Беларуская Служба

Фестываль «Усход культуры» праходзіць без беларусаў

31.08.2020 15:44
У гэтым годзе мерапрыемства з’яўляецца іншым не толькі па прычыне каранавіруса, але і з-за падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.
Аўдыё
  • Фестываль «Усход культуры» праходзіць без беларусаў
         ,
Кожны год артысты з Беларусі былі гасцямі фестывалю у Любліне, Жэшаве і Беластокуwschodkultury.eu

Культурніцкая імпрэза з’яўляецца месцам дыялогу польскіх людзей культуры з творцамі з краін усходніх суседак Польшчы, асаблівым чынам краін Усходняга партнёрства.

Кожны год артысты з Беларусі былі гасцямі фестывалю ў Любліне, Жэшаве і Беластоку, бо гэта ў трох гарадах праходзяць мерампрыемствы. У гэтым годзе па двух раней згаданых прычынах беларускіх удзельнікаў не было – гаворыць прэс-сакратар Нацыянальнага цэнтру культуры Яанна Банцароўска:

- Нам прыйшлося адмяніць шмат падзей, замяніць іншымі сустрэчамі, паколькі артысты з Беларусі не змаглі да нас прыехаць. Акрамя таго, у нас няма з імі кантакту. Да нас даходзіць інфармацыя пра арышты, пра тое, што некаторыя пацярпелі, пра звалненні некаторых з працы. Усё гэта нас вельмі непакоіць.

У знак салідарнасці галоўны канцэрт фестывалю ў Жэшаве, які ўжо 10 гадоў праходзіць у горадзе пад назвай «Еўрапейскі стадыён культуры», у пятніцу быў прысвечаны менавіта беларусам, якія змагаюцца за дэмакратыю, у прыватнасці людзям культуры. Падобным чынам адбылося 22 жніўня падчас галоўнага фестывальнага канцэрту ў Беластоку.

-Міністр Яраслаў Селін, адкрываючы канцэрт гуртоў «Чэрэмшына» і «Гарына», прысвяціў яго Беларусі. І так будзе ў Любліне. У чацвер мы пачынаем люблінскую частку фестывалю. І там таксама будуць спасылкі на Беларусь.

Гледзячы на апошнія падзеі ў Беларусі грамадствы розных краін шукаюць магчымасці праявіць салідарнасці з беларускім грамадствам, а ў прыватнасці з людзьмі культуры. Яанна Банцароўска гаворыць, што фестываль «Усход культуры» таксама можна ўнесці ў лік такіх ініцыятываў:

-Думаю, што гэта першая, натуральная рэакцыя падчас розных культурніцкіх падзей, на якіх творцы збіраюцца разам, калі ідзе гаворка пра агульныя каштоўнасці, дэманструецца нашая салідарнасць з нашымі сябрамі ў Беларусі. У такія хвіліны словы падтрымкі паяўляюцца натуральна. Думаю, такіх падзей павінна быць больш. І напэўна іх будзе больш. Мы таксама працуем над чарговымі з іх.

Фестываль «Усход культуры» ў гэтым годзе з’яўляецца юбілейным, дзясятым па ліку. На фестывалі прэзентуюцца розныя галіны мастацтва: музыка, літаратура, выяўленчае мастацтва, кіно і тэатр. Па словах Яанны Банцароўскай, нязменна на працягу 10 гадоў сярод мясцовых назіраецца немалое зацікаўленне творчасцю беларусаў, украінцаў, гасцей з іншых краін, Арменіі, Азербайджану, Грузіі. Іх прымаюць вельмі цёпла.

-Цудоўная літаратура. Прыязджае мноства выдатных літаратараў, сярод іх таксама стыпендыяты праграмы «Gaude Polonia», якая менавіта адрасаваная творцам і артыстам з краін Усходняй Еўропы. Мы рэалізоўваем гэтую праграму з 2003 году. Гэта таксама рэальная падтрымка для людзей культуры з гэтага рэгіёну Еўропы, у тым ліку з Беларусі.

У Польшчы сёння святкуецца 40-годдзе Жнівеньскіх пагадненняў, у выніку якіх узнік прафсаюз «Салідарнасць». Яанна Банцароўска падкрэслівае сімволіку супадзення гэтай гадавіны і салідарнасці, якія з Беларуссю праяўляюць краіны свету, у прыватнасці Польшча:

-Неверагодна, што падзеі ў Беларусі атаесамляюцца са словам салідарнасць. У той жа самы час палякі адзначаюць вельмі важную для сябе гадавіну. 40 гадоў таму ў Польшчы распачаўся карнавал салідарнасці, калі падпісваліся Жнівеньскія пагадненні, а ў наступныя гады мы назіралі грамадскі зрыў, унутраную салідарнасць. Адначасова з палякамі салідарызаваліся ў цэлым свеце. Мы атрымлівалі дапамогу з Захаду, а сёння мы перадаем гэтую салідарнасць далей на ўсход. Варта памятаць пра ідэю салідарнасці.

Фестываль «Усход культуры» праходзіць у трох этапах у трох гарадах. Учора імпрэза завершылася ў Жэшаве. З 20 па 23 жніўня гэта быў Беласток, а з 3 верасня «Усход культуры» пачынаецца ў Любліне і будзе працягвацца да 6 верасня.

Частка мерапрыемстваў дастпная анлайн на старонцы http://www.wschodkultury.eu/.


ав