Беларуская Служба

Польскі і беларускі бок разам працуюць для захавання Белавежскай пушчы

09.02.2021 14:50
Прыналежнасць двух краін да розных міжнародных арганізацый гадамі не спрыяла стварэнню адной стратэгіі зберагання прыродных скарбаў, аднак зараз сітуацыя мяняецца і ў Белавежскай пушчы працуюць людзі, накіраваныя на супрацу.
-
Польска-беларуская мяжа ў БелавежыCommons.wikimedia.org/Beentree/CC BY-SA 4.0

На мяжы Польшчы і Беларусі знаходзіцца Белавежская пушча. Яна важная для нас як культурны, гістарычны ды перадусім прыродны аб’ект. Зараз распачаліся супольныя працы па ахове гэтай тэрыторыі. Пра гэта паслухаеце ў інтэрв’ю Альберта Ежы Вяжбіцкага з каардынатарам праграмы па Белавежскай пушчы Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктарам Фянчуком.


Спадар Віктар! Дзякуй, што згадзіліся на размову на гэтую важную для нашых краін тэму. Скажыце, калі ласка, чаму Белавежскую пушчу варта ахоўваць разам?

-Белавежская пушча - гэта напэўна апошні захаваны ў такім памеры раўнінны лес у Еўропе, бо мы ведаем, што на поўначы або ў гарах, дзе цяжка дабрацца, яны ёсць. Бо на раўніне лес вельмі актыўна выкарыстоўваўся і эксплааціраваўся чалавекам, ператвараўся з пушчы ў лясы. З шэрагу прычын такі вялізны фрагмент такога лесу захаваўся ў амаль некранутым стане ў нас, у Белавежскай пушчы. І статус гэтай тэрыторыі на міжнародным узроўні падкрэсліваецца тым, што гэта аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта значыць, што на сусветным узроўні ён з’яўляецца тэрыторыяй, выключнай прыроднай значнасці.

Але супраца ў імя захавання падобных аб’ектаў значна цяжэйшая, калі яны знаходзяцца ў дзвюх або больш краінах. Як так склалася гістарычна і як прыйшло гэтае рашэнне, каб кіраваць тэрыторыяй разам?

-Так выйшла гістарычна, што гэты лес апынуўся падзелены дзяржаўнай мяжой паміж двума краінамі. Пэўны час кожная краіна кіравала сваім фрагментам лесу амаль асобна. Хаця і быў абмен інфармацыяй, ставіўся да ведама супрацьлеглы бок, але ніколі гэты лес не быў разгляданы ў кіраванні як адзін аб’ект. І гэта вельмі важны этап у падыходзе да кіравання пушчай, калі не толькі прызнаваць Белавежскую пушчу як трансгранічны аб’ект, але і браць нейкія спробы супольнага кіравання гэтай зонай.

Чаму важна кіраваць Белавежскай пушчай у трансгранічным кантэксце?

-Калі гэта адзіны лес то і звяры, якія там жывуць, утвараюць адну папуляцыю. І вада, якая цячэ праз гэты лес – гэта тэрыторыя звязана паміж сабой. Калі ў Польшчы ахоўваем ваўкоў, а ў Беларусі палюем, значыць, што мы палюем і на тых ваўкоў, якія жывуць у польскай частцы Белавежскай пушчы. Такім чынам уплываем на функцыянаванне экасістэмы ў польскай частцы. Калі польскі бок аднаўляе гідралагічны рэжым, або мы ў Беларусі нешта робім з вадой – гэта значыць, што ўплываем на тое, што адбываецца на польскім баку. Таму важнае разуменне, што гэта адзіная экасістэма, якая проста падзеленая адміністрацыйнай мяжой, якая спрабуе функцыянаваць, нягледзячы на гэту мяжу. І першыя крокі, каб такім чынам пушчу ўспрымаць, адбываюцца зараз, і ў гэтым вялікая заслуга таго, што пушча – аб’ект сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Некалькі год таму камітэт па сусветнай спадчыне выказаў патрабаванне выпрацаваць трансгранічнае кіраванне. І ў гэтым кірунку працы і пайшлі.

І як ідуць гэтыя працы?

-Працы па выпрацоўцы сумеснага плану кіравання распачаліся два гады таму. І распачаліся актыўна, з сумеснай сустрэчы. У Польшчы была сустрэча, дзе пра гэта ўсё гаварылася і абмяркоўвалася, якім яно стане. Бо ніводных такіх дакументаў па сумесным кіраванні не існуе ў нашай польска-беларускай практыцы. Таму важна было абмеркаваць якім гэта дакумент будзе, што ў ім будзе, як будзе трансліравацца ў нацыянальныя планы кіравання. І распачалося ўсё вельмі актыўна, але, на жаль, усё супала з COVIDам, калі сустрэчы сталі немажлівымі. І мне падаецца, што з гэтай немажлівасці выходзім праз такое разуменне, што можна больш карыстацца сучаснымі сродкамі камунікацыі і зноўку пачынаем вяртацца да гэтага пытання. Фізічная мяжа зараз стала для ўсіх аднолькавая, нават можа жывёлам лягчэй. Таму працы былі запаволеныя значна, а палітычныя падзеі не спрыялі трансгранічнай дзейнасці, таму здаецца тое, што пачалося ўсё два гады таму, запаволілася, і зараз ужо паволі распрацоўваем магчымасці, каб зноў наладжваць гэтае трансгранічнае супрацоўніцтва.

Гэта была першая частка інтэрв’ю з каардынатарам праграмы па Белавежскай пушчы Франкфурцкага заалагічнага таварыства Віктарам Фянчуком. У другой частцы мы раскажам пра магчымае пашырэнне ахоўнай тэрыторыі на польскім баку ды турыстычны патэнцыял Пушчы ў постпандэмічны час.

Альберт Ежы Вяжбіцкі