Галоўная задача Рады міру, створанай на Давоскім эканамічным форуме, спрыяць міру ўсюды, дзе існуюць канфлікты. Гэта была ініцыятыва прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які запрасіў у новы орган дзясяткі сусветных лідараў, у тым ліку прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага.
Эксперты, апытаныя Польскім радыё, сыходзяцца ў меркаванні: Раду, створаную лідарам ЗША, варта разглядаць з шматграннай перспектывы. Стэфанія Колаж (Stefania Kolarz) з Польскага інстытута міжнародных спраў адзначае, што пры абмеркаванні Рады міру трэба ўлічваць, сярод іншага, яе мэты і тое, як функцыянаванне новай установы будзе ўпісвацца ў міжнародна-прававыя нормы.
— Вялікую ролю могуць адыгрываць рашэнні прэзідэнта Дональда Трампа, які мае вельмі шырокія паўнамоцтвы ў радзе. Ён можа рашаць, каго запрасіць.ю а каго – нре. Таму важна, якія дзяржавы былі запрошаны, і якія адказалі на запрашэнне.
На думку Войцеха Масцібродзкага (Wojciech Mościbrodzki) з Універсітэта WSB Merito, новая ініцыятыва прэзідэнта ЗША пакуль што з'яўляецца палітычным крокам, а не рэальным інструментам для ўстанаўлення міру.
У сваю чаргу, Кшыштаф Яворскі (Krzysztof Jaworski) з Інстытута бяспекі і міжнароднага развіцця адзначае яшчэ адзін важны аспект, звязаны з Радай міру. Лідар ЗША запрасіў далучыцца да яе такіх палітыкаў, як Нетаньяху, Лукашэнка і Пуцін. Гэта складаны аспект для многіх лідараў, асабліва еўрапейскіх. Больш за тое, прэзідэнт Расіі ўжо абвясціў, што будзе аплачваць пастаяннае членства ў радзе грашыма з замарожаных актываў.
— Гэта вельмі хітры дыпламатычны ход, які ставіць шэраг праблем, асабліва перад тымі краінамі, якія хацелі б прызначыць гэтыя сродкі на ўзбраенне або адбудову Украіны. Таксама расіяне, калі яны згадзіліся ўвайсці ў раду, стварылі такім чынам прэцэдэнт. Грошы быццам бы замарожаныя, але на самой справе Расія зможа імі карыстацца.
Акрамя Дональда Трампа, пад устаноўчым актам Рады міру падпісаліся прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан і прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей, а таксама прадстаўнікі Бахрэйна, Марока, Арменіі, Азербайджана, Балгарыі, Інданезіі, Іарданіі, Казахстана, Косава, Пакістана, Парагвая, Катара, Саудаўскай Аравіі, Турцыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Узбекістана і Манголіі. Дзяржавы-члены будуць абраныя Дональдам Трампам на трохгадовы тэрмін, калі яны не заплацяць аднаго мільярда долараў за пастаяннае членства.
IAR/нг