Беларуская Служба

Сяброўка Яна Паўла ІІ Ванда Пултаўска адзначае векавы юбілей

02.11.2021 13:58
Нягледзячы на жудасны вопыт  здзекаў нацыстаў у канцлагеры Ванда Пултаўска толькі ўзмацнілася ў сваім перакананні цуду чалавечага існавання.
Аўдыё
  • Сяброўка Яна Паўла ІІ Ванда Пултаўска адзначае векавы юбілей
Wanda Półtawska, zdjęcie z 2015 r.
Wanda Półtawska, zdjęcie z 2015 r.PAP/Tomasz Gzell

2 лістапада спаўняецца сто гадоў Вандзе Пултаўскай – лекарцы, доктару псіхіятрыі і актывістцы руху абароны жыцця чалавека ад зачацця да натуральнай смерці. Былая зняволеная нямецкага канцлагера Равенсбрук, Ванда Пултаўска з'яўляецца апошняй жывой жанчынай з гэтага лагера смерці, над якімі нацысты ставілі жахлівыя лжэмедычныя эксперыменты.

Пасля вайны некалькі дзясяткаў гадоў Ванда Пултаўска займалася шлюбным і сямейным кансультаваннем. Выкладала ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве. Яна была сябрам і паплечнікам папы рымскага Яна Паўла II. Менавіта Ванда Пултаўская прысутнічала пры тым, як пантыфік адыходзіў у іншы свет.

У 2016 годзе яна была ўзнагароджана вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Польшчы – ордэнам Белага Арла. Да Другой сусветнай вайны Ванда Пултаўска была актыўнай дзяячкай гарцэрскага руху, а падчас акупацыі была сувязной Арміі Краёвай. Арыштаваная за падпольную дзейнасць, разам з іншымі сувязнымі, была асуджана на страту і дастаўлена ў нямецкі канцлагер Равенсбрук, дзе над ёй праводзіліся злачынныя аперацыі. Пасля вызвалення ўдзельнічала ў працы Камісіі па расследаванню гітлераўскіх злачынстваў у Польшчы.

Нягледзячы на жудасны вопыт  здзекаў нацыстаў у канцлагеры Ванда Пултаўска толькі ўзмацнілася ў сваім перакананні цуду чалавечага існавання.

За навуковыя дасягненні і распаўсюджванне навукі Яна Паўла II, у 2019 годзе яна была ўзнагароджана Малапольскім крыжам. Атрымаўшы памятную ўзнагароду, Ванда Пултаўска сказала, што на працягу ўсяго жыцця яе вядзе, перш за ўсё, вера:

 -Я веруючы ў нашага Пана Бога чалавек, верую паводле рымска-каталіцкага канону. Любоў – гэта сэнс і мэта кожнай істоты. Гэта дар самаго сябе, які ўзбагачае іншага чалавека. А чалавек можа шмат даць іншаму чалавеку, бо мы выдатныя стварэнні божыя. Свет такі прыгожы, а чалавек так добра прадуманы, яго цела – гэта непраўдападобны цуд. Тое што ёсць ты, ёсць свет – гэта аўтэнтычны доказ існавання Творцы.

На працягу больш чым сарака гадоў, з 1955 па 1997 год Ванда Пултаўска выкладала пастаральную медыцыну ў Папскай тэалагічнай акадэміі ў Кракаве (цяпер Папскі ўніверсітэт Яна Паўла II). У 1980-я гг. выкладала ў Інстытуце Яна Паўла II пры Латэранскім універсітэце ў Рыме. Доктар Пултаўска ўжо шмат гадоў займаецца распаўсюдам каштоўнасцяў шлюбу і сямʼі. Яна намагаецца перадаць вучэнне папы Яна Паўла ІІ аб святасці чалавечай любові:

- Перадусім намагаюся перадаць моладзі канцэпцыю Яна Паўла ІІ. А менавіта, чысты хлопец і цнотная дзяўчына разам з прыгожым каханнем прымаюць таямніцу шлюбу, збіраюць грамадку дзяцей і шчасліва ідуць у неба. Калі ласка, канкрэтны план дзеянняў.

На думку Ванды Пултаўскай, дадзеныя ды іншыя каштоўнасці павінны перадавацца ў непасрэдных кантактах, а на жаль яны знікаюць у сучасным грамадстве:

-Зараз склалася такая сітуацыя, што людзі міжсобку не кантактуюць. Дасылаюць смс, звоняць, але сяброўства знікае. Каштоўнасці можна пераказаць выключна ў непасрэднай размове чалавека з чалавекам, а зараз гэта знікае ў сем’ях, школах. Мне здаецца зараз вельмі шмат зместу, які адцягвае нашу ўвагу, мы перастаем разважаць, думаць.

Ванда Пултаўска пражыла ў шлюбе з Анджэем Пултаўскім амаль 73 гады. Прафесар Пултаўскі, філосаф, этык і антраполаг, падчас Другой сусветнай вайны салдат Арміі Краёвай і ўдзельнік Варшаўскага паўстання, памёр 29 кастрычніка 2020 года ва ўзросце 97 гадоў. У іх сямʼі чатыры дачкі.

 Доктар Ванда Пултаўска падкрэслівае, што няма рэцэпту паспяховага і шчаслівага жыцця ў шлюбе, бо кожны чалавек – гэта індывідуальнасць:

 -Шлюб – гэта не лёс, а заданне. Заданне, якое ты сабе паставіш і якое рэалізуеш. І кожны гэта робіць па-свойму. Агульнага рэцэпту не існуе, ёсць толькі заданне. Каханне паміж мужам і жонкай самае цяжкае, бо трэба аддаць усё раз і назаўжды. Цяжкая праца, якая заключаецца ў разьбе такіх кшталтам, якія падабаюцца табе. А збольшага нам падабаецца мадэль стабільнага шлюбу.

Ванда Пултаўска зʼяўляецца аўтарам каля 400 публікацый па псіхіятрыі, абароне жыцця ненароджаных, хворых і сталых людзей, праблематыцы шлюбу і сямʼі.

Сямʼя Пултаўскіх сябравала з Каралям Вайтылам, які пазней быў абраны на Пятроў пасад. Ванда Пултаўска ўпэўненая, што дзякуючы заступніцтву будучага папы рымскага ў айца Піо, якога ў 1962 годзе той прасіў памаліцца за яе, Спадарыня Ванда вылечылася ад анкалагічнага захворвання.

Слухайце аўдыё!

iar/эж

У Варшаве па-беларуску выйшлі тэксты Папы Рымскага Яна Паўла ІІ пра Беларусь

01.07.2021 12:48
Цэнтр думкі Яна Паўла II і Польскія інстытуты ў Кіеве, Мінску і Вільні сумесна выдалі кнігу «Ян Павел II Цэнтральна-Усходняй Еўропе».

16 кастрычніка 1978 году Рымскім Папам быў абраны Караль Вайтыла

16.10.2021 09:11
Караль Вайтыла стаў першым не італьянскім папам за больш чым 400 гадоў і першым папам славянскага паходжання.

Сёння палякі адзначаюць Папскі дзень

16.10.2021 09:32
Свята ўстанавіў польскі Сейм ў 2005 годзе.