Беларуская Служба

Дзякуючы яму вядомыя дэталі жыцця горада на руінах

11.01.2021 14:34
Раманы і дзённікі Леопальда Тырманда з’яўляюцца сёння адной з лепшых крыніц ведаў пра жыццё ў Варшаве ў пасляваенны перыяд.
Аўдыё
  • Леопальд Тырманд пісаў у вельмі красамоўны спосаб пра штодзённае жыццё Варшавы 50-х
Leopold Tyrmand
Leopold Tyrmandszarmant.pl

Сталіца Польшчы была знішчаная Немцамі ў час вайны, перад усім пасля варшаўскага паўстання 1944 года. 17 студзеня ў Варшаву ўвайшла Чырвоная армія і былыя жыхары сталіцы пачалі вяртацца. На самым пачатку жыццё ў Варшаве нагадвала перыяд прыручэння Дзікага захаду ў ЗША. Яны жылі ў цудам ацалелых дамах ды будавалі новыя. Потым адбудова Варшавы стала галоўнай мэтай камуністычных уладаў і ў 50-х гадах распачалася пабудова Варшавы, вядомая сёння. Менавіта гэтую Варшаву, яе рысы і асаблівасці апісваў у сваіх творах журналіст і літаратар Леопальд Тырманд. У 2020 годзе споўнілася 100 год з дня яго нараджэння, таму мінулы год стаў афіцыйна абвешчаны «Годам Тырманда». У якой Варшаве ён выхаваўся, што зрабіла яго такім літаратарам? Пра гэта для чацвёртага каналу Польскага радыё ў праграме «Фактафоніка» расказаў Марцэль Возняк, аўтар кнігі «Тырманд. Пісьменнік з белымі вачыма»:

-Акадэмікі сказалі б, што гэта быў чалавек «трансгрэсіўны». Чалавек, які праходзіў шмат межаў. Ці то эмігруючы ўнутры сябе, ці пераходзячы геапалітычныя, жанравыя межы. Ён не паходзіў з багатай, элітарнай сям’і. У яго не было прыёмнай з шафкамі, поўнымі кніг з залатымі вокладкамі, але, нягледзячы на гэта, хлопец выхоўваўся ў старым горадзе Варшавы. Жыў на вуліцы Трэмбацкай, сто метраў ад Вялікага тэатра, сто метраў ад помніка Міуцкевічу. Гэта была зусім іншая Варшава. Варшава, якая мела неверагодны шарм, у якой пражывалі людзі з усіх частак падзеленай 100 гадоў раней Рэчы Паспалітай, якія з’ехалі ў Варшаву пасля атрымання незалежнасці. Гэтыя людзі стваралі свет навукі, культуры, атмасферу горада. І Тырманд апынаецца ў цэнтры ўсяго, у цэнтры адраджэння Польшчы. Ён прысутнічае пры нараджэнні СМІ: радыё, гукавое кіно, масавая прэса, джаз, развіццё спорту, якім усе займаліся. Я думаю, што гэты час можна параўнаць да перыяду пачатку інтэрнэту. Гэта быў пераломны перыяд.

Тырманд у сваім жыцці выдаў больш за 20 кніг. Самыя вядомыя з іх - гэта «Дзённік 1954 года» і «Злы», дзякуючы якім можна пазнаёміцца з Варшавай пачатку камуністычнага рэжыму. Некаторыя з ягоных тэкстаў былі выдадзеныя толькі пасля яго смерці. У 2020 у кнігарнях з’явіліся «Зялёныя нататкі» – збор тэкстаў, які былі канфіскаваныя Службай бяспекі ПНР. Пра яго жыццё таксама паўстала шмат кніг, а ягоная асоба лічыцца летапісцам грамадскага і штодзённага жыцця Варшавы 50-х гадоў. У сваіх творах ён паказваў развіццё і эвалюцыю польскай сталіцы. У адзін дзень дамы і вуліцы тут існуюць, а на другі дзень іх замяняюць новыя будынкі і вуліцы. Можна атрымаць уражанне, што горад, як лес, пастаянна ачышчаецца і набірае новыя формы. Так пісменнік апісваў апошнія хвіліны жыцця вуліцы Вялікай. Чытае Агата Краус з Музея варшаўскай Прагі:

-Вуліца называлася Вялікай... Калісьці, калі яна існавала. Зараз стаіць тут парваная вайной, залатаная рамонтамі, буйная камяніца, якую апошнім часам прызначылі для разбурэння. На яе фоне стаяў крэмавы масіў агромнага хмарачоса, а навокал распаўсюджвалася перакапаная ямамі і пакрытая ўзгоркамі з будаўнічых матэрыялаў прастора найвялікшай Плошчы ў Еўропе.

