Польскія знішчальнікі завяршылі распачатую раніцай акцыю ў паветранай прасторы. Іх узнялі ў паветра ў сувязі з масіраванай расійскай атакай на захад Украіны. Пра гэта паведамляе аператыўнае камандаванне відаў узброеных сіл Польшчы на сайце x.
«У сувязі са спыненнем удараў Расійскай Федэрацыі па аб’ектах ва Украіне, дзеянне ваеннай авіяцыі ў паветранай прасторы Польшчы спынена, а задзейнічаныя сілы і сродкі вярнуліся да штатных аператыўных дзеянняў. Войска Польскае сочыць за сітуацыяй на тэрыторыі Украіны на пастаяннай аснове і застаецца ў пастаяннай гатоўнасці забяспечваць бяспеку паветранай прасторы Польшчы» — гаворыцца ў паведамленні.
Расія запусціла ракеты з раёна Чорнага мора, нанесла авіяўдары ракетамі «Кінджал» і адправіла баявыя беспілотнікі. Ракеты даляцелі таксама да Львоўскай вобласці на захадзе Украіны. Агулам расіяне запусцілі каля 120 ракет і 90 беспілотнікаў. Войскі СПА Украіны знішчылі больш за 140 паветраных цэляў. Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Цягам гэтай ночы і раніцы расійскія тэрарысты выкарыстоўвалі беспілотнікі розных тыпаў, у прыватнасці «Шахеды». Крылатыя, балістычныя і аэрабалістычныя ракеты: «Цырконы», «Іскандэры», «Кінжалы», — адзначыў ён.
Паводле Зяленскага, мэтай РФ была ўкраінская энергетычная інфраструктура, есць абясточаныя раёны, ахвяры і пацярпелыя:
«На жаль, ёсць пашкоджанні аб’ектаў ад удараў і падзення абломкаў. У Мікалаеве ў выніку атакі беспілотніка загінулі два чалавекі, яшчэ шэсць атрымалі раненні, у тым ліку двое дзяцей. Спачуваю родным і блізкім загінулых. На сённяшні дзень абясточаны ўчасткі, усе неабходныя сілы былі прыцягнутыя для ліквідацыі і аднаўлення».
Прэзідэнт таксама дадаў, што для адбіцця гэтай атакі былі задзейнічаны пілоты f-16, Су і МіГ, мабільныя агнявыя групы, падраздзяленні радыёэлектроннай барацьбы.
UNIAN/IAR/нг