Беларуская Служба

Польскія "Муры" натхняюць беларусаў

03.09.2020 14:32
Гэтая кампазіцыя некалькі дзясяткаў гадоў таму стала гімнам людзей, якія змагаліся за свабодную, незалежную Польшчу.
Аўдыё
Jacek Kaczmarski
Jacek KaczmarskiNAC/Rozgłośnia Polska Radia Wolna Europa

Песня «Муры» (Mury) рэдка ўжо гучыць у Польшчы. Гэтая кампазіцыя некалькі дзясяткаў гадоў таму стала гімнам людзей, якія змагаліся за свабодную, незалежную Польшчу. Калі ўдалося дабіцца свабоды, калі жыхары дзяржавы змаглі ўжо самастойна вырашаць пра яе лёс, не аглядаючыся на «вялікага брата», пра песню забылі, хаця, канешне, у аналах гісторыі яна застанецца на заўсёды. Аднак, калі ў Польшчы гэтыя куплеты ўжо паўзабытыя, то ў Беларусі з нядаўняга часу кампазіцыя ў беларускім перакладзе часта нясецца над натоўпам, які пратэстуе супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ды ўлады аднаго чалавека ўжо шмат гадоў. Беларускі пераклад польскіх «Муроў» зрабіў паэт Андрэй Хадановіч, а заспявалі песню Сяргей Космас і Сяргей Ціханоўскі.

Але я хачу распавесці пра польскую версію песні «Муры» або інакш «Сцены». Яна была напісана напрыканцы 70-ых гадоў, а Яцэк Качмарскі заспяваў яе ў 1981 годзе. Акрамя Качмарскага, яе выконвалі таксама Пшэмыслаў Гінтроўскі і Збігнеў Лапіньскі. Песня вельмі хутка стала гімнам польскай «Салідарнасці» – шматлюднага руху барацьбы з камуністычным рэжымам. Нагадаем, Салідарнасць адзначала пад канец жніўня 2020 году свой юбілей – 40 гадоў існавання.

Прататыпам гэтай песні з’яўляецца мелодыя каталонскага выканаўцы Льюіса Льяка (Lluis Llach), які ў сваёй творчасці выступаў супраць дыктатуры іспанскага дыктатара Франсіска Франка. На польскім грунце яна вельмі хутка знайшла сваіх гарачых прыхільнікаў, песня пачала гучаць на сходах ды мітынгах змагароў за свабодную Польшчу. Дарэчы, Качмарскі выконваў гэтую песню разам з Лякам.

On natchniony i młody był, ich nie policzyłby nikt.

On im dodawał pieśnią sił, śpiewał, że blisko już świt.

Świec tysiące palili mu, znad głów podnosił się dym.

Śpiewał, że czas by runął mur...

Oni śpiewali wraz z nim:

«Wyrwij murom zęby krat!

Zerwij kajdany, połam bat!

A mury runą, runą, runą

I pogrzebią stary świat!»

 

Wkrótce na pamięć znali pieśń i samą melodię bez słów.

Niosła ze sobą starą treść, dreszcze na wskroś serc i dusz.

Śpiewali więc, klaskali w rytm, jak wystrzał poklask ich brzmiał.

I ciążył łańcuch, zwlekał świt...

On wciąż śpiewał i grał:

 

«Wyrwij murom zęby krat!

Zerwij kajdany, połam bat!

A mury runą, runą, runą

 

Aż zobaczyli ilu ich, poczuli siłę i czas.

I z pieśnią, że już blisko świt, szli ulicami miast;

Zwalali pomniki i rwali bruk –

»Ten z nami! Ten przeciw nam!

Kto sam ten nasz najgorszy wróg!«

 

A śpiewak także był sam.

Patrzył na równy tłumów marsz,

Milczał wsłuchany w kroków huk,

A mury rosły, rosły, rosły;

Łańcuch kołysał się u nóg...

Patrzy na równy tłumów marsz,

Milczy wsłuchany w kroków huk,

A mury rosną, rosną, rosną;

Łańcuch kołysze się u nóg...

 

Ён быў натхнёны і малады, іх не палічыў бы ніхто. Ён даваў ім песню сілы, спяваў, што золак блізкі. Тысячы свечак палілі яму, над галовамі быў у іх дым. Спяваў, што час ужо, каб рухнуў мур, яны спявалі з ім.

Вырві мурам зубы кратаў, парві кайданы, зламі бізун. А муры рухнуць, рухнуць, рухнуць і пахаваюць стары свет.

Хутка на памяць ведалі песню, і мелодыю без слоў. Яна несла стары змест, дрыжанне сэрцаў і душы. Спявалі, пляскалі ў далоні рытм, як быццам бы стрэл гучаў. Цягнуў ланцуг, не прыходзіў світанак, але ён спяваў і граў.

Яны ўбачылі, колькі іх, адчулі сілу і час. І з песняю, што блізкі ўжо золак, ішлі па вуліцах, помнікі скідалі й рвалі брук. Гэты з намі! Гэты супраць нас! Хто адзін – той найгоршы вораг. А пясняр быў адзінокі. Глядзеў на роўны натоўпу марш, маўчаў, слухаў крокаў шум. А муры раслі, раслі, ланцуг вісеў на нагах.

Як я ўжо казала, тэкст кампазіцыі на беларускую мову пераклаў Андрэй Хадановіч, але я прапаную вашай увазе больш даслоўны пераклад у маім уласным выкананні, паколькі пераклад паэта, літаратара заўсёды будзе больш творчы, а мэта гэтай перадачы – перадаць як мага больш дакладна польскі змест дадзенай кампазіцыі.

Сам загаловак кампазіцыі – «Mury» – па-беларуску «муры» – гэта інакш тоўстыя сцены, цагляныя або каменныя, вакол нейкага будынку. У размоўнай мове гаворыцца «jak mur» – гэта значыць «вельмі моцны». Па-польску гаворыцца таксама «stać murem» – стаяць сьцяною. У песні слова муры, зразумела, выкарыстоўваецца ў пераносным, негатыўным значэнні – перашкоды да свабоднага, лепшага жыцця. Муры павінны «runąć» – рухнуць, абваліцца, разбурыцца, каб «pogrzebać» – пахаваць – стары свет і даць пачатак новаму. Іншае слова, падобнае да беларускага, але якое мае крышку іншае значэнне, гэта выраз «huk». Ён азначае не зусім тое ж самае, што нейтральнае беларускае слова гук. Польскі huk азначае штосьці значна большае, чым беларускі гук – гэта таксама гук, але вельмі голасны – гул, грукат або грук. І з такім грукатам ішлі натоўпы (tłumy) людзей, каб зрынуць сцены і парваць аковы, сарваць кайданы.

Трэба яшчэ дадаць, што самому Яцэку Качмарскаму не вельмі падабалася, што яго песня стала гімнам змагання з рэжымам. Ён тлумачыў, што людзі разумеюць словы няправільна, што сэнс кампазіцыі ў іншым, чым змаганне з прыгнётам, але песня ўжо пачала жыць сваім жыццём, незалежна ад выканаўцы.

нг