Гаворка ішла, канешне, пра пабудову Палаца культуры і навукі, без якога мясцовыя жыхары, як і турысты не маглі б сабе ўявіць Варшавы. Пабудова гэтага будынку была самай гарачай тэмай у Варшаве першай паловы 50-х гадоў. Агулам гэты перыяд характарызаваўся вялікім энтузіязмам і захапленнем працэсу адбудовы, ці, можа лепш, перабудовы польскай сталіцы. На жаль, з-за гэтага захаплення цярпела здароўе варшавякаў.

-Адзін філосаф падлічыў, што варшавякі ўдыхалі тады чатыры цэглы ў год. Варшавякі дыхалі будовай. І гэта не метафара, а цяжкая, цагляная і пыльная праўда. Трэба было сапраўды вельмі любіць свой горад, каб адбудаваць яго цаной уласнага здароўя. І можа дзякуючы гэтай адданасці Варшава з пабоішча, развалінаў ды руін стала зноў даўняй Варшавай, вечнай Варшавай. Той жа Варшавай, нягледзячы на новыя кшталты вуліц і дамоў. Варшавякі ўдыхнулі ў яе жыццё сваім уласным, цагляным подыхам.

Акрамя жыцця на будове, у Варшаве 50-х праходзіла таксама штодзённае жыццё. Людзі карысталіся паслугамі, хадзілі ў рэстараны ды кавярні. Былі таксама эліты. І пра іх усіх піша Тырманд у сваіх творах. Ён сам, дзякуючы кантактам з замежнымі дыпламатамі, стаў адным з першых папулярызатараў джазу ў Польшчы. Тыя ж кантакты з замежжам сталі канчаткова прычынай ягонага выезду з Польшчы, бо польская камуністычная ўлада лічыла яго ворагам. Тырманд стаў таксама іконай стылю і моды ў горадзе. Ён таксама не баяўся пісаць і крытыкаваць жыццё вакол трыкатажу, які часта прыязджаў у Польшчу з гуманітарнай дапамогай з Захаду. Вось так ён, напрыклад, апісваў змены трэндаў на варшаўскіх вуліцах:

-Так ужо ёсць, што стыхійнасць мужчынскай моды вышэйшая за жаночую. Не ведаю як у іншых месцах, але ў Варшаве гэта дакладна. Мужчынская мода мае ў Варшаве рысы тых сілаў натуры, якія бяздушныя і сляпыя ў сваіх дзеяннях. Здараецца, што мадэль курткі, новы спосаб завязвання гальштука або новы тып абутку здабудзе папулярнасць і тады маладых мужчын Варшавы пачынае прыпамінаць ахоплены пажарам лес. Тымчасам жаночая мода характарызуецца індывідуалізацыяй, не зусім арыгінальнай, але што ж. У той час мужчыны Варшавы, са сваім статкавым інстынктам, засмучаюць. Іх спантаннасць роўная іх бессэнсоўнасці. Калі мода на шэрасць, усе ў Варшаве шэрыя, калі на каляровасць, каляровыя. Звычайны варшавяк носіць заўсёды тое, што моднае, а ніколі не думае пра тое, што прыгожае. Няма ў яго ахвоты вылучацца, апранацца па-свойму.

Сам Тырманд лічыўся іконай стылю на варшаўскіх вуліцах. Як фанат джазу, ён любіў апранаць каляровую вопратку, а таму ўсе ў Варшаве ведалі, хто ён такі. Пасля выгнання Тырманд з’ехаў у Ізраіль ды потым у ЗША, дзе выдаваў свой часопіс, а таксама пісаў артыкулы ў вядомым выданні «New Yorker». Памяць пра гэтага чалавека ў Польшчы расце, а чарговыя аматары літаратуры пачынаюць цікавіцца гэтай незвычайнай асобай, назіральнікам грамадскага жыцця да летапісцам пасляваеннай Варшавы.


Альберт Ежы Вяжбіцкі