Беларуская Служба

Ці варта пачынаць вывучаць польскую мову з чытання літаратурных твораў?

31.07.2020 16:25
А, можа, хутчэй сродкі масавай інфармацыі дапамагаюць у пазнаванні мовы?
Аўдыё
Grafika ilustracyjna
Grafika ilustracyjnashutterstock.com/Cristina Conti

Сёння мы працягнем перадачу, прысвечаную праблематыцы польскай мовы. На гэты раз мы паразважаем пра адрозненні паміж сучаснай гутарковай мовай ды літаратурнай мовай. Ці варта пачынаць вучыць польскую мову на падставе літаратурных твораў, ці гэтыя дзве мовы на столькі розныя, што спачатку неабходна вывучыць звычайную, штодзённую, а толькі пазней брацца за вялікія шэдэўры польскіх пісьменнікаў ды паэтаў.

Госць эфіру Польскага радыё – доктар мовазнаўства з Варшаўскага ўніверсітэту Агата Хонця (Agata Hącia). Па словах спецыяліста, складана параўноўваць гутарковую ды літаратурную мовы.

- Гэта дзве розныя мовы, два розныя рэгістры. Канешне, словы і граматыка падобныя, але мовы значна адрозніваюцца. Дарэчы, калі казаць пра класічную мову, то таксама існуюць розныя гатункі такой мовы. Калі мы кажам «класіка», то як правіла разумеем пад гэтым паняццем прозу 19-га стагоддзя, але чаму не прозу 18-га стагоддзя, чаму не паэзію? Гэта таксама класіка, але пра яе мы не думаем, калі чуем такое пытанне. Чаму штодзённая і літаратурная мова так моцна адрозніваюцца паміж сабою? Таму што яны выконваюць розныя функцыі. Гутарковая мова служыць міжчалавечым зносінам, яна павінна выражаць мімалётныя эмоцыі людзей. У сваю чаргу літаратура не служыць перадачы інфармацыі, выражэнню эмоцый. Яна павінна захапляць чытача, выклікаць у яго захапленне, якое ўзнікае, калі мы атрымліваем эстэтычную асалоду, з чым звязана перажыванне высокага мастацтва.

Трэба сказаць, што літаратурныя творы вельмі моцна адрозніваюцца паміж сабою мовай. Цяжка параўноўваць класічную літаратуру 19-га стагоддзя з сучаснымі творамі, асабліва з галіны так званай літаратуры для масаў. У якасці прыкладу прыводзім фрагмент кнігі Дароты Маслоўскай пад назваю «Польска-руская вайна пад бела-чырвоным сцягам». Не будзем перакладаць на беларускую, каб слухачы маглі паслухаць арыгінал. Гаворка ідзе пра размову пары – мужчыны і жанчыны, з якой ён даведваецца, што яна яго кінула.

- Najpierw ona mi powiedziała, że ma dwie wiadomości – dobrą i złą. Przechylając się przez bar, to, którą chcę najpierw. Ja mówię, że dobrą. To ona mi powiedziała, że w mieście jest podobno wojna polsko-ruska pod flagą biało-czerwoną. Ja mówię, że skąd wie, a ona, że słyszała. To mówię, że wtedy złą. To ona wyjęła szminkę i mi powiedziała, że Magda mówi, że koniec między mną a nią. To ona mrugnęła na barmana, że jakby co, ma przyjść. I tak dowiedziałem się, że ona mnie rzuciła.

Ці можна сказаць, што літаратурная мова з’яўляецца ўзорам для жыхароў краіны, што менавіта з літаратурных твораў палякі чэрпаюць прыклад, якім чынам трэба размаўляць, як трэба пісаць? Працягваем гутарку з Агатай Хонцяй.

