Беларуская Служба

Беларускі ютубер расказаў нам пра тое, як важна ствараць кантэнт у сацсетках па-беларуску

27.12.2020 20:45
Беларускамоўны кантэнт у сацсетках становіцца толькі больш і больш папулярным, лічыць наш суразмоўца.
Аўдыё
  • Усяслаў Пашкевіч расказаў пра сваю гісторыю са стварэннем беларускамоўнага кантэнту ў сацсетках і будучыні гэтай часткі культуры
Усяслаў Пашкевіч і лога яго каналуФота ўласнае Ўсяслава Пашкевіча

Усяслаў Пашкевіч, вядомы ў інтэрнэце як Тутейшы Шляхціч, адзін з самых распазнавальных беларускамоўных блогераў. Мы паразмаўлялі з Усяславам наконт таго, як ён бачыць беларускую блогасферу будучыні. Таксама мы запыталі, чаму ён пачаў выкарыстоўваць беларускую мову ды публікаваць на ёй свае відэа. Больш падрабязна ў інтэрв’ю Альберта Ежы Вяжбіцкага.

АЕВ: Прывітанне Ўсяслаў. Вельмі рады цябе чуць, дзякуй, што згадзіўся паразмаўляць. Можа пачнем з самога асноўнага, бо пэўна некаторыя людзі цябе не ведаюць. Як ты прыйшоў да таго, каб здымаць відэа па-беларуску?

УП: у 2018 годзе, на другім курсе каледжа, на маю свядомасць і маё стаўленне паўплывала мая спецыялізацыя. Я турагент-экскурсавод і ўжо на другім курсе пачаліся прадметы звязаныя з гісторыяй і мы там разбіралі біяграфіі. Я для сябе адкрыў столькі цікавых асоб. Таму што звычайна сярэднестатыстычны беларус, які цікавіцца гісторыяй каго ведае? Радзівіла, Мулявіна, Машэрава. Вось тых, хто дзесьці там з’яўляецца ў навінах, Якуба Коласа, Янку Купалу – іх людзі ведаюць. Я задаўся пытаннем: калі ў нашай гісторыі былі настолькі самаахвярныя людзі, а сярод іх і шляхта і дваранства і графы былі, якія займаліся даследаваннем, як браты Тышкевічы. Здавалася шляхта, жывіце сабе як хочаце, а яны тым часам займаліся даследаваннямі нашага краю, пры чым вельмі грунтоўна. І вось я задаўся пытаннем, калі людзі настолькі самаахвярныя і грунтоўна прысвяцілі сваё жыццё Беларусі, чаму я элементарна не магу сесці і вывучыць сваю родную мову?

АЕВ: Таксама важнай падзеяў быў твой удзел у святкаванні БНР 100. Ты яшчэ тады, здаецца, не размаўляў па-беларуску. Аднак, пасля гэтай падзеі ты вырашыў перайсці на беларускую мову.

УП: БНР 100 – гэта мой першы дзень волі. І канешне, як у першым выпадку, атмасфера якая там панавала, яна мяне настолькі натхніла... Я паўсюль чуў беларускую мову, не толькі са сцэны, а таксама побач. Напрыклад я запытваў ці можна сфатаграфацца з чыімсьці бчб сцягам. І людзі адказвалі на мае запыты па-беларуску і гэта мне настолькі ўразіла і натхніла, што я захацеў, каб уся Беларусь была чароўнай, беларускамоўнай як тое свята.

АЕВ: На тваім канале ў Ютубе мы можам пабачыць рознага тыпу відэа. Самыя папулярныя -гэта відэа пра БЧБ, Пагоню, але ёсць і ролікі больш забаўляльныя. Як ты выбіраеш тэмы для сваіх відэа?

УП: Адказ просты – я раблю тое, што мне прыходзіць на розум, тое што мне падабаецца. Бо я запомніў цудоўныя словы, што ніколі не трэба імкнуцца да папулярнасці або здавацца ідэальным, усім спадабацца. Не, проста трэба рабіць тое, што падабаецца. Прыйшло мне на розум зрабіць відэа пра «Невядомы Менск», я пайшоў са спадаром Юр’ем, мы запісалі і ўсё.

