Беларуская Служба

Польшча — лідар па цане на газ: наступствы ізаляцыі Расіі

05.07.2025 13:33
Польшча мае найвышэйшыя аптовыя цэны на прыродны газ у свеце — у 2024 годзе яны перавышалі 15 долараў за брытанскую цеплавую адзінку.
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/Kingtony

Згодна з дакладам International Gas Union (IGU), Польшча мае найвышэйшыя аптовыя цэны на прыродны газ у свеце — у 2024 годзе яны перавышалі 15 долараў за MMBTU (універсальны паказчык — Брытанская цеплавая адзінка). Адразу за ёй ідуць Чэхія, Аўстрыя і Германія. Для параўнання: у ЗША газ амаль у 7 разоў таннейшы, чым у Польшчы, — пішуць на партале energetyka24.com.

Еўропа захоўвае лідарства па дарагавізне газу: сярэдняя спот-цана ў рэгіёне дасягнула 11,52 долара за MMBTU. Найніжэйшыя цэны фіксуюцца ў краінах былога СССР і на рэгуляваных рынках, як у ЗША.

Высокія еўрапейскія тарыфы — вынік адмовы ад танных расійскіх паставак. У Аўстрыі залежнасць ад расійскага газу ў пэўны момант дасягала 98%. У Германіі праявіліся наступствы палітыкі «энергетычнага збліжэння» з Масквой праз запуск скандальна вядомых «Паўночных плыняў».

У Польшчы і Чэхіі рост цэн на гэту сыравіну звязаны з поўнамаштабнай вайной ва Украіне і завяршэннем паставак з РФ. У Чэхіі сітуацыю ўскладняюць высокія транзітныя  выдаткі, звязаныя з дастаўкай газу праз тэрыторыю Нямеччыны.

Цэны польскага газу моцна прывязаныя да рынкаў Нідэрландаў і Германіі. Пасля адключэння ад расійскага газу і зніжэння запасаў, попыт перавысіў магчымасці рынку.

Паводле Форуму спажыўцоў электраэнергіі і газу (FOEEiG), высокія цэны пагражаюць канкурэнтаздольнасці польскай прамысловасці. Новая ініцыятыва — увядзенне «газавага збору» — можа каштаваць буйным прадпрыемствам дадаткова да 11 млн злотых (2,6 млрд еўра) у год.

эж