Беларуская Служба

Больш за 133 000 расійскіх жаўнераў загінулі падчас вайны супраць Украіны, падлічылі незалежныя журналісты

22.09.2025 10:45
Расследаванне журналістаў паказвае, што асабліва вялікія страты былі зафіксаваны ў першыя месяцы, пасля абвяшчэння «частковай мабілізацыі».
    ,  , , 19  2025 .
Фрэска на будынку ў Падольску, пад Масквой, Расія, 19 верасня 2025 года.Foto: PAP/EPA/MAXIM SHIPENKOV

Як мінімум, 15 000 расійскіх жаўнераў, прызваных у рамках «частковай мабілізацыі», загінулі ў вайне супраць Украіны. Агульныя страты ў расійскіх вайскоўцах складаюць больш за 133 000 чалавек.

Незалежны расійскі навінавы партал Mediazona апублікаваў справаздачу аб стратах сярод расійскіх жаўнераў, якія былі адпраўлены на фронт у выніку «частковай мабілізацыі», абвешчанай у верасні 2022 года.

На падставе агульнадаступных дадзеных журналісты і валанцёры вызначылі, што па стане на 19 верасня 2025 года колькасць мабілізаваных расійскіх жаўнераў, якія загінулі ў выніку баявых дзеянняў ва Украіне, склала 15 077.

Сярэдні ўзрост загінулых склаў 35 гадоў.

Расследаванне журналістаў паказвае, што асабліва вялікія страты былі зафіксаваны ў першыя месяцы. «42% мабілізаваных, чые імёны былі ўстаноўлены, загінулі ў першы год пасля абвяшчэння «частковай мабілізацыі»», – гаворыцца ў справаздачы. Гаворка ідзе пра 6 264 чалавекі.

Аўтары справаздачы адзначаюць, што мабілізацыя, абвешчаная Крамлём у верасні 2022 года, называлася «частковай». Гэта азначала, што на фронт павінны былі быць адпраўлены толькі тыя, хто раней служыў у войску. Аднак на практыцы сярод мабілізаваных былі студэнты, мужчыны старэйшыя за 60 гадоў, бацькі шматдзетных сем'яў, людзі з інваліднасцю, а ў некаторых выпадках нават памерлыя асобы.

Указ прэзідэнта Расіі аб «частковай мабілізацыі» быў падпісаны тры гады таму, 21 верасня 2022 года. Згодна з апошняй публікацыяй Расійскай службы BBC і партала Mediazona, па стане на 19 верасня 2025 года агульная колькасць ідэнтыфікаваных расійскіх жаўнераў, якія загінулі падчас вайны супраць Украіны, склала 133 117.

У параўнанні з папярэдняй справаздачай, апублікаванай 5 верасня, іх колькасць вырасла на больш чым 5 000 чалавек.

PAP/аз