Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц хоча прадэманстраваць падтрымку Украіне на фоне эскалацыі расійскіх атак.
— Я прыехаў у Кіеў, таму што Украіне спатрэбіцца наша падтрымка ў бліжэйшыя тыдні, — сказаў канцлер Германіі, дадаўшы, што «калі Расію не спыніць, рана ці позна яе ваенная машына павернецца супраць нас». Фрыдрых Мерц адзначыў, што Расія бамбіць жылыя раёны і электрастанцыі.
Канцлера Германіі таксама суправаджае міністр эканомікі Кацярына Райхе. Чакаецца, што падчас візіту будзе завершана дамоўленасць аб сумеснай вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў, прычым прыярытэт будзе аддадзены вытворчасці БПЛА, якія дазволяць эфектыўна абараняцца ад расійскіх рэактыўных беспілотнікаў.
Акрамя таго, чакаецца, што пагадненні будуць датычыць сумеснай вытворчасці зброі з далёкасцю дзеяння больш за 1000 кіламетраў, што дазволіць Украіне атакаваць цэлі ў глыбіні Расіі.
Германія плануе падтрымаць Украіну пакетам ваеннай дапамогі на суму 1,35 мільярда еўра, які прызначаны для аднаўлення ўкраінскай энергетычнай інфраструктуры, разбуранай расійскімі войскамі.
Учора (3 кастрычніка) Расія абвясціла аб далейшых налётах на Украіну і ў заяве Міністэрства замежных спраў перасцерагала замежнікаў і дыпламатаў ад прыезду ва Украіну.
IAR/яс