Беларуская Служба

Студэнты Кракава абмяркоўвалі магчымыя шляхі развіцця беларускага пратэсту

16.01.2021 16:01
Медычны, эканамічны, дыпламатычны ды іншыя бокі беларускага пратэсту сталі галоўнай тэмай двухдзённай канферэнцыі
Аўдыё
  • Справаздача з канферэнцыі "Quo vadis Belarus"
Канфэрэнцыя арганізавалася Ягелонскім універсітэтамАльберт Ежы Вяжбіцкі

Кола палітычных навук Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве правяло навуковую студэнцкую канферэнцыю прысвечаную Беларусі. Мерапрыемства названае «Quo vadis Belarus?» праходзіла 13 і 14 студзеня ў анлайн-фармаце. Больш за 20 студэнтаў ды экспертаў прэзентавала свае працы пра падзеі ў Беларусі. Мы маглі пачуць шэраг аналізаў, навуковых даследаванняў ды дэбатаў пра палітычны, каранавірусны, эканамічны і іншыя аспекты беларускага пратэсту.

На адным з панэляў студэнтка Ягелонскага ўніверсітэта Аляксандра Ачковіч прааналізавала сітуацыю ў галіне аховы здароўя ў прэзентацыі пад назвай «Хто вылечыць народ?». Яна падкрэсліла ролю, якую выконвалі і выконваюць медыкі як у грамадстве, так і ў цяперашнім пратэсце. Заўважыла таксама, што беларуская ўлада не жадае мець у краіне медперсанал, які супраць афіцыйнага палітычнага курсу рэжыму. У выніку ўзнікла зацікаўленне да эміграцыі, а суседнія краіны, напрыклад Польшча, спрасціла ўмовы на працаўладкаванне замежных медыкаў.

- У снежні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што медыкі, якія вырашылі з’ехаць з краіны, не змогуць вярнуцца ў Беларусь. У сваёй прамове ён сказаў, што адзінай прычынай, для якой медперсанал з’язджае з краіны, з’яўляюцца грошы. Такім чынам, адзінай матывацыяй лекараў, паводле Лукашэнкі, з’яўляецца жаданне стаць багатым. Адначасова ён не прызнае фактаў рэпрэсій супраць медыкаў. Гэта яскравае спрашчэнне праблемы, бо нізкія зарплаты ў медычнай сферы не навіна. А цяпер яшчэ дайшоў страх перад рэпрэсіямі за сваю грамадзянскую пазіцыю. Да таго ж, у канцы той жа прамовы Лукашэнка падкрэсліў, што ён не пагражае а інфармуе. І яшчэ ён казаў, што медыкі працуюць замяжой, атрымліваюць высокія зарплаты, а потым прыязджаюць у Беларусь і атрымліваюць субсідаваныя ўрадам паслугі. А за гэтыя паслугі плаціць беларускі народ, які працуе на месцы. У выніку гэтыя лекары з’яўляюцца паразітамі для беларускай эканомікі. Такім чынам, дзяржпрапаганда паказвае медыкаў, як шкоднікаў, якія абкрадаюць беларусаў. І да таго яны эгаісты, якія пакідаюць сваю краіну толькі дзеля грошай. Такі працяглы мэсідж можа быць небяспечным для ўсёй сістэмы, а для медперсаналу ў першую чаргу.

У іншай прэзентацыі мы маглі пачуць пра сімвалы беларускага пратэсту. Агата Пыка з Ягелонскага ўніверсітэта падсумавала знакі грамадзянскага супрацьстаяння ў Беларусі. Сярод самых важных сімвалаў яна назвала Ніну Багінскую, тэлеграм-каналы, лозунг «Жыве Беларусь» ды беларускія жанчыны.

-Гэтыя сімвалы ў першую чаргу спрычыняюцца да вялікай мабілізацыі людзей, таму што маштаб распаўсюджання гэтых сімвалаў неверагодна вялікі. Паўсюль можна было ўбачыць сцягі, партрэты, напрыклад, Ніны Багінскай, жэсты. Людзі пратэстуюць тыднямі, месяцамі і працягваюць гэта рабіць. Яны паказваюць волю стварыць незалежны народны ўрад у дэмакратычнай краіне. І амаль кожная карціна, якую мы бачым з Беларусі – гэта доказ мірнага пратэсту, жанчыны з кветкамі, апранутыя ў белае, песні. Гэта ўдалая спроба паказаць, што яны лепшыя за Лукашэнку, што можна абысціся без гвалту і мірна адстойваць сваю праўду. І ўрэшце пратэсты ў кантэксце сімволікі неверагодна прагрэсіўныя. Але яны аб’ядноўваюцца вакол аднаго сімвала: Святланы Ціханоўскай. Вакол жанчыны, якая гатовая пераняць уладу і стаць галавой дзяржавы. І не толькі яна, але ўсе жанчыны, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, сталі вельмі моцным феміністычным сімвалам гэтых падзей.

У сваю чаргу Адр’ян Місяк з Сілезскага ўніверсітэта ў Катавіцах прэзентаваў даследаванне пра «правы чалавека ва ўмовах аўтакратыі ў Беларусі». Мы маглі даведацца, якія міжнародныя пагадненні ў галіне правоў чалавека падпісаў беларускі ўрад, і якія правы павінны забяспечвацца ўладай. Малады даследчык закрануў таксама тэму грамадзянскіх арганізацый правоў чалавека, пераследу, які здзяйсняецца з боку дзяржавы, свабоду СМІ ды рэпрэсіі супраць народу. Тэму працягнула Сара Фасцішэўская, якая занялася аналізам выказванняў міжнародных арганізацый наконт дзеянняў рэжыму Лукашэнкі:

-Трэба адзначыць, што ААН не зрабіла шмат, не спрабавала ўплываць на сітуацыю ніякім чынам. Аднак Беларусь не падпісала ніякай дамовы з арганізацыяй, якая б дазваляла кантраляваць і назіраць за сітуацыяй унутры краіны. Такім чынам ААН няма магчымасцяў зрабіць нешта больш. І што будзе далей? Ці правільна лічыць, што ўсялякія заявы міжнародных аб’яднанняў не ўплываюць на палітычную і пратэстную сітуацыю ў Беларусі? У першую чаргу варта адзначыць, што міжнародныя арганізацыі павінны дзейнічаць у рамках міжнароднага права. І ў іх, насамрэч, няма інструментаў для прамога ўплыву на сітуацыю, нават у добрай справе. Адначасова варта сказаць, што сэнс заяваў абазначае, што міжнародная супольнасць актыўна спрабуе прасоўваць аб’ектыўную інфармацыю і  паслядоўна крытыкуе гвалтаўнікоў. Парушэнне правоў чалавека нельга прымаць і міжнародныя арганізацыі паказалі на гэта ў рамках сваіх магчымасцяў.

Канферэнцыя праходзіла ў сеціве два дні. На ёй выступіла шмат маладых асобаў, якія зацікаўленыя палітыкай, сацыялогіяй і дыпламатыяй. Да таго прайшлі і эксперцкія размовы пра магчымасці і сцэнары развіцця беларускага пратэсту. Калі вам цікава вынікі даследаванняў ды аналізаў маладых студэнтаў, запісы панэляў канферэнцыі даступныя ў фейсбук-старонцы Koło Nauk Politycznych Ягелонскага ўніверсітэта.