Беларуская Служба

Знаёмім з забытымі велікоднымі традыцыямі

02.04.2021 14:05
Народныя традыцыі, звязаныя з Вялікдзенем, захавалася ў адзінкавых мясцовасцях Польшчы, у найлепшым выпадку рэгіёнах.
Аўдыё
  • Забытыя велікодныя традыцыі
   ,
Велікодныя туркі з Гуры, Мазавецкае ваяводстваAutorstwa Piotr Grochowski - Praca własna, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=30375226

Велікодныя святы здаўна мелі не толькі рэлігійнае значэнне, але былі перапоўненыя рознымі традыцыямі і сімваламі. На жаль, цяпер іх можна сустрэць значна радзей. Большасць з іх захавалася ў адзінкавых мясцовасцях, у найлепшым выпадку рэгіёнах. Мы раскажам пра польскія забытыя велікодныя звычаі і традыцыі.

На працягу стагоддзяў узнікла шмат рытуалаў і звычаяў, звязаных з гэтымі святамі, многія з якіх захаваліся да нашых дзён.

Пачнем з велікодных туркаў. Паводле легенды, назва паходзіць з часоў Бітвы пад Венай. Сяляне, якія вярталіся з вайны, былі апрануты ў захопленыя турэцкія касцюмы і прыязджалі ў родныя вёскі ў Вялікую пятніцу, Вялікую суботу ці Вялікую нядзелю, ідучы непасрэдна ў касцёл і ахоўваючы гроб Гасподні.

Гэтая ініцыятыва цікавая тым, што яна не выходзіць з касцёла, але выходзіць з грамадства – гаворыць Аляксандр Рабатыцкі з Этнаграфічнага музею ў Варшаве. Доўгая традыцыя туркаў захавалася ў Радамыслі над Санам.

-Жыхары з усмешкай кажуць, што гэтая традыцыя паходзіць ад Сабескага, калі ён вяртаўся з Вены, паколькі Сабескі атаесамляецца з вайной з туркамі. Крыху таксама з-за таго, што іх вопратка мае ўсходні характар. Гэта такая ваенізаваная група, якая прэзентуе зброю, мае свой аркестр. Адна з яе задач – гэта ахова гробу Пана. І гэта адбываецца ў пятніцу пасля поўдня. Яны стаяць цэлую суботу, да нядзельнай ранішняй імшы-рэзурэкцыі. Тады аркестр грае «Gloria», а туркі прэзентуюць зброю ў вельмі відовішчным маршы. З суботы на нядзелю яны некалькі гадзін ходзяць па мясцовасці і граюць вельмі характэрную мелодыю. Туркі называюць гэта абуджэннем, абвяшчэннем змёртвыхпаўстання Хрыста. Ужо ў нядзелю тая ж самая група туркаў віншуе жыхароў кожнага дому ў вершаванай форме.


Юдаш, Санак Юдаш, Санак

Чарговым прыкладам велікоднай народнай традыцыі, якая калісьці была па ўсёй Польшчы, а цяпер захавалася толькі ў некалькіх мясцовасцях, з’яўляюцца юдашкі. Яна была звязана з асаблівай увагай грамадства да здрады Юды. Некалькі дзён перад Пасхай жыхары ладзілі прыборку панадворкаў. Збіралі смецце ў кучы, пасля чаго арганізавана іх спальвалі. Менавіта гэтыя вогнішчы называліся юдашкамі.

Велікодная нядзеля – вельмі важнае свята, таму гэты дзень праводзіўся ў коле бліжэйшая сям’і. Аднак, ужо вечарам у нядзелю людзі пачыналі выходзіць да іншых. І тут трэба ўзгадаць пра смергуснікаў (śmierguśnicy). Гэтая традыцыя надалей ёсць у Вілямавіцах.

-Смергуснікі з Вілямовіц – гэта група пераапранутых людзей, у вельмі каляровых строях. Яны, з аднаго боку, жадаюць усяго самага найлепшага, а з іншага, дастаткова рашучым чынам купаюць людзей у раней падрыхтаваных ёмкасцях. І так працягваецца з нядзельнага вечара, ажно да панядзелку.

