Беларуская Служба

У сталіцы Літвы працуе выстава, прысвечаная магутнаму роду Радзівілаў

22.10.2019 14:53
На экспазіцыі прадстаўленыя больш за 350 экспанатаў з сямі краін, у тым ліку Беларусі.
Аўдыё
  • У Вільні адкрытая выстава «Радзівілы. Гісторыя і спадчына князёў».
Герб роду РадзівілаўBy Bastian, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=10260880

Больш за 350 экспанатаў можна ўбачыць на адкрытай у Вільні выставе пад назваю «Радзівілы. Гісторыя і спадчына князёў». Большасць выстаўленых аб’ектаў прыбыла ў сталіцу Літвы з Польшчы.

Радзівілы былі адным з самых багатых і ўплывовых магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага. Выстава пра жыццё і дзейнасць знакамітага роду праходзіць у Палацы вялікіх літоўскіх князёў у Вільні. Паказ выставы планаваўся ўжо здаўна, нават некалькі гадоў, а пра тое, як ішла падрыхтоўка да адкрыцця экспазіцыі, распавядае куратар выставы Марыюс Узорка.

- Шмат гадоў мы вялі перамовы з нашымі польскімі партнёрамі, галоўным чынам з Каралеўскага замку на Вавэлі. Арганізацыя выставы была выключна складанай аперацыяй, паколькі спадчына Радзівілаў раскіданая па многіх краінах, а нават кантынентах. Нялёгка ўсё сабраць. Але ўдалося, і вынікам нашых дзеянняў стала экспазіцыя. Трэба сказаць, што гэта быў самы складаны і грандыёзны праект за апошнія 10 гадоў, з самага пачатку існавання Нацыянальнага музею-палацу вялікіх літоўскіх князёў. Як ужо было сказана, на выставе прадстаўлена больш за 350 экспанатаў, сабраных з 40 устаноў, якія знаходзяцца ў 7 розных дзяржавах. Перад адкрыццём выставы шмат людзей працавалі дзень і ноч, каб усё арганізаваць. Мы цешымся, што ўдалося гэта зрабіць.

А чаму якраз у Вільні была зладжана гэтая вялікая выстава? Чаму не ў Польшчы, у Варшаве ці Кракаве, дзе род Радзівілаў таксама выдатна вядомы, дзякуючы, між іншым, Барбары Радзівіл і легендзе пра яе цяжкі лёс, калі з палюбоўніцы яна стала непажаданай жонкай караля Жыгімонта ІІ Аўгуста.

- Тэматычныя блокі, якія выстаўлены на экспазіцыі, паказваюць, што Радзівілы дзейнічалі ва ўсіх сферах жыцця Вялікага Княства Літоўскага. У першай палове XVI стагоддзя яны практычна трымалі ў сваіх руках уладу ў ВКЛ. Яны выконвалі тую функцыю, якая на самой справе належала вялікаму літоўскаму князю. Так што яны ў той час, на пачатку XVI стагоддзя, былі сапраўднымі ўладарамі Літвы.

З вашых слоў вынікае, што Радзівілы былі вельмі важным вяльможным родам у Літве. А ці тут захавалася шмат памятных рэчаў ад гэтага роду?

- Канешне, на гэтую выставу мы вельмі хутка збіралі экспанаты, але ўдалося сабраць сапраўды шмат цікавых памятных рэчаў. Напрыклад, з бібліятэкі Ўрублеўскіх мы пазычылі каля 30 аб’ектаў – гэта старыя дакументы, пергамін. Зразумела, мы правялі выбар гэтых дакументаў, выстаўлялі не ўсё. Так што спадчына Радзівілаў у Літве ёсць, але ў іншых краінах свету яшчэ больш памятных рэчаў. Каб гэта ўсё сабраць у адным месцы, трэба прызначыць шмат часу і грашовых сродкаў. Дастаўка кожнага аб’екту патрабуе шмат арганізацыйнай працы і грошай. Так што гэта складаны праект, з кожнага пункту гледжання.

Шмат экспанатаў, якія паявіліся на гэтай выставе, прыехала ў Вільню з Польшчы. Скажыце, калі ласка, адкуль гэтыя аб’екты?

- Канешне, спадчына Радзівілаў – гэта наша агульнае багацце. Мы блізка супрацоўнічаем з Польшчаю, а большасць тых экспанатаў, якія прадстаўленыя на нашай выставе, захоўваецца ў розных установах менавіта ў Польшчы – у музеях, архівах, бібліятэках, а нават прыватных калекцыях. Гэтае супрацоўніцтва з Польшчаю дае надзею, што і далей мы будзем ладзім сумесна розныя мерапрыемствы. Такая наша супольная гісторыя, мы ж шмат гадоў жылі разам. І нас вельмі цешыць, што супраца з Польшчаю складваецца так эфектыўна, мы ладзім сумесныя праекты. Нам застаецца толькі радавацца.

Пра выставу, прысвечаную роду Радзівілаў, якую можна паглядзець у Вільні, расказваў куратар экспазіцыі Марыюс Узорка. Выстава працуе да 12 студзеня, а на ёй паказаны экспанаты, якія прыехалі з Літвы, Польшчы, Украіны, Беларусі, Нямеччыны, Расіі, Ізраіля і Палестыны. Можна ўбачыць, у прыватнасці, звыш ста партрэтаў Радзівілаў, саркафаг Альжбеты Радзівіл з пачатку XVIІ стагоддзя, харугву роду, а таксама сярэбраны келіх Мікалая Кшыштафа Радзівіла «Сіроткі».

размаўляў Каміль Залеўскі/нг