Polskie Radio

У Варшаве пачалася Мiжнародная парафіяда дзяцей і моладзі

Ostatnia aktualizacja: 08.07.2019 15:37
У ёй будзе ўдзельнічаць каля паўтары тысячы ўдзельнікаў з сямі краін, у тым ліку Беларусі.
Audio
Parafiada 2019
Parafiada 2019Foto: Magdalena Achtenberg/Parafiada.pl

На гэтым тыдні ў Польшчы пачынаюцца спартыўныя спаборніцтвы ў рамках 31-ай Міжнароднай парафіяды дзяцей і моладзі.

Парафіяда – гэта свята спорту, культуры і веры. Мерапрыемства з’яўляецца самай буйной такога тыпу імпрэзай у Еўропе. У ім будзе ўдзельнічаць каля паўтары тысячы ўдзельнікаў з сямі краін – Літвы, Латвіі, Беларусі, Украіны, Расеі, Германіі ды Польшчы. З панядзелку да чацвяргу маладыя спартоўцы прымуць удзел у спартыўных спаборніцтвах у 13-ці дысцыплінах і 16-ці канкурэнцыях. Гэта, у прыватнасці, лёгкая атлетыка, плаванне, матчы па футболе і валейболе.

Спорт здаўна лічыўся вельмі добрым ды эфектыўным інструментам гартавання як цела, так і характару. Гэта не змянілася, нягледзячы на хуткі прагрэс нашай цывілізацыі і змены навыкаў. Сучаснай моладзі вельмі патрэбная дысцыпліна, якую дае спорт. І менавіта спартыўныя спаборніцтвы з'яўляюцца ідэальным інструментам выхавання моладзі, вучаць не толькі перамагаць, але таксама і мірыцца з паражэннямі, – адзначае айцец Яцэк Волян з манашаскага ордэну піяраў, які зʼяўляецца арганізатарам падзеі.

Я. Волян: Мы не адмаўляемся ад таго, што ў спорце ёсць нейкая форма спаборніцтва. Гэта неабходна, паколькі спаборніцтва, барацьба з іншымі дае моладзі штуршок да працы, да таго, каб развіваць сваю сілу і вынослівасць. Акрамя таго, маладыя людзі павінны вучыцца не толькі, як радавацца перамогам, але і таму, як мірыцца з паразамі.

Парафіяда – гэта папулярная форма спартыўнага спаборніцтва, яна развіваецца не толькі ў Польшчы, але таксама за яе межамі, – гаворыць Яцэк Волян.

Я. Волян: На дадзены момант мы ладзім чатыры парафіяды ў асяроддзі палякаў замежжа. Адно з такіх мерапрыемстваў мае ўжо дваццацігадовую традыцыю. Гэта амаль столькі ж, колькі і наша Міжнародная парафіяда ў Варшаве. Дарэчы, вельмі часта на нашу варшаўскую парафіяду прыязджаюць маладыя асобы польскага паходжання з-за мяжы, якія ў сябе на радзіме ўдзельнічаюць у падобных спартыўных спаборніцтвах, і таксама прыязджаюць у польскую сталіцу, каб паўдзельнічаць у гэтай падзеі.

Шмат гадоў удзельнічае ў Міжнароднай варшаўскай парафіядзе Аліна Слонім з Беларусі. Яна прыехала з групай 15 чалавек. Аліна падкрэслівае, што для яе падапечных парафіяда – гэта вельмі важная падзея, якой яны доўга чакаюць і да якой старанна рыхтуюцца.

А. Слонім: На працягу ўсяго года яны часта згадваюць падарожжа ў Польшчу, кажуць – калі ўжо будзе той ліпень, каб зноў паехаць у Польшчу. Яны вельмі цешацца, калі пачуюць, што едуць у Варшаву, калі ўжо набліжаецца тэрмін парафіяды. А рыхтавацца пачынаюць яшчэ зімой, трэніруюцца. Для нашых удзельнікаў важна не толькі падарожжа ў Польшчу, але таксама спартыўнае спаборніцтва, каб заваяваць медалі і завезці іх дадому, у Беларусь.

Парафіяда – гэта не толькі спорт. У рамках мерапрыемства яго ўдзельнікі змагаюцца за званне найлепшага ў розных конкурсах ведаў, прымаюць удзел у мастацкіх, вакальных ды тэатральных занятках, майстар-класах, а таксама ў супольнай малітве.

Парафіяда адбываецца ў Варшаве, яна працягнецца да канца тыдня. Спартыўныя спаборніцтвы ды культурныя сустрэчы пройдуць у аб’ектах двух сталічных вышэйшых навучальных устаноў – Галоўнай аграрнай школы (Szkoła Główna Gospodarstwa Wiejskiego) і Акадэміі фізічнай культуры (Akademia Wychowania Fizycznego).

Праграма парафіяды заснаваная на старажытнай трыядзе: стадыён – тэатр – святыня, гэта значыць, яна ўтрымлівае тры віды актыўнасці – спартыўную, культурную і духоўную.

Пры арганізацыі парафіяды ўдзельнічае 150 добраахвотнікаў, а ганаровы патранат над мерапрыемствам узяў на сябе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

ІАР ПР/нг