- Калі б так сапраўды было, то мы павінны размаўляць так, як пішуць пісьменнікі, як пісаў Баляслаў Прус або піша Вольга Такарчук. Гэта не так. Але, несумненна, літаратурная мова застаецца для нас пэўнага роду ўказальным знакам, мы ведаем, што ёсць узор мовы, да якога неабходна імкнуцца. Магчыма, менавіта так мы бачым літаратуру, асабліва як класічны варыянт, і менавіта па гэтай прычыне яна нам патрэбная. Так што класіка – гэта хутчэй свайго роду маяк, да якога можам звярнуцца, калі ўзнікнуць нейкія сумненні, а не ўзор, паводле якога мы павінны будаваць сваю гутарковую штодзённую мову.

У такім выпадку, ці літаратурная мова дапамагае вывучаць польскую мову, ці, наадварот, хутчэй перашкаджае, калі іншаземец імкнецца пазнаць мову з самага пачатку?

- Крыху дапамагае, а крыху перашкаджае. Гутарковая мова жывая, яна вельмі зменлівая, на яе вялікі ўплыў маюць эмоцыі таго, хто гаворыць. Такая мова разнастайная, яна залежыць ад характару чалавека. Адзін гаворыць спакойна, старанна, ён такі па прыродзе, іншы спяшаецца, яго мова неахайная. Тут можна, так сказаць, зламаць нагу. У такім выпадку літаратура нас ратуе, яна з’яўляецца пэўным узорам, маяком. Тым не менш, калі б нехта хацеў вучыць мову толькі на падставе літаратурных твораў, ён бы шмат страціў, паколькі літаратурная мова даволі акасцянелая ў параўнанні з гутарковай мовай. Жывая мова дазваляе заўважыць больш магчымасцяў словаўтварэння дадзенай мовы.

Каб паказаць, наколькі высокая літаратура адрозніваецца ад простай жывой мовы, прапануем паслухаць фрагмент рамана «Патоп» Генрыка Сянкевіча.

- Pewnego wieczora siedziała panna Aleksandra w izbie czeladnej wraz z dziewczętami dworskimi. Dawny to był zwyczaj Bilewiczów, że gdy gości nie było, to z czeladzią spędzali wieczory śpiewając pieśni pobożne i przykładem swym prostactwo budując. Tak też czyniła i panna Aleksandra, a to tym łacniej, że między jej dziewkami dworskimi same były prawie szlachcianki, sieroty bardzo ubogie. Te robotę wszelką, choćby najgrubszą, spełniały b przy paniach służebnymi były, a w zamian za to ćwiczyły się w obyczajności, lepszego doznając od prostych dziewek traktowania.

Мовазнаўца Агата Хонця адзначае, што заўсёды варта знаёміцца з тэкстамі класічнай літаратуры на той мове, якую хтосьці імкнецца вывучыць. Аднак неабходна спярша крыху вывучыць мову, каб магчы адрозніць нюансы літаратурнай і гутарковай мовы. У сваю чаргу, ці сродкі масавай інфармацыі дапамагаюць у пазнаванні мовы?

- Так, канешне. Гутарковая мова значна больш падобная на мову СМІ, чым на мову класічнай літаратуры. Гэта не мастацтва, а інфармацыйныя тэксты, якія падобныя на мову, якой карыстаюцца людзі ў сваім жыцці. Таму, калі нехта хоча авалодаць моваю, варта пачаць менавіта чытаць газеты, слухаць радыё, глядзець тэлебачанне. Калі мы шукаем узор тыповай мовы, мы яго знойдзем менавіта ў сродках масавай інфармацыі. Літаратура – гэта зусім іншы, значна вышэйшы ўзровень.

Пра тое, ці варта пачынаць вучыць польскую мову з азнаямлення з літаратурнымі творамі і ў чым адрозненні паміж гутарковай ды класічнай мовай, мы размаўлялі з мовазнаўцам Агатай Хонцяй, супрацоўніцай Варшаўскага ўніверсітэту.

нг

слухайце аўдыё