Беларуская Служба

16 кастрычніка 1978 году Рымскім Папам быў абраны Караль Вайтыла

16.10.2021 09:11
Караль Вайтыла стаў першым не італьянскім папам за больш чым 400 гадоў і першым папам славянскага паходжання.
Аўдыё
  • 16 кастрычніка 1978 году Рымскім Папам быў абраны Караль Вайтыла
.
.Polskie Radio

Караль Вайтыла, які пасля абрання Папам Рымскім выбраў імя Ян Павел ІІ, з’яўляеца фігурай, якая ўплывала не толькі на рэлігійнае жыццё каталіцкага свету, але і на палітычнае.

Польскі біскуп Караль Вайтыла быў абраны на канклаве пасля нечаканай смерці Яна Паўла І, пантыфікат якога доўжыўся толькі 33 дні. Цікава, што шмат хто верыць у тое, што Ян Павел І быў забіты альбо італьянскай мафіяй, альбо ордэнам ілюмінатаў. Непасрэдна ў смерці папы абвінавачвалі камерлінгера Жана-Мары Віё, які стаўся правобразам героя вядомай кнігі Дэна Браўна «Ангелы і дэманы».

Акрамя Караля Вайтылы на папскі прастол прэтэндавалі яшчэ два кандыдаты з Італіі. Канклаў распачаўся 14 кастрычніка, складаўся з 111 кардыналаў. Выбары папы лічыліся сапраўднымі, калі за кандыдата прагаласавалі 2/3 удзельнікаў. Па прычыне таго, што кандыдаты з Італіі і іх паплечнікі пачалі моцныя спрэчкі паміж сабой, удзельнікі пачалі шукаць кандыдатуру чалавека звонку Італіі. Між іншым, кандыдатам выбралі паляка Караля Вайтылу.


16 кастрычніка, калі адбылося чарговае галасаванне, Караль Вайтыла атрымаў 99 галасоў і быў абраны 264 Рымскім Папам. Такім чынам Караль Вайтыла стаўся першым не італьянскім папам за больш чым 400 гадоў і першым папам славянскага паходжання. Яму было 58 гадоў.
Выбраўшы імя Яна Паўла ІІ Караль Вайтыла паказаў, што збіраецца працягваць працэс рэфармацыі каталіцкага касцёла. Сапраўды, за перыяд кіравання Яна Паўла ІІ, у касцёле адбыліся глыбокія змены.

Караль Вайтыла адмовіўся ад шматлікіх рэгаліяў, якія прыраўнаваліся да каралеўскіх, напрыклад, упершыню пачаў ужываць у адносінах да сябе замест займенніка «мы», займеннік «я», таксама адмовіўся ад каранацыі і не насіў папскую тыяру.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ быў адным з самых доўгіх у гісторыі і складаў 26 год і 6 месяцаў.
Адметным элементам пантыфікату Яна Паўла ІІ лічацца паломніцтва ў шматлікія краіны свету, якіх адбылося 104. Сярод краінаў, у якіх не ўдалося пабываць папе знаходзіцца Кітай, Расея, краіны Блізкага Усходу. У спісе Еўрапейскіх краін, дзе не быў Ян Павел ІІ знаходзяцца Беларусь, Малдова, Сербія і Македонія.

Аб тым, што Ян Павел ІІ быў вельмі ўплывовай і папулярнай постаццю сведчыць і той факт, што падчас яго пахавання ў 2005 годзе ў Рыме сабралася акрамя 300 тыс. вернікаў 200 былых і актуальных на той момант кіраўнікоў дзяржаваў, прэм’ер-міністры і прэзідэнты.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара