X
Паважаны карыстальнік!
25 траўня 2018 году ўвайшло ў сілу Распараджэнне Еўрапейскага парламента і Еўрапейскага савета (ЕС) 2016/6/79 за 27 красавіка 2016 (RODO). Прапануем азнаёміцца з інфармацыяй пра апрацоўку асабістых дадзеных на сайце Polskieradio.pl
1.Адміністратарам асабістых дадзеных з'яўляецца Polskie Radio S.A з сядзібай у Варшаве, Al. Niepodległości 77/85, 00-977 Warszawa
2.Па пытанню, звязаным з вашымі дадзенымі, звяртайцеся да Інспэктара аховы асабістых дадзеных па электроннай пошце iod@polskieradio.pl альбо па тэл. (0048) 22 645 34 03.
3.Асабістыя дадзеныя апрацоўваюцца ў маркетынгавых мэтах на падставе дазволу карыстальніка.
4.Асабістыя дадзеныя могуць быць даступныя толькі для выканання паслуг, указаных у палітыцы прыватнасці.
5.Асабістыя дадзеныя не будуць перададзены за межы Еўрапейскай эканамічнай прасторы або міжнародным арганізацыям.
6.Асабістыя дадзеныя будуць захоўвацца на працягу 5 гадоў пасля адключэння профіля ў адпаведнасці з законам.
7.Вы маеце права атрымаць доступ да вашых асабістых дадзеных, выпраўляць іх, выдаляць або абмяжоўваць апрацоўку.
8.Вы маеце права забараніць далейшую апрацоўку; у выпадку, калі вы раней далі згоду на апрацоўку вашых асабістых дадзеных, вы можаце яе адклікаць. Ажыццяўленне права на адмену згоды не ўплывае на апрацоўку, якая адбылася да адклікання згоды.
9.Вы маеце права падаць скаргу ў назіральны орган.
10.Polskie Radio S.A. паведамляе, што падчас апрацоўкі асабістых дадзеных аўтаматычныя рашэнні не прымаюцца, а прафіляванне не ўжываецца.
Больш падрабязная інфармацыя знаходзіцца на старонках dane osobowe, а таксама polityka prywatności.
ЗГОДЗЕН
Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: пераход займеннікаў у іншыя часціны мовы

09.02.2020 13:32
Займеннікі могуць страчваць сваё асноўнае значэнне,  набываць значэнне іншай часціны мовы і выконваць у сказе яе ролю.
Аўдыё
  -
Беларуская мова - марфалогіяфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Сёння нашу ўвагу засяродзім на азначальных, пытальна-адносных, няпэўных і адмоўных займенніках, а таксама на магчамасці пераходу іх у іншыя часціны мовы.

