Беларуская Служба

ПАН апублікавала кнігу-каляндар, прысвечаны жыццю Элізы Ажэшкі

06.04.2021 11:49
«Эліза Ажэшка знаходзіцца не на Нёмане, а на Вісле. У самым цэнтры Варшавы».
Аўдыё
  • Эліза Ажэшка, якую мы не ведаем
Eliza Orzeszkowa
Eliza OrzeszkowaNAC

Інстытут літаратурных даследаванняў Польскай акадэміі навук апублікаваў кнігу-каляндар, прысвечаны жыццю польскай пісьменніцы Элізы Ажэшкі, якая нарадзілася пад Гродна ў 1841 годзе. Кніга, падрыхтаваная кандыдатам навук Івонай Вісьнеўскай, храналагічна апісвае жыццё пісьменніцы, яе грамадскую і палітычную дзейнасць, але таксама цяжкую працу над уласнымі творамі. Выданне таксама паказвае кантэкст дыскусій з чытачамі і крытыкамі.

«Эліза Ажэшка знаходзіцца не на Нёмане, а на Вісле. У самым цэнтры Варшавы», – гаворыць правакацыйна дырэктар Інстытуту літаратурных даследаванняў Польскай акадэміі навук Мікалай Сакалоўскі:

-Многія праходзяць каля будынку, не падазраючы, што тут б'ецца сэрца польскай літаратуры другой паловы XIX стагоддзя. У Інстытуце літаратурных даследаванняў ПАН знаходзіцца архіў Элізы Ажэшкі. Там мноства арыгінальных дакументаў, рукапісаў. Таксама дакументацыя жыцця і творчасці, якая паходзіць ад даследчыкаў яе творчасці. У інстытуце дзякуючы шматгадовай працы Івоны Вісьнеўскай быў апрацаваны і выдадзены каляндар жыцця Элізы Ажэшкі. Выданне чытаецца як сага ці біяграфічнае апавяданне-рака.

У выданні дзень за днём, год за годам апісаныя розныя падзеі з жыцця Элізы Ажэшкі. Яе актыўнасць у грамадскай і палітычнай прасторы, таксама літаратурная праца. Усё ў кантэксце дэбатаў з крытыкамі і чытачамі.

Мікалай Сакалоўскі дадае, што Эліза Ажэшка была незвычайнай постаццю для жанчын у ХІХ стагоддзі. Да яе пісалі жанчыны, прасілі парады, расказвалі свае гісторыі. Усё гэта таксама можна прасачыць у выдадзеным календары.

Кніга ў двух тамах складаецца з 2,5 тысяч старонак – гаворыць прафесар Сакалоўскі:

-Чытачы становяцца сведкамі гадоў жыцця пісьменніцы. І разам з ёй нанова перажываюць тыя падзеі. Паводле мяне, гэта не толькі інтэлектуальнае падзея, але перш за ўсё эмацыйны досвед для людзей, уразлівых на прыгожае. Паводле мяне, вельмі каштоўнае выданне.

Эліза Ажэшка была самая вялікай польскай інтэлектуалісткай другой паловы ХІХ стагоддзя – гаворыць пра пісьменніцу кандыдат навук Магдалена Крэфт-Светлік з Гданьскага ўніверсітэту, якая больш за чвэрць стагоддзя займаецца творчасці Ажэшкі.

-У яе жыцці ёсць месца на велізарную літаратурную творчасць, на ліставанне, на падарожжы, цудоўныя сяброўствы, але таксама і на разнастайную публічную дзейнасць, ініцыятывы, якімі яна займалася да канца жыцця. Таксама ў яе біяграфіі ёсць месца і на цікавыя хобі. Яна сама казала, што не была б тым кім ёсць, не была б пісьменніцай, калі б не Паўстанне Кастуся Каліноўскага. Калі б мне прыйшлося апісаць яе, акрэсліць самае важнае ў яе біяграфіі, то гэта было б сталае зацікаўленне іншым чалавекам. Яна заўсёды цікавіцца чалавекам: з простага народу, з салонаў, габрэем і беларусам, дзецьмі і вязнямі, псіхічна хворымі. Усе яны героі яе твораў.

Адным з не да канца вядомых бакоў Элізы Ажэшкі з’яўляецца яе ліставанне. Аўтарка кнігі-календара Івона Вісьнеўская гаворыць, што Ажэшка пісала лісты да прадстаўнікоў усіх слаёў грамадства, людзей з розных частак Польшчы, перапісвалася з усімі людзьмі, якія ў той час мелі важную пазіцыю.

-Людзьмі культуры, грамадскімі дзеячамі. У яе было шмат сяброў сярод польскіх габрэяў, сярод расейцаў. Лічыцца, што пасля сябе яна пакінула больш дзясятка тысяч лістоў. Праўда, не ўсё захавалася. Дагэтуль выдадзеныя дзевяць тамоў лістоў. Цяпер мы плануем выдаць чарговыя восем тамоў. І гэта не канец. Прынамсі столькі ж застанецца нявыдадзеных лістоў. Варта таксама дадаць, што нашая Ажэшка была намінаваная на Нобелеўскую прэмію. Дзякуючы перапісцы з рознымі людзьмі культуры, яна пачала перапісвацца са шведскай перакладчыцай Элен Вэстэр. Яе пераклады папулярызавалі творы Элізы Ажэшкі ў Швецыі. Дзякуючы гэтаму яна магла прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію. Гэта быў 1904-1905 год.

Літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка пачала ў 1866 годзе (апавяданне «Малюнак з галодных гадоў»). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» паказала жыццё паслярэформеннай беларускай вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888-91).

У 1890-я г. у яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зборнік апавяданняў «Меланхолікі», 1896). Апошні зборнік навел «Gloria vicis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863-64 гадоў.

Самыя раннія пераклады твораў Элізы Ажэшкі на беларускую мову выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне «Гэдалі». Пазней на беларускую мову творы Элізы Ажэшка перакладалі Янка Брыль, Анатоль Бутэвіч, Я. Бягомская, Галіна Тычка. (Вікіпедыя)

ав

Палякі адзначаюць Год Станіслава Лема

27.03.2021 10:02
Канферэнцыі, выставы, конкурсы, перавыданні твораў і праекты па барацьбе з мовай нянавісці ў інтэрнэце – усё гэта адбудзецца ў рамках Года Лема.