Беларуская Служба

А. Хадановіч: Удалы верш – гэта маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі

22.07.2021 11:36
Беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч завітаў у Варшаву з прэзентацыяй сваёй новай кнігі «Фантомныя радасці».
Аўдыё
  • А. Хадановіч: Удалы верш – гэта маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі
Андрэй Хадановічradyjo.net

У выданні змешчаны 70 вершаў у двух моўных версіях - беларускай і польскай. У кнізе ўпершыню друкуюцца гэтак званыя паслявыбарчыя вершы. 

Кнігу ўкладаў сам Андрэй Хадановіч. ¾ кнігі – гэта выбранае з сямі папярэдніх кніг, якія паэт пісаў апошнія 20 гадоў. Апошняя чвэрць – гэта зусім новыя актуальныя вершы, якія ў Беларусі яшчэ не выдаваліся. Расказвае Андрэй Хадановіч.

-Гэта вершы, якія пісаліся роўна апошні год, пачынаючы з гарачага жніўня. Але большасць была напісаная ў халодным студзені. Улетку мне было не да вершаў, я з кнігамі і гітарай бегаў па дваровых пратэстах. Узімку зрабілася шмат вольнага часу і шмат новых дэпрэсіўных эмоцый. Людзі масава паехалі за мяжу, пратэсты пачалі спадаць. Я ўпершыню дазволіў сабе на некалькі тыдняў з’ехаць у Польшчу. Я сядзеў у Краснагрудзе, на польска-літоўскім памежжы, завалены сумётамі. Было шмат часу на роздум, як з таго боку мяжы мая сям’я. Апошнія вершы ў маёй кнізе для мяне сталі родам псіхалагічнай тэрапіі, спосабам не звар’яцець. Але, змяшчаючы іх у сацыяльныя сеткі, я заўважыў, што і для многіх чытачоў яны былі небескарысныя. Няхай гэта слабая сімвалічная падтрымка, але ўсё-ткі. Для многіх удалы верш – гэта маленькая выспачка добрых навін у бязмежжы дэпрэсіі. Калі з гэтым сутыкаешся, то адразу не дазваляеш сабе раслабляцца і пішаш гэтую гісторыю далей. Заканчэнне кнігі далёкае ад звыклага чытачу Хадановіча. Гэтыя тэксты больш лірычныя, больш сур’ёзныя, больш трагічныя. Хоць я спрабую не пісаць тэкстаў, якія б не заканчваліся надзеяй, бо дэпрэсіі хапае і без мяне.

У сітуацыі, у якой апынуліся беларусы пасля выбараў у жніўні мінулага году, кожны па свойму рэагаваў на боль. Адныя крыкам, іншыя, як паэты, словам. Немагчыма было заставацца па-за палітыкай – гаворыць Андрэй Хадановіч.

Поўная размова ў далучаным гукавым файле.

ав


Кніга Ф.Хадановіча "Фантомныя радасці" Кніга Ф.Хадановіча "Фантомныя радасці"

Рада беларускай культуры звяртаецца з просьбай падтрымаць людзей культуры

20.07.2021 15:06
«Мне проста страшна ўявіць гэты дзень, калі мы не зможам адгукнуцца і не падтрымаем чалавека ў бядзе», – піша Сяргей Будкін у Фэйсбуку.