Беларуская Служба

Бацькам навагодняй цацкі лічыцца Ганс Грэйнер

25.12.2020 10:07
Мяркуецца, што ва ўсходнюю Еўропу традыцыя ўпрыгожвання ялінак прыйшла з Германіі. 
Аўдыё
  • Бацькам навагодняй цацкі лічыцца Ганс Грэйнер
.
.Visor69/pixabay.com/CC0

Верагодна, першая ёлка ў Польшчы з'явілася ў Гданьску. Мясцовы настаўнік нямецкай мовы ў канцы XVII стагоддзя пісаў, што на базары можна набыць гатовае і ўпрыгожанае «Святое дрэва Хрыста». Мы запрашаем на размову пра гісторыю навагодніх цацак.
Напрыклад, у Швецыі ялінкі ўпрыгожваюць драўлянымі цацкамі ці іншымі драўлянымі прадметамі. У Чэхіі і Славакіі часта вешалі маляванае яечнае шкарлупінне, а ў Літве традыцыйна ўпрыгожанні робяць з саломы.

А самая дарагая навагодняя цацка была зробленая брытанцам Маркам Хасэям, яна каштавала амаль 100 тысяч еўра. Цацка цалкам зробленая з 18-каратнага золата, мае 188 рубінаў і амаль 1600 алмазаў.

Ізабэла Брымэрска з Музею навагодніх цацак у Мілічу (Польшча) нагадвае, што калядныя святы, як і пасхальныя, сцісла звязаныя з паганскай традыцыяй зімовага сонцастаяння. А сама ідэя дэкарацыі дамоў была блізкая людзям тысячы гадоў.

-У старадаўнім Эгіпце дэкаравалі дамы, паколькі верылі, што ёсць адзін дзень у годзе, калі асаблівую моц мае бог Ра. Таму дамы ўпрыгожвалі пальмавымі лістамі. У старадаўняй Грэцыі дамы дэкаравалі лаўровымі лістамі і галінкамі аліўных дрэваў. Дадаткова выкарыстоўвалі каляровыя стужачкі: белыя і чырвоныя, каб падкрэсліць урачысты характар гэтых падзей. Нават вікінгі адкрылі вялікую моц дэкаравання дамоў амялой.

Мяркуецца, што ва ўсходнюю Еўропу традыцыя ўпрыгожвання ялінак прыйшла з Германіі. Ізабэла Брымэрска кажа, што і тут ёсць пэўная легенда.

-Святы Баніфацый, несучы добрую навіну паганам, аднойчы апынуўся ў нямецкім лесе ў час сур’ёзнага ўрагану. Пападалі ўсе дрэвы, разам з дубамі. У сваю чаргу засталася адна малая ялінка. Адсюль узялася ідэя дэкаравання дамоў ялінкамі. Толькі калісці галінкі елак закладвалі за абразы, падвешвалі пад столь, альбо вешалі толькі вярхушкі елак на столі, але гэта яшчэ не была нашая традыцыйная ялінка. Такую елку як цяпер пачалі ставіць у другой палове 19 стагоддзя, а ў некаторых дамах у Польшчы толькі пасля Другой сусветнай вайны.

Самая старажытная згадка пра ялінку, падобную на вядомую нам сёння, паходзіць з царкоўных пропаведзяў 16-га стагоддзя з мяжы Францыі і Германіі – Эльзаса. Практыка размяшчэння хвойнага дрэва ў дамах, аздобленага райскімі яблыкамі, печывам, папяровымі ўпрыгожаннямі і грэцкімі арэхамі, лічыцца язычніцкай.

Аўтарам навагодняй цацкі лічыцца Ганс Грэйнер, якія жыў у XVII стагоддзі. Ён быў вельмі бедным працаўніком шклянога заводу. Ён выдзьмуў сабе цацку, паколькі не меў за што купіць яблыкі, пакрытыя глузурру, ці ласункі. А менавіта гэтым у той час упрыгожвалі ялінкі. Папяровыя ўпрыгожанні таксама былі дарагімі, паколькі паперні толькі пачалі ўзнікаць.

-Першая цацка нагадвала менавіта яблык. Самыя папулярныя цацкі па сённяшні дзень з’яўляюцца круглымі і маюць чырвоны колер. У Польшчы цацкі паявіліся пасля Другой сусветнай вайны. У будынку, дзе знаходзіцца наш музей, была адна з самых старых мануфактур па вырабу навагодніх цацак. Да 2008 году яна была самай вялікай мануфактурай. Усе цацкі, якія тут вырабляліся былі ручной работы.

1848 годам датуюцца першыя пісьмовыя звесткі пра шкляныя навагоднія цацкі і выкарыстанне драўляных формаў для іх вытворчасці. Новая форма ўпрыгожвання ёлкі імкліва набірае папулярнасць.

Працаўніца музею кажа, што цацкі маюць сваю сімволіку, што ніводная з іх не з’яўляецца выпадковай.

-Цацка-анёл прыносіў добрую навіну. Грыбочкі сімвалізуюць дары з лесу, паколькі на Вігілію стравы павінны былі быць з лесу, палёў, лугоў і вады. Калі на нашай ялінцы паяўляюцца такія формы, то гэта падрыхтоўка да Вігіліі і свята Божага нараджэння. Раней былі папулярныя шары-рэфлектары. Гэта вельмі важная цацка, якую называлі вокам вядзьмаркі. Яна павінна была паявіцца на ялінцы, паколькі прыносіла шчасце, а дакладней пужала злыя сілы. Калі нехта павесіў такую цацку ў Вігілію на ялінку, то гэты дом быў пад аховаю круглы год. Ну і важна памятаць, што ялінку, па традыцыі, упрыгожваюць не раней, чым у дзень Вігіліі.

Сярод іншых значэнняў форм можна вылучыць шар. Гэта сімвал бесперапыннасці і паўтарэння чалавечага жыцця, адраджэння, бясконцасці і ўсяго стварэння, і перш за ўсё вечнай прыроды Бога.

Універсальным сімвалам шчасця і радасці з’яўляюцца цацкі-птушкі. Птушкі – пасланцы боскай любові і міру. Яны прыносяць добрыя навіны, абвяшчаюць росквіт і радасць. Форму зрабіць даволі складана. У Германіі цэлыя семʼі спецыялізаваліся толькі на вытворчасці шкляных птушак.

А вось рыба – гэта раннехрысціянскі сімвал Ісуса Хрыста. Наяўнасць рыбы на ёлцы сведчыць пра тое, што нарадзіўся Ісус.

ав