Беларуская Служба

Якія песні суправаджалі 2020 год у Беларусі?

02.01.2021 13:57
Мы падрыхтавалі суб'ектыўны ТОП беларускіх песень, якія паўсталі або атрымалі новы сэнс у мінулым годзе.
Аўдыё
  • Мы выбралі ТОП 5 песень 2020 года, якія апісваюць падзеі ў краіне
  NIZKIZ   600
Кліп гурта NIZKIZ здабыў ужо 600 тысяч праглядаўСкрыншот з YouTube

І хоць календары змененыя, то пакуль што ў новым 2021 годзе не адбылося шмат падзей, каб хапіла на музычны матэрыял. Таму ў нас сёння – маленькае падсумаванне гістарычнага 2020 года, у якім былі напісаныя або вярнуліся з забыцця і распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі песні, якіх не забудзем ні мы, ні будучыя пакаленні.

1. Муры

Варта пачаць песняй, якая сваю папулярнасць пачала здабываць яшчэ задоўга да гэтак званых выбараў, што прайшлі ў жніўні. Гаворка ідзе пра «Муры», якія гучалі ў выкананні Сяргея Ціханоўскага, НЕХТА, гуртоў і тэатраў не толькі Беларусі. Андрэй Хадановіч, які пераклаў гэтую песню яшчэ ў 2010 годзе, не раз выконваў яе на акцыях пратэсту. Ён не аднойчы гаварыў пра тое, што песня вельмі сімвалічная, бо дазволіла пераняць «эстафету свабоды», якая пачалася ў Іспаніі ў 70-ых, праз падзеі 80-х гадоў у Польшчы, ажно да важнага 2020 года ў Беларусі, які распачаў працэс разбурэння гэтых муроў. Уласна польская версія Яцэка Качмарскага стала натхненнем для беларускай версіі. І на акцыях салідарнасці ў Польшчы мы маглі ўбачыць вельмі чуллівыя карцінкі, калі беларусы разам з палякамі спявалі народны гімн свабоды. Хай гэтая песня запомніцца ўсім і стане сапраўдным гімнам свабодных беларусаў. «Муры» у выкананні Андрэя Хадановіча 2014 года:

2. Іншымі

«У нас ёсць сын, якому крыху больш за два гады і які ведае ўвесь транспарт у горадзе: якога ён колеру і чым займаецца «хуткая дапамога ратуе людзей, экскаватар капае яму, кран будуе дом». Але мы абсалютна не ведаем, які растлумачыць дзіцяці, што робіць «вялікая зялёная машына», якіх у горадзе становіцца ўсё больш». Так 23 чэрвеня пры нагодзе прэм’еры гэтай песні пісаў у сваім інстаграме гурт «Naviband». І менавіта «Іншымі» сталі адной з песень, якія з 9 жніўня слухалі ў краіне ды за мяжой. Арцём і Ксенія з’явіліся таксама на некалькіх нядзельных маршах, на якіх спявалі свае творы. Падзеі гэтага года сталі штуршком да таго, што прадстаўнікі Беларусі на «Еўрабачанні – 2017» выразна выказаліся на палітычныя тэмы. Потым яны прымалі ўдзел у канцэртах салідарнасці ў Польшчы і Беларусі і запісалі чарговыя песні «Девочка в белом» ды «Миллионы больших сердец».

3. Перемен

Песня-легенда беларускага пратэсту, за слуханне якой саджалі 10 гадоў таму, набрала яшчэ навейшы характар падчас падзей 2020 года. Напярэдадні выбараў двух хлопцаў Кірыл Галанаў і Уладзь Сакалоўскі на дзяржаўным мерапрыемстве вырашылі пусціць хіт Віктара Цоя, за што іх пасадзілі на Акрэсціна яшчэ да страшэнных падзей 9-11 жніўня. Адразу ж пасля іх адважнага чыну яны сталі сімвалам пратэсту. Іх дзеянні спрычыніліся да стварэння славутай Плошчы Перамен на вуліцы Чарвякова, дзе тыднямі адбываліся сходы беларусаў, якія святкавалі сваю свабоду ды знаёміліся з суседзямі падчас канцэртаў і піцця гарбаты. Там жа ў свой апошні шлях выйшаў Раман Бандарэнка. Песня «Перемен», хаця і запісаная ў далёкім 1989 годзе, стала актуальнай як ніколі на фоне падзеяў 2020 года ў Беларусі. І таму хіт гурта «Кіно» не мог не прагучаць на нашых хвалях.

4. Пагоня

Гэта неафіцыйны гімн Беларусі, але ў сэрцах многіх – гэта песня-сімвал, якая дасканала аддае характар беларусаў. Верш Максіма Багдановіча пад музыку Міколы Шчаглова быў упершыню апублікаваны ў 50-я гады ў ЗША. Але толькі ў 2020 годзе ён стаў шырока вядомы ўсім беларусам, якія ахвотна выконвалі яго на пратэстах. Для многіх «Пагоня» стала сімвалам 2020 года з моманту, калі яе выканалі вакалісты Дзяржаўнай філармоніі ў Мінску разам з песняй «Магутны Божа». Потым «Пагоню» можна было пачуць у метро і гандлёвых цэнтрах па ўсёй краіне.

5. Правілы

Ёсць яшчэ песні, якія ўзніклі пасля пратэстаў. Напрыклад, гэта «Іржавая дзяржава» ды «Ворагі народу» Лявона Вольскага, згаданыя раней песні Naviband і нават жартоўная «Шчучыншчына». Салідарнасць з беларусамі выказалі гурты з усяго свету: Украіны, Польшчы, ЗША. Немагчыма нагадаць усіх песняў, якія ўзніклі пад уплывам беларускіх падзей. Таму на канец пакінем вас з песняй «Правілы» гурта Nizkiz, якая сабрала ўжо больш за паўмільёна праглядаў толькі на адным YouTube. Чароўнага вам 2021 года!

Альберт Ежы Вяжбіцкі