Вельмі падобны характар маюць іншыя звычаі, якія агульна можна назваць смінгуснымі дзядамі. Смінгус-дынгус (Śmingus-dyngus) – гэта традыцыя велікоднага панядзелку, калі ўсе абліваюць адзін аднога вадой.

Аляксандр Рабатыцкі адзначае, што гэтая традыцыя адрознівалася ў розных рэгіёнах Польшчы. Першапачаткова на поўначы краіны не выкарыстоўвалі вады.

-Там быў дубец. Часцей за ўсё з вярбы. І тут зноў паяўляецца пэўная сімволіка і народнае вераванне аб тым, што вярба расце паўсюль, што вярба першая прачынаецца пасля зімы. Біццё вярбовым дубцом павінна было прынесці прыпісаныя вярбе ўласцівасці: здароўе, жаданне адрадзіцца пасля зімовай спячкі. У сваю чаргу на поўдні Польшчы аблівалі вадой. Прыкладна з 50-х гадоў, у сувязі з развіццём культуры, інфармацыі і абменам ёю гэтыя традыцыі пачалі перамешвацца і цяпер паўсюль можна сустрэць і адно, і другое.

Чыста кракаўскім звычаем быў Эмаўс – адпуст, звязаны з першым днём Вялікадня. Гэта ўспамін сустрэчы Хрыста з двума апосталамі менавіта ў Эмаўсе.

Чарговым старадаўнім польскім народным звычаем, які адзначаўся ў велікодны панядзелак, была Сюда-Баба (Siuda Baba). Сёння гэтая традыцыя захавалася толькі ў вёсках пад Кракавам. Сюда-Баба – мужчына, апрануты ў жанчыну, запэцканую сажай і ў падранай вопратцы. Яна ходзіць па хатах у суправаджэнні цыгана і некалькіх кракавян, збірае ахвяраванні і шукае маладых жанчын, каб запэцкаць іх сажай.

-У пэўным сэнсе гэтую групку хлопцаў, а нават мужчын, толькі нежанатых, можна залічыць да смінгусных дзядоў. Паколькі двое з іх пераапранутыя, астатнія ў кракаўскіх строях, носяць фігурку Хрыста і інфармуюць жыхароў, што Ён змёртвыхпаўстаў і трэба радавацца, зычаць на бліжэйшы час усяго сама добрага. Двое пераапранутых герояў, усе ў сажы, арганізоўваюць забаву. Яны першыя кантактуюцца з гаспадаром, пытаюцца, ці могуць зайсці. У залежнасці ад таго, з якім яны сустрэнуцца адказам, паводзяць сябе прыемна, ці менш прыемна. Ёсць запісы, што даўней, калі нехта не пагаджаўся іх упусціць, то яны маглі забрудзіць паштовую скрыню тоўстым слоем сажы. Цяпер для ўсіх гэта выдатная забава.


Сюда-Баба Сюда-Баба

Сюда-баба звязаная з легендай вечнага агню і крыніцай багіні Леды, якія ахоўвала служачая. Таму Сюда-баба – гэта пераапранутыя ў бабу, запэцканую ў сажу, паколькі ахоўніца агню не магла ад яго адыходзіць і была вечна брудная. Усё ж цэнтральная ўвага скіраваная на цыгана з бізуном, які суправаджае Сюду-бабу. Цыган больш за ўсіх гаворыць, жартуе, кіруе забавай. Ад жыхароў яны атрымлівалі пачастунак ці грошы.

У гістарычных крыніцах ёсць апісанні яшчэ адной традыцыі, гэтым разам звязанай з аўторкам. Паводле іх, у дзень смінгуса-дынгуса (велікодны панядзелак) гэта менавіта хлопцы аблівалі вадой дзяўчат. У сваю чаргу ў аўторак дзяўчаты адыгрываліся на хлопцах. Але цяпер гэтая традыцыя не сустракаецца ў ніводным польскім рэгіёне.


ав