Вялікабрытанія - першая краіна, якая ўхваліла вакцыну распрацаваную фірмамі Pfizer і BioNTech.
Першапачаткова прышчэпкі будуць праводзіцца прыблізна ў 70 шпіталях па ўсёй краіне. Вакцынацыя спачатку закране людзей старэйшых за 80 гадоў і некаторых медыцынскіх і сацыяльных работнікаў.
Прышчэпкі бясплатныя і неабавязковыя, але ўлады настойліва рэкамендуюць іх, аргументуючы гэта тым, што яны з'яўляюцца ключом да вяртання да нармальнага жыцця.
"Сёння велізарны крок наперад у барацьбе Вялікабрытаніі з каранавірусам", - заявіў прэм'ер-міністр Барыс Джонсан. "Мы будзем глядзець на сённяшні дзень як на дзень перамогі, на ключавы момант у нашай барацьбе з гэтай жудаснай хваробай", - дадаў міністр аховы здароўя Мэт Хэнкок.
Абодва спадзяюцца, што праграма масавай вакцынацыі будзе паспяховай, што зменіць стаўленне насельніцтва на палітыку ўрада ў барацьбе з эпідэміяй. Брытанцы крытыкавалі ўрад за спозненыя ды хаатычныя дзеянні, асабліва на першым этапе. У Вялікабрытаніі да гэтага часу 61 434 чалавекі памерлі ад Covid-19, што з'яўляецца пятым вынікам у свеце і самым высокім у Еўропе.
2 снежня незалежнае ад урада Агенцтва па рэгуляванні лекаў MHRA ухваліла дазвол на выкарыстанне вакцыны, створанай амерыканскай фармацэўтычнай кампаніяй Pfizer і нямецкай кампаніяй BioNTech. Праз дзень першая партыя была дастаўлена з Бельгіі, дзе яна вырабляецца, у Вялікабрытанію. Клінічныя выпрабаванні паказалі, што вакцына на 95 адсоткаў эфектыўна абараняе ад COVID-19.
Брытанскі ўрад заключыў здзелку аб набыцці 40 мільёнаў доз вакцыны, чаго хопіць для 20 мільёнаў чалавек, паколькі для эфектыўнай прышчэпкі патрэбныя дзве дозы з інтэрвалам у 21 дзень.
Першапачаткова ўрад разлічваў атрымаць 10 мільёнаў доз да канца года, але з-за праблем з іх вытворчасцю, хутчэй за ўсё, будуць пастаўленыя толькі 4 мільёны. Хэнкок абвясціў, што ў першы тыдзень будзе даступна 800 000 вакцын.
ПР/юл