  • Азначальныя займеннікі іншы, кожны, любы, сам, самы, увесь, усякі выражаюць абагульненую якасць або маюць выдзяляльны сэнс, характарызуюцца граматычнымі катэгорыямі роду, ліку, склону (скланяюцца па ўзору прыметнікаў з адпаведнай асновай – цвёрдай ці мяккай). Займеннікі кожны, любы, усякі выкарыстоўваюцца для вылучэння прадметаў з аднароднай сукупнасці (кожны з іх, любы з іх, усякі з іх). Займеннікі ўвесь, усе, усё здольны субстантывавацца (Усе выйшлі на працу), а некаторыя азначальныя займеннікі ў пэўных кантэкстах набываюць ролю мадальнага слова або ўзмацняльнай часціцы, або выкарыстоўваюцца для выражэння ступені якасці (напр.: на самай справе, усё лягчэй, самы лепшы).
  • Пытальна-адносныя (ці пытальныя і адносныя) займеннікі ўключаюць у сябе адны і тыя ж словы (хто, што, які, чый, каторы), якія ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах ужываюцца ў адной форме, аднак, адрозніваюцца функцыянальна і таму, па сутнасці, з’яўляюцца амонімамі. У першай функцыі гэтыя словы выражаюць пытанні аб асобах, істотах, прадметах, іх якасцях ці прыналежнасці, што ў вусным маўленні выражаецца інтанацыйна, а на пісьме – пытальным знакам. У другой функцыі дадзеныя займеннікі выражаюць сэнсавыя і граматычныя адносіны паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа. Займеннікі каторы, чый, які характарызуюцца марфалагічнымі катэгорыямі роду, ліку, склону (скланяюцца па ўзору прыметнікаў), а ў займеннікаў хто, што род і лік могуць выражацца не марфалагічнымі, а сінтаксічнымі сродкамі; пры скланенні гэтыя займеннікі набываюць суплетыўныя формы (хто – каго – каму; шточаго – чаму і інш.). У даданых сказах адносныя займеннікі могуць выступаць і ў ролі галоўных членаў сказа, і ў ролі даданых.
  • Няпэўныя займеннікі нехта, нешта, абы-хто, абы-што, хто-небудзь, што-небудзь, хтосьці, штосьці, нейкі, некаторы ўказваюць на невядомыя прадметы, тыя ці іншыя прыкметы, на прыналежнасць прадметаў. Для няпэўных займеннікаў характэрны катэгорыі роду, ліку, склону, якія ў іх супадаюць з адпаведнымі пытальна-адноснымі займеннікамі, што ўжываюцца для іх утварэння з дапамогай афіксаў не-, абы-, -небудзь, -сьці.
  • Адмоўныя займеннікі ніхто, нішто, ніякі, нічый, ніколькі ўказваюць на адсутнасць тых рэалій, якія яны абазначаюць. Дадзеныя займеннікі выкарыстоўваюцца ў адмоўных сказах, дзе ёсць словы не, няма (параўн.: Ніхто не хацеў паміраць. Нічога на стале няма), утвараюцца ад пытальных шляхам далучэння прэфікса ні-. Займеннікі ніхто, нішто выступаюць у сказе як субстантывы. Адмоўныя займеннікі скланяюцца па ўзору скланення адпаведных пытальных.

Займеннікі могуць страчваць сваё асноўнае значэнне,  набываць значэнне іншай часціны мовы і выконваць у сказе яе ролю.

  • У ролі субстантываў могуць выступаць:

- азначальныя займеннікі усё, усе, усякі, кожны, іншы, сам, ужытыя без назоўніка, якія набываюць прадметнае значэнне (напр.: Яна ўсё ўмела і ўсё ведала. Шам.; Кожны адстойваў сваё меркаванне. Пальч.);

- прыналежныя займеннікі мой, наш, свой, твой (напр.: Не ішлі сюдой ні нашы, адыходзячы, ні немцы. Б.; Яна пазнала сваіх і шчыра ўзрадавалася. Шам.);

- указальныя займеннікі гэта, той, калі яны не паясняюць іншых назоўнікаў (напр.: І гэта больш за ўсё непакоіла Міхася. Лупс.; Той кінуў вуды і вылез з лазняку... Шам.). 

  • У ролі часціцы выступаюць:

- зваротны займеннік у форме давальнага склону – сабе ўзмацняе выказванне і падкрэслівае значэнне незалежнасці асобы (напр. Наталька... ішла сабе паволі, пазіраючы на тое, што рабілася на вуліцы);

- указальны займеннік гэта (напр. Ці не вецер гэта звонкі ў тонкіх зёлках шапаціць? Багд.);

- слова ўсё з узмацняльным значэннем (напр. І народ усё крэпкі, малады, здаровы, як на падбор. К-с);

- займеннікі які (якая, якое, якія), колькі ў ролі клічнай часціцы (напр.: Якая цёплая ноч! К-с; Колькі ўзнялося дубоў маладых! Луж.);

- спалучэнне займенніка што з прыназоўнікам за ў значэнні клічна-пытальнай часціцы (напр. Ты што за чалавек? Чым займаешся? К-с)

  • У ролі прыслоўя могуць выступаць:

- няпэўныя займеннікі штосьці (штось), нешта (напр. Лабановіч стараўся заснуць, але яму штось не спалася. К-с);

- пытальны займеннік што ў форме назоўнага, роднага і давальнага склонаў (напр. Чаго хмурыцца сіняе неба? Куп.);

- слова ўсё, калі ўжываецца пры дзеяслове – выказніку (напр. Жыў на свеце музыка. Многа хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. Багд.)

Таксама ў якасці займеннікаў могуць выступаць словы іншых часцін мовы, напр. лічэбнік адзін, адна, адно, адны (Прыгадваецца надпіс у адной сталоўцы. Шам. – у значэнні 'ў нейкай сталоўцы'). Такі пераход называецца пранаміналізацыяй.

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак