Беларуская Служба

Антоніу Кошта пра гарантыі бяспекі: На першай лініі будуць УС Украіны 

20.08.2025 10:04
У найбліжэйшыя дні спецыяльныя еўрапейскія групы будуць працаваць разам з амерыканскімі партнёрамі над распрацоўкай гарантый бяспекі для Украіны.
C
Cтаршыня Еўрапейскай рады Антоніу КоштаPAP/EPA/RODRIGO ANTUNES

Бяспека ў Еўропе, вайна ва Украіне і дыпламатычныя намаганні дзеля яе завяршэння — галоўныя тэмы перамоў начальнікаў генеральных штабоў краін НАТА. Як паведаміў віцэ-прэм’ер і міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш, у сераду, 20 жніўня, у відэаканферэнцыі таксама прымае ўдзел галоўнакамандуючы сілаў Альянсу ў Еўропе, генерал ВПС ЗША Алексус Грынкевіч. 

У найбліжэйшыя дні спецыяльныя еўрапейскія групы будуць працаваць разам з амерыканскімі партнёрамі над распрацоўкай гарантый бяспекі для Украіны.

Дыпламатычныя дзеянні паскараюцца — у гэтым няма сумневу, заявіў старшыня Еўрапейскай рады Антоніу Кошта. Пасля ўчарашняй сустрэчы з удзельнікамі «Кааліцыі рашучых» палітык падкрэсліў, што ЕС застаецца адзіным і паслядоўна падтрымлівае Украіну.

«Надыйшоў час, каб паскорыць нашы практычныя дзеянні, увесці гарантыі, падобныя да артыкула 5 Паўночнаатлантычнай дамовы, пры далейшым удзеле Злучаных Штатаў. Кааліцыя рашучых павінна заставацца ўключанай у гэты працэс. Узброеныя сілы Украіны будуць складаць першую лінію абароны», — падкрэсліў Антоніу Кошта.

Еўрапейскі палітык таксама адзначыў неабходнасць павелічэння ваеннай падтрымкі Украіны.

IAR/эж