АЕВ: А вось пра гэтыя ролікі пад назвай «Невядомы Мінск» – гэта тэма вельмі цікавая і звязаная з тваёй будучай прафесіяй. Чаму ты вырашыў запісваць і публікаваць гэты «невядомы Мінск»?

УП: Варта дадаць, што гэты шэраг відэа я здымаю са спадаром Юр’ем і ўзгадваю гэта не выпадкова. Яно неяк так супала, што па першае я даўно хацеў пачаць здымаць такога кшталту ролікі, таму што я заўважыў, што як мінчанін, я тут жыву доўга, а многа чаго не ведаю. І разумею, што многія не ведаюць. І тут спадар Юры мне напісаў, што і ён хоча ствараць нешіа такое. Гэта вельмі добра заходзіць, бо вось напрыклад тыя ж відэа як пра загадкавую смерць Янкі Купалы – усе кажуць, што іх цяжка ўспрымаць, бо яны як лекцыя. А вось падарожніковыя відэа больш простыя і лёгкія, бо ў іх больш руху і глядзіцца як нейкі трэвелінг.

АЕВ: Як за час пратэсту развілася блогасфера Беларусі? Я маю на ўвазе, канешне, беларускамоўны Ютуб? Ці ты бачыў павелічэнне папулярнасці і запатрабавання на беларускамоўны кантэнт?

УП: Мае назіранні такія: На Ютубе ёсць самастойныя блогеры, як я напрыклад, блогеры без фінансавання. І з гэтым не так усё добра, таму што Ютуб мае такую механіку, што тут вельмі складана прабіцца ў рэкамендацыі, таму новых акаўнтаў я пакуль не заўважыў. А ў тых, што ёсць заўважаецца эмацыйнае выгаранне адпаведна з падзеямі, якія адбываюцца. Таму канешне зараз усе мала пачалі здымаць. Але бачу нейкую адлігу і ўжо пакрыху, пакрыху відэа пачынаюць выпускаць. Другая група – буйныя каналы – як «годна», «symbal.by», якія маюць фінансвавнне. Яны выдаткоўваюць шмат грошай на рэкламу і каналы добра растуць, набіраюць праглядаў, з’яўляюцца каментары. Бачна, што да іх прыходзіць шмат людзей, з розным меркаваннем, размаўляюць на розных мовах.
Але я заўважыў, што ў ЦікТоку пачало з’яўляцца даволі шмат беларускамоўных блогераў. І нават не тое, што беларускамоўных блогераў. Я заўважыў, што нават тыя, хто не з’яўляюцца пастаяннымі блогерамі, людзі пачалі выкарыстоўваць беларускую мову для стварэння відэа. У Ціктоку вельмі шмат напрыклад відэа з пратэстаў, маршаў і зараз пачалі з’яўляцца і беларускамоўныя блогеры. І гэта абумоўлена тым, што Цікток не глядзіць на тое, на якой мове ты робіш відэа, ён прасоўвае іх паводле геалакацыі і колькасці перапраглядаў. Зараз у мяне ў Ціктоку 5 тысяч падпісчыкаў, якіх я сабраў вельмі хутка. На тым жа Ютубе 2 тысячы я збіраў 2 з паловай года.

Гэта была размова з Усяславам Пашкевічам, блогерам, які здымае ролікі ў Ютуб, але як мы даведаліся таксама прасоўвае беларускамоўны кантэнт у Ціктоку. Калі ў Вас узніклі думкі, каб самому пачаць ствараць у сацсетках па-беларуску, то наступны раз мы з Усяславам пагаворым пра тое, чаго нам не хапае ў беларускамоўнай прасторы.

Паверце, ёсць шмат галінаў, якія толькі чакаюць на сваю беларускамоўную агучку!


Альберт Ежы Вяжбіцкі