Палітыкі кіроўнай партыі кажуць пра тое, што ў кулуарах прадстаўнікі шматлікіх краін выказваюць сваё незадавальненне з увядзення залежнасці бюджэтных выплат ад стану права ў дзяржаве.
Гэта палітычная дубіна - так кажа пра механізм "сродкі за стан права" Дамінік Тарчыньскі, еўрадэпутат ад партыі "Права і справядлівасць". Палітык падкрэсліў у эфіры Польскага радыё, што не толькі Польшча і Венгрыя выступаюць супраць гэтага механізма ЕЗ.
Паводле словаў еўрадэпутата ад ПіС, акрамя афіцыйнай і крытычнай пазіцыі Варшавы і Будапешта, некалькі іншых сталіц таксама не задаволеныя правілам, які з'яўляецца часткай бюджэтнага пакета Еўразвязу на бліжэйшыя гады.
- Гэта Славенія ды Партугалія. Хаця пасля атрымання 3 мільярдаў пазіцыя Партугаліі стала больш кампрамісная. У кулуарах можна пачуць, што шмат дзяржаў незадаволеныя гэтым механізмам. Цяпер выкарыстанне гэтага механізма магчыма ў дачыненні да Польшчы ці Венгрыі. Праз некалькі год любая краіна можа быць у падобнай сітуацыі. Гэты механізм непрымальны. Гэта палітычная дубіна. Кожны можа па-свойму тлумачыць законнасць. Гэта проста механізм, каб абмежаваць доступ да фінансавання.
Польскі ўрад сцвярджае, што новы механізм супярэчыць дамовам ЕЗ і можа выкарыстоўвацца адвольна на падставе палітычных крытэрыяў. З іншага боку, Брусель і Германія заклікаюць Польшчу і Венгрыю прыняць бюджэтны пакет ЕЗ, які ўключае фонд на адбудову эканомікі пасля пандэміі. Перамовы па гэтым пытанні павінны адбыцца на саміце Еўрапейскай рады ў бліжэйшыя дні.
Еўрадэпутат "Права і справядлівасць" Адам Белян заявіў, што Польшча, выступаючы супраць механізму законнасці Еўрапейскага Звязу, грунтуецца на еўрапейскіх дагаворах.
- Юрыдычны аддзел Еўрапейскай рады ў 2018 годзе, калі ёй кіраваў Дональд Туск, не пакінуў сухога месца на механізме законнасці. Тады гэтая прапанова было моцна крытыкаваная. Таксама з крытыкай тады выступіў і Еўрапейскі фінансавы суд, дзе палякі не маюць большасці.
Венгрыя таксама выступае супраць увядзення механізму законнасці. У чацвер 10 снежня пачнецца саміт Еўрапейскай рады, падчас якога лідары дзяржаў-членаў ЕЗ будуць весці перамовы па бюджэце.
ПР/юл