Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмунюэль Макрон і прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер падпісалі трохбаковую дэкларацыю аб размяшчэнні шматнацыянальных сіл для падтрымкі абароны, аднаўлення і стратэгічнай стабільнасці Украіны пасля перамір’я. Дакумент быў замацаваны подпісамі ў Парыжы 6 студзеня на сустрэчы ў вярхах «Кааліцыі жадаючых». Гэта адзін з важнейшых пунктаў, дасягнутых падчас перамоў. Пра што яшчэ дамовіліся еўрапейскія лідары?
На сустрэчы лідараў «Кааліцыі жадаючых» прынялі ўдзел прадстаўнікі 35 краін пад кіраўніцтвам Вялікабрытаніі і Францыі, гатовых накіраваць войскі ў выпадку спынення агню з Расіяй.
Дарэчы, упершыню ў сустрэчы кааліцыі ўдзел прынялі прадстаўнікі прэзідэнта Трампа Джарэд Кушнер і Стыў Уіткаф.
Галоўным вынікам саміту стала «Парыжская дэкларацыя», тэкст якой апублікаваны на сайце Елісейскага палаца. Неабходна зазначыць, што брытанскія і французскія войскі будуць накіраваныя толькі пасля заканчэння ваенных дзеянняў ва Украіне, і ім могуць дапамагаць ЗША.
Акрамя таго, у дэкларацыі гаворыцца, што ЗША павінны каардынаваць кантроль за выкананнем будучага рэжыму спынення агню. Члены «Кааліцыі жадаючых» таксама абавязаліся працягваць падтрымку Узброеных сіл Украіны, якія павінны стаць «першай лініяй» прадухілення новай агрэсіі з боку Расіі. Гэта павінна ўключаць фінансаванне УСУ, пастаўкі зброі і дапамогу ў пабудове фартыфікацыйных збудаванняў. У дакуменце таксама заяўлена пра абавязацельства развіваць доўгачасовае абароннае супрацоўніцтва з Украінай.
Саміт, які Зяленскі ахарактарызаваў як «самую прадстаўнічую сустрэчу» кааліцыі, быў накіраваны на ўмацаванне падтрымкі абароннага патэнцыялу Украіны, а таксама на абмеркаванне палітычных крокаў на шляху да міру. Размовы былі сканцэнтраваныя на гарантыях бяспекі для Украіны і механізмах іх рэалізацыі.
Ад польскага боку ў саміце ўдзельнічаў прэм’ер-міністр Дональд Туск.
Пасля завяршэння сустрэчы ён сказаў, што хоць Польшча не вышле сваіх войскаў ва Украіну, як Францыя і Вялікабрытанія, то аднак будзе адыгрываць важную ролю ў міратворчым працэсе.
- Польшча будзе ключавой дзяржавай у сферы лагістыкі і арганізацыйных пытанняў. Мы будзем прымаць актыўны ўдзел у міратворчым працэсе пасля заканчэння баявых дзеянняў.
Туск сказаў, што яшчэ на гэтым тыдні сустрэнецца з прэзідэнтам Каралем Наўроцкім, каб з ім абмеркаваць пытанне ўдзелу Польшчы ў міратворчай місіі ва Украіне.
Дарэчы, 7 студзеня ў Парыжы былі працягнутыя парамовы, датычныя сітуацыі ва Украіне, але ў рамках Веймарскага трохкутніка – арганізацыі, якая аб’ядноўвае Польшчу, Германію і Францыю.
Як гаварылася, упершыню ў саміце «Кааліцыі жадаючых» удзел прынялі прадстаўнікі Дональда Трампа па пытаннях Украіны. Джарэд Кушнер заявіў, што прынятая ў Парыжы дэкларацыя – ключавая для міратворчага працэсу.
- Сёння мы зрабілі вялікі крок наперад. Я дзякую прэзідэнту Макрону за падрыхтоўку гэтай сустрэчы і за ўклад кожнага ўдзельніка. Сённяшняя праца не азначае, што прыйдзе мір, але мір не прыйдзе без таго прагрэсу, які мы сёння дасягнулі. Украіна павінна быць упэўненая, што пасля падпісання мірных пагадненняў яна будзе ў бяспецы. Гэта прадугледжваюць розныя стрымліваючыя фактары і канкрэтныя гарантыі таго, што такая сітуацыя не паўторыцца ў будучыні.
Сам Зяленскі Парыжскую сустрэчу назваў «вялікім крокам наперад» і звярнуў увагу на гарантыі бяспекі, якія будуць дадзеныя Украіне.
- Што да амерыканскага боку, то нашы двухбаковыя гарантыі бяспекі будуць падтрыманыя Кангрэсам. Дасць Бог, мы да гэтага дойдзем. Мы на гэта разлічваем; дакументы ў асноўным гатовыя. Пакуль што я не магу абмяркоўваць падрабязнасці.
Украінскі прэзідэнт таксама мяркуе, што дэкларацыя аб высланні міратворчага брытанска-французскага кантынгенту мае вялікае значэнне для Украіны.
- Першы крок, які мы зрабілі, вельмі важны. Ён запускае ўвесь працэс, і гэтыя дакументы будуць мець юрыдычную сілу. У большасць краін «Кааліцыі жадаючых» дакумент павінны адобры парламент, таму пасля дэкларацыі, пасля пачатку працэсу, краіны звернуцца да сваіх парламентаў. Мы таксама разлічваем на гэтую падтрымку.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, якія прымаў саміт, зазначыў, што ўпершыню краінам-членам кааліцыі, ЗША і Украіне ўдалося знайсці агульную мову ў пытанні гарантый бяспекі пасля заканчэння ваенных дзеянняў.
- Наша сустрэча – важны крок наперад, які адлюстраваны ў Парыжскай дэкларацыі аб надзейных гарантыях бяспекі дзеля трывалага і моцнага міру. Гэтая дэкларацыя ўпершыню прызнае аператыўную канвергенцыю яе 35 краін-членаў, Украіны і Злучаных Штатаў Амерыкі для стварэння надзейных гарантый бяспекі. У дэкларацыі падрабязна апісаны кожны элемент гэтых гарантый.
Афіцыйны Крэмль пакуль што не пракаментаваў вынікаў парыжскага саміту. Хоць ёсць рэакцыя крамлёўскіх і пракрамлёўскіх СМІ. Так, адзін з парталаў напісаў наступнае: «Саміт міру ў Парыжы абярнуўся самітам вайны: падпісаная трывожная дэкларацыя па Украіне». І далей: «Парыжская сустрэча, задуманая як крок да міру, фактычна ператварылася ў пляцоўку для абмеркавання ваенных планаў. Падпісаная дэкларацыя прадугледжвае размяшчэнне заходніх вайсковых кантынгентаў на Украіне, што з'яўляецца непрымальным для расійскага боку. Складваецца ўражанне, што Кіеў дамагаецца дасягнення мэт спецыяльнай ваеннай аперацыі выключна сілавым шляхам».
Такім чынам, з расійскай ваяўнічай рыторыкі вынікае, што шлях да міру можа быць далёкім. І прычына – не па ўкраінскаму і не па заходняму боку.
вс
слухайце аўдыёфайл