткаў краін, у тым ліку кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі ўрадаў, больш за сто міністраў і намеснікаў міністраў, а таксама мноства чыноўнікаў, прадпрымальнікаў, экспертаў, журналістаў і прадстаўнікоў трэцяга сектару. Іх колькасць здзівіла назіральнікаў, а арганізатары не паспявалі друкаваць ідэнтыфікатары.
Гэта не азначае, што канец вайны, а разам з тым пачатак так званай вялікай адбудовы бліжэй. Размовы аб спыненні агню не прыносяць вынікаў, а баі ва Украіне працягваюцца. Расія з паветра інтэнсіфікуе знішчэнне, а дадзеныя аб агульнай шкодзе і патрэбах адбудовы краіны патрабуюць штодзённага абнаўлення. Адначасова растуць бягучыя абаронныя патрэбы Украіны, вострай становіцца таксама неабходнасць забеспячэння ёй макрабюджэтнай дапамогі ў 2026 годзе.
У выніку дыскусіі аб крыніцах, аб'ёме і метадалогіі фінансавання пасляваеннай адбудовы Украіны адкладаюцца на потым. Не хапае так званага Плана Маршала для Украіны, хоць абмяркоўваецца ён ужо з першай URC22 у Лугана і далей – у Лондане і Берліне.
Украінскі прэмʼер-міністр Дзяніс Шмыгаль паведаміў у першы дзень, што патрэбы Украіны дасягаюць 1 трыльёна долараў – 540 мільярдаў будзе каштаваць адбудова, а 460 мільярдаў – падтрымка ў выглядзе знешніх інвестыцый.
Гэтая астранамічная сума, нават паменшаная ўдвая, зрабіла б адбудову Украіны адным з найбуйнейшых фінансавых і мадэрновых праектаў у Еўропе. Яго можна параўнаць з праграмай Next Generation EU вартасцю 750 млрд еўра, створанай для барацьбы з наступствамі пандэміі Covid-19. Хоць гаворка не ідзе пра жывыя сродкі, бо частка з іх павінна была б быць, напрыклад, крэдытнымі гарантыямі ці страхаваннем інвестыцыйных рызык, усё роўна гэта велізарная сума. Асабліва ў сітуацыі, калі многія дзяржавы па вушы ў даўгах, а сацыяльныя і абаронныя выдаткі будуць расці.
Украіна такой сумы не атрымае, калі Еўропа і G7 не прымуць нарэшце рашэння аб канфіскацыі ў агульнай складанасці каля 300 млрд еўра замарожаных цяпер расійскіх актываў і выкарыстанні іх для распрацоўкі фінансавых інструментаў, даступных як для Украіны, так і для ўласных прадпрыемстваў. А на гэта ўсё адвагі на Захадзе яшчэ няма.
Не спрыяе гэтаму і інфармацыя, якая паступае з Украіны – у мінулым годзе непасрэдна перад URC падаў у адстаўку Мустафа Наем, кіраўнік Агенцтва адбудовы Украіны, які карыстаўся даверам донараў, абвінаваціўшы ўлады ў карупцыі. Цяпер цень на давер да краіны кінулі ператрусы ў доме Віталя Шабуніна, аднаго з самых гучных антыкарупцыйных актывістаў, па даволі сумніўных абвінавачваннях. Гэтая тэма не каментавалася шырока за кулісамі канферэнцыі, але, безумоўна, украінскай урадавай дэлегацыі не дапамагла.
Канферэнцыі цыклу URC канцэнтруюцца на адбудове, але таксама зʼяўляюцца зручнай платформай для незлічоных двухбаковых перамоў, дзелавых сустрэч ці сектарных панэляў. Пасля інтэнсіўных двух дзён Украіна асабліва задаволеная некалькімі пытаннямі: па-першае, прадстаўнікі ЗША прынялі ўдзел у сустрэчы так званай кааліцыі ахвотных, гэта значыць дзяржаў, якія хочуць розным чынам дапамагчы перамірʼю з Расіяй пасля яго падпісання. Гэта змена, бо да гэтага часу Вашынгтон дыстанцыяваўся, тым больш важная, што сугучна з абяцаннямі аднаўлення ваеннай дапамогі і ўсё больш гучнымі выразамі раздражнення і нецярпення Дональда Трампа ў адрас Расіі. Па-другое, Германія і Нарвегія маюць прафінансаваць закупку ў ЗША для Украіны трох сістэм Patriot, якія падтрымаюць супрацьпаветраную абарону. Па-трэцяе, старшыня Еўрапейскай камісіі анансавала новы пакет дапамогі ў памеры 2,3 млрд еўра, а таксама стварэнне – разам з Польшчай, Францыяй, Германіяй і Еўрапейскім інвестыцыйным банкам – так званага Еўрапейскага флагманскага фонду, які інвестуе 500 млн еўра ва ўкраінскую прамысловасць, транспарт і энергетыку.
Удзел Польшчы ў канферэнцыі быў заўважным – прыехаў прэмʼер-міністр, некалькі міністраў, у агульнай складанасці польская дэлегацыя была адной з самых вялікіх, яна налічвала амаль 200 чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і экспертаў. Польскі павільён кідаўся ў вочы, быў шумны і наведвальны, а Група Польскага фонду развіцця прадставіла канцэпцыю пад маркай Team Poland, якая мае палегчыць бізнесу ўдзел у адбудове Украіны. Гэта важна, каб збіраць досвед, аналізаваць памылкі і добрыя рашэнні, шліфаваць стратэгію, бо наступная URC26, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў Польшчы.
Тадэвуш Іванскі – кіраўнік Групы Беларусі, Украіны і Малдовы ў Цэнтры ўсходніх даследаванняў. У 2006-2011 гадах працаваў у Польскім радыё для замежжа.