Беларуская Служба

Акрамя духоўнага і рэлігійнага сэнсу святаў Каляды перапоўненыя рознымі сімваламі

24.12.2020 11:14
Кожны рэгіён, а нават кожная мясцовасць ці сям’я маюць свае ўласныя калядныя традыцыі.
Аўдыё
  • Акрамя духоўнага і рэлігійнага сэнсу святаў Каляды перапоўненыя рознымі сімваламі
Вернікі дзеляцца аплаткам на вігілійнай вячэры_Alicja_/pixabay.com/CC0

І хоць сучасныя людзі не настолькі моцна прывязаныя да традыцый і вераванняў, як іх продкі, варта ведаць, што кожная страва, кожнае традыцыйнае ўпрыгожанне маюць сваю гісторыю і значэнне.

Пра іх мы паразмаўляем з Малгажатай Яшчолт з Этнаграфічнага музею ў Варшаве.
Сена і салома былі неад’емным сімвалам калядных святаў. Этнограф кажа, што яны былі прысутныя як у дамах сялян, так і ў магнатаў. Сёння пра гэтую традыцыю, на жаль, забываюць.

-Калі казаць пра салому, то ставілі альбо адзін сноп каласкамі ўверх, альбо чатыры снапы з усіх збожжаў, якія вырошчвалі: пшаніцы, жыта, ячменя, аўса. З аднаго боку гэта гаварыла пра вегетацыйную магію, а з іншага боку гэтыя снапы называлі дзядамі. Калісці верылі, што ў часе зімовага сонцастаяння на зямлю спускаюцца душы продкаў, памерлых. Такі сноп павінен быў сімвалізаваць такога продка, які прыйшоў на Вігілію.

У выпадку сена ёсць таксама і рэлігійнае значэнне – сена з ясляў. Гэта знак памяці аб тым, што Хрыстос нарадзіўся ў беднасці, быў пакладзены ў яслі на сене. У даўнія часы сена ці салому раскладвалі на падлозе, крыху пазней іх расцілалі пад абрусом.

Таксама калісці свабоднае месца за сталом не рыхтавалася, як цяпер, для выпадковага госця, а для душы продка. Таксама пасля Вігіліі не прыбіралі стол адразу, каб павячэраць маглі душы памерлых.

Адным з сучасных сімвалаў, якія паяўляюцца на Каляды, з’яўляецца ялінка. У Польшчы традыцыя ставіць гэтае дрэўца прыйшла з Германіі. Але перад з’яўленнем ялінкі на столі вешалі палазнік.

-Гэта вярхушка сасны, елкі ці іншага зялёнага дрэўца. Гэта таксама маглі быць проста яловыя галінкі. Палазнік вешалі высока на столі. Важна, каб гэта было дрэўца, якое зялёнае круглы год, што сімвалізуе жыццё, вегетацыйную працягласць. Пад канец 19- пачатак 20 стагоддзяў на палазнікі, а потым на ялінкі пачалі вешаць натуральныя ўпрыгожанні: яблыкі, арэхі, аплаткі, печаныя пернікі. Яны павінны былі гарантаваць здароўе, прыгажосць, пладавітасць, як арэхі, кожны прадмет меў сваю сімволіку.
Белы аплатак, які з’яўляецца адным з найважнейшых сімвалаў на каталіцкім вігілійным стале, называлі анёльскім печывам. З аднаго боку, гэта сімвал звязаны з апошняй вячэрай, таму не да канца зразумела, як з апошняй вячэры з апосталамі аплатак паявіўся на Вігіліі. З іншага боку, аплатак – гэта сімвал хлеба.

-Хлеб здаўна лічыцца самым галоўным харчаваннем, можна нават сказаць святым. Таму і Вігілія пачынаецца менавіта ад аплатка. Прысутныя ім дзеляцца, складаюць сабе пажаданні. Гэта тлумачыцца сімволікай дзялення хлебам у супольнасцях першых хрысціян. Лічыцца, што дзяліцца аплаткам – гэта тыповая польская традыцыя, праяў кахання, сяброўства, добразычлівасці, міру.

У многіх дамах вешаюць амялу. Мяркуецца, што калі пад ёй пацалавацца, то гэта гарантуе каханне на наступны год. Малгажата Яшчолт дадае, што ў цяперашнім часе на Вігіліі перамяшаліся вельмі розныя традыцыі і сімвалы.

-Гэта час, калі мы стараемся прыцягнуць усё, што добрае, багатае, адсюль і каханне, якое з’яўляецца самай важнай каштоўнасцю ў жыцці кожнага. Нават такая прыказка: У каго няма амялы, той цэлы год будзе голым. Таму над сталом павінна паявіцца амяла. Раней таксама лічылася, што амялу трэба вешаць канкрэтна ў дзень Вігіліі і дакладна над сталом. Лічыцца, што амяла была святой раслінай кельтаў. Ёсць дакладныя апісанні як кельтыйскі святар, друід, зрываў амялу. У белай вопратцы, залатым сярпом. Амяла не магла ўпасці на зямлю, толькі на пакрывала, інакш яна была б нячыстая. Мы ведаем, што амяла расце на дрэвах, пераважна на лісцяных, найбольш вартаснай лічылася амяла з дуба. Амяла знаходзіцца паміж небам і зямлёй, лічылася, што асаблівай моцы яна набірае ў часе зімовага сонцастаяння. Лічылася, што амяла таксама гарантуе пладавітасць. Паколькі яна вечна зялёная, таму і атаесамлялася з вечнай любоўю. Таму паявіўся звычай цалавацца пад амялой.

Стравы на Вігілійным стале таксама з’яўляюцца традыцыйнымі, але ў кожным рэгіёне традыцыя іншая. Этнограф Малгажата Яшчолт адзначае, што агульным для ўсіх была поснасць страваў.

-На Вігіліі павінна паявіцца ўсё, што ў полі, садзе, агародзе, лесе і вадзе. Павінна гэтага быць шмат, каб такім чынам гарантаваць багацце на будучы год. Таму страваў павінна быць 12, ці цотная альбо няцотная колькасць у залежнасці ад рэгіёну. Усё ж ёсць прадукты, якія паяўляюцца на кожным стале, хоць у розных версіях. Павінен быць мак, павінны быць грыбы, збожжа ў розным выглядзе, рыба, мучныя стравы ў рознай форме, як напрыклад аўсяны кісель, папулярны на ўсходзе Польшчы. Мы ўжо казалі, што гэта час, калі на зямлю спускаюцца душы. З імі звязаныя мак і грыбы. Паколькі раней ад маку хацелася спаць (цяпер мак іншы), то яго звязвалі з іншым светам. Падобным чынам грыбы, якія могуць выклікаць галюцынацыі, таму і сувязь з душамі. Неба спалучаецца з зямлёю. Справа ў тым, каб для душаў таксама быў пачастунак.

Этнограф падкрэслівае, што сум па памерлых – гэта неад’емная частка важных момантаў у жыцці жывых. Такім часам напэўна з’яўляецца Вігілія. У многіх сем’ях перад Вігілійнай вячэрай за душы памерлых моляцца.

І хоць у сучаснасці многія нават і не падазраюць, але амаль кожны элемент вігілійнага стала мае сваю традыцыю і сваё значэнне.

ав